Рэйтынгавае агенцтва «Moodyʼs» захавала крэдытны рэйтынг Беларусі на самым нізкім узроўні, C, са стабільным прагнозам. І не чакае, што пазіцыі нашае краіны найбліжэйшым часам палепшацца.
Агенцтва ўказвае на праблемы Беларусі з выплатамі міжнародных даўгоў, што называецца «падзеяй дэфолту».
«У нашым базавым сцэнары мы чакаем, што санкцыі застануцца ў моцы цягам некаторага часу, што, у сваю чаргу, нанясе доўгатэрміновую шкоду эканоміцы і дзяржаўным фінансам і павысіць рызыкі дэфолту для цяперашніх і будучых выпускаў даўгавых абавязкаў. Мы чакаем, што гандлёвая і фінансавая залежнасць Беларусі ад Расеі яшчэ больш вырасце», – гаворыцца ў справаздачы.
Эксперты падкрэсліваюць, што «крэдытная адзнака заснаваная на агульнадаступнай інфармацыі».
,,«C – самы нізкі рэйтынг у рэйтынгавай шкале «Moodyʼs». І малаімаверна, што рэйтынг Беларусі паднімецца з яго цяперашняй пазіцыі, калі не будуць знятыя санкцыі, што стане ключавой папярэдняй умовай для аднаўлення выплатаў у замежнай валюце для еўрааблігацыяў. Нават у сцэнары, у якім санкцыі будуць знятыя, ліквідная пазіцыя ўраду Беларусі, імаверна, застанецца вельмі слабой, што абмяжуе яго здольнасць абслугоўваць свой доўг», – заявілі ў агенцтве.
Нагадаем, што ўлетку 2022 года «Moody’s» абвясціла, што разглядае выплаты вонкавага доўгу Беларусі ў рублях як дэфолт.
Якуб Хруст belsat.eu