34-гадовага Іллю Жалезнякова дактары тройчы выцягвалі з таго свету на аперацыйным стале. Але жыццё перамагло – у грудзях беларуса ўжо месяц бʼецца новае «маладое сэрца». Падчас тэлефоннай размовы з «Белсатам» Ілля прызнаецца, што пасля выпіскі будзе жыць па-іншаму – дзеля дачкі і каб аддзячыць усім людзям, якія яму дапамаглі. Але нашая дапамога яму патрэбная і сёння.
Беларус Ілля Жалезнякоў 30 дзён жыве з новым сэрцам. 15 сакавіка яму споўнілася 34 гады, а ўжо з самага ранку наступнага дня яго паклалі на аперацыйны стол. Аперацыю трансплантацыі донарскага сэрца Іллю рабілі ў хірургічнай клініцы Варшаўскага медычнага ўніверсітэту, і яна доўжылася амаль двое содняў. З наркозу беларус выйшаў 17 сакавіка. Гэты дзень стаўся для яго другім днём народзінаў.
«Я тры разы паміраў на стале»
«Так, аперацыя ішла доўга. Я амаль двое содняў ляжаў у аперацыйным пакоі. Я тры разы паміраў на стале. Але мяне вярталі. Цяжка ішло. Я не веру, што я жывы», – прызнаецца Ілля, калі сазвоньваемся з ім роўна праз месяц пасля аперацыі.
Ягоны голас пакуль слабы. Мужчына папярэджвае, што не здолее размаўляць доўга – цяжка. Але апавядае, што пакрысе ўжо пачынае хадзіць самастойна (перазвоньваў нам пасля таго, як схадзіў на перавязку). Дактары кажуць, што ўсё ідзе добра, што «ўсё стабільна».
Пра тое, што Іллю тры разы выцягвалі з таго свету падчас аперацыі, яму апавёў пад сакрэтам адзін з работнікаў клінікі.
«Ён гаворыць: за цябе ўсе маліліся тут, ніхто не верыў, што ты выжывеш», – кажа Ілля.
Перад аперацыяй беларуса папярэдзілі: можа здарыцца такое, што не прачнецца. Імавернасць – 20 %. Але на жыццё пакінулі 80 %. Столькі ж было пазначана, як кажа Ілля, у дамове, якую ён падпісаў перад аперацыяй.
Ён прачнуўся…
«Некалькі содняў я чуў галасы блізкіх»
«Калі апрытомнеў, калі вярнуўся да жыцця – усё балела. Было вельмі кепска. Я не разумеў, дзе я і што са мною пасля гэтых наркозаў і ўсяго. І я проста першыя некалькі содняў чуў галасы блізкіх. Нібыта яны недзе побач, за сцяной. І ніякіх думак не было, былі толькі эмоцыі і жаданне як найхутчэй пабачыць блізкіх і дачку», – голас Іллі зрываецца.
Пасля невялікай паўзы выбачаецца і тлумачыць, што пасля ўсяго перажытага зрабіўся занадта плаксівы.

Трохгадовую дачку Ілля не бачыў амаль паўтара года, што, з невялікімі перапынкамі, правёў у розных кардыялагічных цэнтрах. З партнёркай і маці дачкі яны разышліся. Ілля пераехаў са Сьлёнску, дзе раней жыла сям'я, у Варшаву. Жыў у гостэлах, бо здымаць паўнавартаснае жытло з выплатаю грашовага закладу не мела сэнсу: у любы момант маглі выклікаць на аперацыю і давялося б як мінімум два месяцы правесці ў шпіталі.
Ён упэўнены, што дачка вельмі сумуе па ім…
«Я не бачыў, як яна расце. Калі нарадзілася, у нас была цяжкая сітуацыя. Я вельмі шмат працаваў, быў у разʼездах, каб штосьці зарабіць. А працаваў жа ўжо з імплантаваным кардыявертэрам [прыстасаванне для кардыястымуляцыі. – Заўвага рэд.], з гэтым апаратам у сэрцы. І гэтая праца, стрэсы – усё гэта забіла мяне», – падагульняе Ілля Жалезнякоў.
«Адчуваю, што ў грудзях нібыта ўсё сваё. А вось у галаве…»
Да перасадкі сэрца мужчына прайшоў праз некалькі цяжкіх аперацыяў. Калі ў 2022 годзе выявіліся сурʼёзныя праблемы, яму, яшчэ ў Сьлёнску, паставілі кардыястымулятар. Улетку 2024-га яго давялося мяняць на новы, бо стары разладаваўся. Толькі пасля замены дактары зразумелі, што асноўная праблема – у няправільным функцыянаванні аднаго з клапанаў. Але было ўжо запозна. Шанцы на жыццё давала толькі трансплантацыя донарскага органа.
,,«Я адчуваю, што ў грудзях… нібыта ўсё сваё. Як бы нічога такога. А вось у галаве… У галаве гэта ўжо нехта. Хацелася б ведаць – хто. Але баюся, што калі буду ведаць, мне стане яшчэ горш, і я не запытваю пра гэта», – кажа Ілля.
«Мне толькі паведамілі, што я атрымаў новае маладое сэрца: маўляў, не перажывай, не пераймайся – жыві! І ўсё», – дадае наш суразмоўца.
Як бы гэта страшна і цынічна ні гучала, але пачатак вясны – «донарскі сезон», зазначае Ілля. Час, калі гарачыя хлопцы сядаюць на матацыклы…
«Новае польскае сэрца?» – пытаемся.
«Можа быць… Дарэчы, у маім родзе было шмат палякаў. Толькі я чамусьці карту паляка так і не аформіў», – прызнаецца беларус.
«Каб яна ведала, што я жывы…»
Ілля пераехаў з Беларусі ў Польшчу ў 2018 годзе пасля трагедыі, якая напаткала там яго і ягоную першую жонку: смерць немаўлятка, якое пражыло ўсяго 4 дні. Прыехаў у Польшчу ўжо з разбітым сэрцам, і не толькі ў метафарычным сэнсе. Ён працягнуў улюбёную справу – біў татуяванні. Працаваў афіцыйна, плаціў падаткі і меў неабходную страхоўку, каб пакрыць кошт аперацыяў і лекаванне ў шпіталях. Мае часовы від на жыхарства.
«Якое першае тату набʼяце з новым сэрцам?» – задаём пытанне.
«Калі іншаму чалавеку, то тое, што папросіць. Але калі б сабе, то зрабіў бы так: напісаў бы на грудзях "Heart 1.0" і перакрэсліў бы, а побач – "Heart 2.0"», – гаворыць Ілля.
Ён прызнаецца, што вельмі баіцца адчужэння новага сэрца. Баіцца, што не захоча прыжывацца, хоць дактары сцвярджаюць, што ўсё ідзе як мае быць:
«Усё роўна ёсць страх. Я сплю гадзіну, потым прачынаюся, зноў засынаю. Нейкая трывога! Увесь час сніцца дачка і мая былая. Я вельмі хацеў бы, каб усё наладзілася пасля таго, як я ачуняю. А я так баюся не паправіцца…»

З працаю таксама давядзецца наладжваць усё з нуля: аднаўляць уменні і кліенцкую базу. І рабіць усё вельмі асцярожна. Першыя паўгода пасля аперацыі ўвогуле нельга будзе рабіць нешта фізічна.
«Адзінае ведаю, што буду жыць цалкам па-іншаму. Не буду марнаваць часу на тое, каб зарабіць пабольш і як мага хутчэй. Не буду сядзець да ночы з тату, як было раней. Самае позняе – да 19:00, а потым складаю абсталяванне і іду дамоў… Буду жыць толькі дзеля дачушкі. Каб яна ведала, што я жывы, што я ёсць, што я люблю яе. Каб бачыла мяне штодзень, калі так атрымаецца. Буду жыць так, каб быць ёй прыкладам. Каб быць дастойным чалавекам. А яшчэ буду жыць, каб аддзячыць усім людзям, якія мне дапамаглі. Я сапраўды не ведаў, што ў свеце існуе столькі дабра і што нашыя беларусы, хлопчыкі і дзяўчаткі, такія спагадлівыя. Хачу быць годным таго, што яны зрабілі для мяне», – адзначае Ілля
«Хачу, каб людзі ведалі, што існуе дабро»
З лета 2024 года, калі Ілля ўжо быў у шпіталі, ён зрабіў некалькі публікацыяў у суполцы «Беларусы ў Варшаве» з просьбаю пра дапамогу. Адгукнулася шмат асобаў, сцвярджае Ілля. Перадавалі ваду і ежу, пераводзілі грошы.
Але былі і такія, што пісалі ў каментарах: «Вады з крана папі…»
Мужчына прызнаецца таксама, што пасля перасадкі сэрца змянілася ягонае стаўленне да медыяў. Ён мяркуе, што медыі, замест таго каб звярнуць увагу на тое, што чалавек просіць падтрымаць, чакалі, ці выйграе ён бой са смерцю.
«Калі б я памёр, ніхто б, хутчэй за ўсё, не звярнуў увагі. А калі я перамог і допіс выставіў, што я малайчына, – адразу пачалося: о, цікавы выпадак – беларусу перасадзілі сэрца. Гэта непрыемна… А з другога боку, я не магу адмовіцца ад інтэрв'ю хаця б таму, што хачу, каб людзі ведалі, што існуе дабро, што існуюць цудоўныя людзі, і дзякуючы ім, зусім незнаёмым асобам, я ўсё яшчэ на гэтым свеце», – дзеліцца Ілля Жалезнякоў.

Ілля ўпэўнены, што медыям трэба часцей пісаць пра асобаў, якім сапраўды патрэбная дапамога. Спрабаваць пачуць гэты крык пра дапамогу ў няспыннай плыні інфармацыі. Заклікаць дапамагаць тым, хто трапіў у бязвыхадную сітуацыю. Бо шмат хто не атрымлівае дапамогі, у якой маюць патрэбу. Апавядае пра беларуса, з якім паспеў пазнаёміцца ў прыёмным пакоі шпіталю. Хлопец працаваў у Варшаве ў дастаўцы без дамовы і быў збіты на скутары.
«Ён таксама публікаваў пасты ў Facebook, але ніхто не рэагаваў. У выніку ягоная рука атрафавалася. Страшна, што такое перастаюць заўважаць і праходзяць міма. Гэта няправільна», – гаворыць Ілля. Кантакту хлопца ён, на жаль, не мае.
Беларус паўтарае: «Я хачу дапамагаць. У мяне столькі ідэяў! Я прайшоў праз гэта ўсё і ведаю, як гэта нязручна, некамфортна і балюча. І калі ў мяне зʼявіцца магчымасць, я хачу як мага хутчэй прыступіць да справы і дапамагаць іншым. Я не разумею, чаму людзі не прыдумляюць нічога новага, не вынаходзяць, а калі і вынаходзяць, то гэта чамусьці недаступна. Не ведаю дакладна, якім чынам, але я хачу дапамагаць».
Марыць пра боршч і піцу
Ілля Жалезнякоў прабудзе яшчэ як мінімум месяц у шпіталі. Па выпісцы распачне другое жыццё. З новым сэрцам. І з нуля. Без нашай дапамогі гэта будзе цяжка рабіць – спатрэбяцца грошы на жытло, лекі і паўгода спакою.
Візіты да Іллі пакуль забароненыя. Але праз медсястру можна перадаць вады (негазаванай, лепей высокамінералізаванай). Марыць таксама пра кавалачак піцы і боршч. Будзе шчаслівы, калі на Вялікдзень хто-небудзь прынясе некалькі фарбаваных яек.
Ілля Жалезнякоў цяпер у клініцы хірургіі Варшаўскага медуніверсітэту на вуліцы Стэфана Банаха 1А (Klinika chirurgii WUM, ul. Stefana Banacha 1A, blok B, Kardiochirurgia, odcinek C. Pacjent Ilya Zhaliazniakou, sala 1). Ілля кажа, што, каб не заблукаць, прасцей будзе на падыходзе пазваніць яму на нумар 576 888 230.
На гэты ж нумар можна зрабіць грашовы перавод праз BLIK. Гэта ўжо не ягоная просьба. Але мы ўпэўненыя, што ахвяраванні будуць яму вельмі патрэбныя. Каб жыць далей.
Зміцер Міраш belsat.eu