навіны

Долар абваліўся да мінімуму за амаль два гады: што адбываецца з валютамі ў Беларусі

Пункт абмену валютаў
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

На гандляваннях Беларускай валютна-фондавай біржы 22 красавіка долар ЗША апусціўся да ўзроўню 3,025 рубля – гэта мінус амаль дзве капейкі за дзень. Упершыню з чэрвеня 2023 года амерыканская валюта гандлюецца на такой нізкай адзнацы.

Пункт абмену валютаў у ГУМе. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года. Фота: Белсат

Галоўчанка прызнаўся, што лічыць буйныя пакупкі ў доларах

навіны

Еўра таксама патаннеў – амаль на тры капейкі – і цяпер каштуе 3,46 беларускага рубля.


Расейскі рубель пасля доўгага перыяду ўмацавання таксама здаў пазіцыі: цяпер за 100 расейскіх рублёў даюць 3,67 беларускага.


Асобныя банкі купляюць долары ўжо менш чым за 3 рублі


Курс долара адносна беларускага рубля працягвае зніжацца. Шэраг беларускіх банкаў гатовы купіць амерыканскую валюту ўжо менш за псіхалагічную планку, 3 рублі. Продаж долараў вагаецца ў дыяпазоне 3,02 – 3,04 рубля за адзін долар.

Паводле сайту myfin.by «Сбер Банк» купляе долары за 3,01 і прадае за 3,049. У Банку ВТБ гатовыя купіць амерыканскую валюту за 2,991 і прадаць за 3,023. У «Альфа Банку» за адзін долар плоцяць 3,005 рубля, прадаюць за 3,024.


Усё гэта – наступства макраэканамічных тэндэнцыяў. З пачатку года расейскі рубель узмацніўся да долара больш чым на 30 %, дасягнуўшы максімуму амаль за два гады. А паколькі беларускі рубель прывязаны да валютнага кошыка, у якім 50 % займае расейская валюта, усе ваганні ў Маскве адразу адбіваюцца і ў Менску.


Такія змены ўплываюць на замежны гандаль, цэны на паліва, імпартныя тавары і нават на штодзённае жыццё беларусаў. Эксперты папярэджваюць: падзенне курсу валютаў не азначае росту дабрабыту. Курс можа мяняцца рэзка і непрадказальна, асабліва ва ўмовах эканамічнай нестабільнасці.


Тым часам крэдытны рэйтынг Беларусі стаўся самым нізкім, а ў свеце разгортваецца гандлёвая вайна, ініцыяваная ЗША на чале з Доналдам Трампам.


Што чакае беларускі рубель у кароткай перспектыве?


На думку эканамічнай аглядальніцы, журналісткі Вольгі Лойкі, «большая імавернасць хай на невялікую, але дэвальвацыю. Бо сітуацыя на беларускім рынку пагаршаецца, і неабходна падтрымаць экспарцёраў у Беларусі. На гэта неабходны слабы рубель, каб прадукцыя беларусаў была больш канкурэнтаздольная ў Расеі. Калі танны расейскі тавар кудысьці хлыне, гэта, з найвялікшай імавернасцю, будзе Расея. І таму беларускі тавар там акажацца ў вельмі цяжкай сітуацыі».


Той жа, хто абірае расейскі рубель, мусіць улічваць, што, паводле Лойкі, ён «пераацэнены на 20 %» і цяпер існуе ва ўмовах узмацнення ціску. Таму, найхутчэй, да канца 2025 года яго курс будзе зменшаны: «Не ляснецца, але для беларусаў гэта дастаткова заўважнае змяншэнне».


Раней у каментары «Белсату» эканамістка Анастасія Лузгіна казала, што падзенне долара, у тым ліку да еўра – гэта рэакцыя фінансавых рынкаў на тое, што Доналд Трамп падняў тарыфы на імпартныя тавары з шэрагу краінаў, сярод якіх еўропейскія дзяжавы і Кітай. Тарыфы азначаюць, што пры ўвозе тавараў у ЗША яны абкладаюцца дадатковым падаткам, то бок пакупнікам у ЗША прыйдзецца заплаціць больш.

На гэта адрэагавалі інвестары, якія чакаюць пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы ЗША, што паўплывала на курс долара. «Гэта можа сведчыць аб адтоку фінансавых рэсурсаў з Амерыкі ў сувязі з тым, што для інвестараў павышаецца нявызначанасць і рызыкі, звязаныя з рашэннямі Трампа. Можна падумаць, што тарыфы павінны падтрымаць долар, таму што менш будзе імпарту праз падвышэнне коштаў. Але гэта пад пытаннем, бо рынак прыстасоўваецца», – казала Анастасія Лузгіна.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10