Рэпартаж

«Я ўжо двойчы яе прадказаў». Аўтар славутага раману «Сабакі Еўропы» прадракае яшчэ адну вялікую вайну

Сустрэча з пісьменнікамі Альгердам Бахарэвічам і Юліяй Цімафеевай у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 8 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Сустрэча з пісьменнікамі Альгердам Бахарэвічам і Юліяй Цімафеевай у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 8 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

«Вайна непазбежна будзе. Я ўжо двойчы яе прадказаў, і яна пачыналася… Гэта абавязкова здарыцца. Я вам гэта абяцаю», – казаў падчас аўтарскай сустрэчы ў Варшаве 8 красавіка аўтар «Сабакаў Еўропы» пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. На Захадзе ягоны славуты раман называюць прарочым. Сёлета пераклад «Сабакаў Еўропы» на нямецкую мову атрымаў прэстыжную прэмію «За еўрапейскае ўзаемапаразуменне» на Ляйпцыгскім кніжным кірмашы. «Белсат» пабываў на аўтарскай імпрэзе ў Варшаве з удзелам Альгерда Бахарэвіча і паэткі Юліі Цімафеевай.

Пісьменніца Ева Вежнавец прамаўляе падчас прэзентацыі польскага перакладу яе кнігі «Па што ідзеш, воўча?». Варшава, Польшча. 13 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат

«Кніжка ўсіх беларусаў». Ева Вежнавец прэзентавала ў Варшаве пераклад свайго рамана «Па што ідзеш, воўча?» на польскую мову

Рэпартаж

Аўтарская сустрэча з пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам і паэткай Юліяй Цімафеевай адбылася 9 красавіка ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве. Вітаючы прысутных (зала запоўненая да краёў) выдавец Андрэй Янушкевіч заўважае, што спатканне гэтае «эксперыментальнае», бо арганізатары пастанавілі яго манетызаваць (уваходны квіток каштаваў 50 злотых).

«Мы даўно хадзілі з ідэяй, што нашых пісьменнікаў, асабліва вядомых і знакамітых на ўвесь свет, трэба больш цаніць і надаваць ім больш увагі», – патлумачыў Андрэй Янушкевіч.

Паслухаць пісьменнікаў сабралася больш за паўсотню беларусаў. Размову мадэравала літаратуразнаўца і перакладчыца Марына Казлоўская. Адказы на яе пытанні чаргаваліся з чытаннем літаратурных твораў. Альгерд Бахарэвіч агучваў урыўкі са сваёй апошняй кнігі «Папяровы голем», а Юлія Цімафеева чытала вершы з кнігі «Кровазварот», якая мае выйсці ў траўні ў выдавецтве «Янушкевіч», а таксама вершы з будучай кнігі калажаў, якая назвы пакуль не мае.


«Колькі гадоў мы да гэтага ішлі!»


«Беларуская літаратура нікому не цікавая на Захадзе. А калі ўсё ж яны вырашаюць нас чытаць, мы цікавыя ім толькі як ахвяры або як сведкі», – цытуе вядоўца ўрывак з «Папяровага голема». Ці можна казаць, што нешта змянілася ў стаўленні да беларускай літаратуры, калі прэстыжную прэмію Ляйпцыгскага кніжнага кірмашу еўрапейцы ўручаюць менавіта беларускаму пісьменніку? Пытанне да Альгерда Бахарэвіча.

«Напісаў гэта ў «Папяровым големе», калі не ведаў яшчэ пра прэмію і маё прызнанне. Але я і сёння мог бы гэта паўтарыць», – адказвае пісьменнік.


Сустрэча з пісьменнікамі Альгердам Бахарэвічам і Юліяй Цімафеевай у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 8 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Сустрэча з пісьменнікамі Альгердам Бахарэвічам і Юліяй Цімафеевай у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 8 красавіка 2025 года. Фота: Белсат

На думку Альгерда Бахарэвіча, ад беларускай і ўсходнееўрапейскай літаратуры на Захадзе заўсёды чакалі скаргаў. Чакалі, што пісьменнікі «адтуль» будуць расказваць, якія яны няшчасныя: увесь час рэпрэсіі і дыктатуры. Або цікавіліся гэтымі пісьменнікамі як сведкамі – дакументалістамі, і менавіта адсюль – прызнанне Святланы Алексіевіч. Нобэлеўская прэмія была ўручаная пісьменніцы не за раман ці паэзію, а за дакументальныя творы, падкрэслівае Бахарэвіч.

«Але мы 10-годдзямі змагаліся за тое, каб быць цікавымі на Захадзе не толькі праз гэта, не толькі як пісьменнікі, якія ўвесь час скардзяцца і апісваюць нейкія жахі. Мы найперш павінны быць для іх цікавыя як творцы, як чараўнікі, як стваральнікі сусветаў. Як людзі якія могуць сапраўды штосьці прыўнесці ў гэтую вялікую еўрапейскую літаратуру…» – гаворыць Альгерд Бахарэвіч.


Літаратура, сцвярджае пісьменнік, заўсёды «штосьці большае за звычайныя прымітыўныя сведчанні», «нешта большае за скаргу».

,,

«Калі ты мастак – ты адчуваеш сябе мастаком. І ты мусіш заўсёды змагацца за сваю бачнасць, змагацца за чутнасць. І фактычна гэтая прэмія – маленькая перамога ў гэтым змаганні. Нарэшце я прыйшоў да таго, што мяне ўспрынялі не як ахвяру і не як сведку. Успрынялі як пісьменніка, роўнага нямецкім, польскім і іншым еўрапейскім пісьменнікам. Гэта вынік вельмі доўгага шляху і вельмі ўпартага змагання… І «Сабак Еўропы» чытаюць сёння не як скаргу і не як сведчанне – яе чытаюць як раман. Колькі гадоў мы да гэтага ішлі!» – падсумаваў пісьменнік.


«Еўропа заканчваецца на ўсходніх межах Беларусі»


Пераклад раману «Сабакі Еўропы» на нямецкую мову, адзначаны прэміяй Ляйпцыгскага кніжнага кірмашу, быў зроблены Томасам Вайлерам. Перакладчык працаваў над раманам тры гады. Як заўважыў Альгерд Бахарэвіч, – утрая даўжэй за тэрмін, які быў патрэбны для напісання самога раману (быў выдадзены ў 2017 годзе). Томас Вайлер – таксама перакладчык зборніку ўспамінаў «Я з вогненнай вёскі», які сёлета ў Ляйпцыгу быў прызнаны найлепшым перакладам. Такім чынам, прэміі здабылі пераклады адразу дзвюх беларускіх твораў. Такога яшчэ ніколі не было.

«Гэта быў наш кірмаш!» – жартуе на гэты конт Альгерд Бахарэвіч.

Адзначым таксама, што ў 2025 годзе мае з'явіцца і польскі пераклад «Сабакаў Еўропы».

Адказваючы на пытанне мадэратаркі, што ж такое Еўропа, Бахарэвіч прызнаецца, што яго заўсёды злавала, калі ў беларускіх медыях гучалі фармулёўкі кшталту «ён зʼехаў з Беларусі ў Еўропу».

«Беларусь – гэта Еўропа. Толькі – іншая. Гэта не Азія і не Афрыка. Еўропа – гэта, па-першае, непазбежнасць. У Беларусі толькі два шляхі: або з беларускай мовай – у Еўропу, і гэта вяртанне ў Еўропу, а не тое што мы мусім прасіцца туды, або – у расейскі рай, у расейскую імперыю без беларускай мовы. І гэта растыражаванае глупства, што ў нейкіх краінах можа быць свой асобны шлях, так званы трэці шлях. Трэцяга шляху не існуе. Гэта ўсё выдумка. Ты або ідзеш туды, дзе цывілізацыя і свабода, або ідзеш у рабства і імперыю. Еўропа заканчваецца на ўсходніх межах Беларусі, культурна, моўна, ва ўсіх аспектах», – сцвярджае Альгерд Бахарэвіч.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

«Еўропа – гэта наш дом. Іншая рэч – хто мы ў гэтым доме? А мы ў гэтым доме – прывід, які блукае па пакоях. Ён як бы ёсць, і яго як бы і няма. Яго чуваць толькі ў еўрапейскіх прыцемках… Беларусы ў Еўропе – гэта мы, і мы ператвараем гэты прывід у паўнавартаснага жыхара. Не толькі пісьменнікі – кожны з нас! Вы ўсе на гэтай сустрэчы. Вы ўсе ў дадзены момант вяртаеце Беларусь у Еўропу…» – запэўнівае Бахарэвіч.

«Сцвярджэнне сваёй еўрапейскасці нават на ўзроўні мовы – гэта вельмі важна», – дадае ён.


«Да таго моманту, пакуль я пішу і размаўляю па-беларуску, – я дома»


Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева з'ехалі з Беларусі ў лістападзе 2020 года. Як кажа Юлія, – толькі дзякуючы «чуйцы» і інтуіцыі яе мужа, які заўсёды тонка адчувае, калі трэба ўцякаць («Напэўна, таму, што я з Шабаноў, там гэтая якасць была вельмі важная для выжывання», – жартуе пазней Бахарэвіч).

Калі Юлію просяць распавесці пра свой досвед эміграцыі і пра тое, як гэты досвед змяніў яе, паэтка звяртаецца да метафары дрэва з абсечанымі сукамі.

«Гэта такі працэс, які працягваецца пастаянна. Альгерд пісаў, што пісьменнік адчувае сябе ў экзылі як дзіця. А для мяне бліжэйшыя метафары раслін. І для мяне гэта падобнае на тое, як у Беларусі, ды і ў Нямеччыне, дрэвам абсякаюць галіны, і яны стаяць з гэтымі абрубкамі. І гэтыя дрэвы мусяць выпусціць з сябе новыя галіны. Хочуць яны гэтага ці не хочуць – ты мусіш расці. Для мяне выгнанне – гэта рост, якога ты не хочаш. Рост, да якога цябе змушаюць абставіны», – прызнаецца Юлія Цімафеева.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

У сваю чаргу, Альгерд Бахарэвіч заяўляе, што яму насамрэч не так важна, дзе ён знаходзіцца фізічна.

«Я пісьменнік, я буду пісаць кніжкі, дзе б я ні апынуўся. Магу пісаць і ў Нямеччыне – прастора не мае значэння. Я адчуваю сябе чалавекам свету. Мы жывём насамрэч не ў дзяржавах, не ў краінах і гарадах – мы жывём у культуры. І вось гэта тое месца, дзе ты мусіш увесь час задумвацца пра сваю ідэнтычнасць. Краіну можна змяніць, але ўнутры цябе не так шмат зменіцца. Я «папяровы голем», я чалавек з паперы, я жыву літаратурай. Для мяне важная мова. Банальнасць, але я заўсёды кажу: радзіма пісьменніка – гэта ягоная мова. Да таго моманту, пакуль я пішу і размаўляю па-беларуску, – я дома. Дзе б я ні быў», – кажа Бахарэвіч, і перапоўненая зала праз секунду выбухае воплескамі.


«Вайна будзе, і мы мусім да яе рыхтавацца…»


Размова з пісьменнікамі выглядае шчырай і не змушанай, гучаць жарты і смех (асабліва калі Юлія Цімафеева спрабуе намаляваць слоўны партрэт свайго мужа: «Што такое быць Бахарэвічам?»).

Але гучаць у гэты вечар і страшныя прадказанні. «Адно з самых папулярных пытанняў, якое мне задаюць у Нямеччыне: «Як вы маглі прадказаць у рамане «Сабакі Еўропы» гэтую вайну і наступ расейскай імперыі на ўвесь цывілізаваны свет?» Мне давялося выступаць у ролі ледзьве не прарока. Ды і гэты раман называюць «прароцкім». Дык я кажу: я не прарок, і гэта не прароцтва, гэта проста адсутнасць ілюзіі. У мяне ніколі не было ілюзіі адносна Расеі. Я не разумеў, як у людзей могуць быць такія ілюзіі», – дзеліцца Бахарэвіч.

Фота: Белсат
Фота: Белсат
Пісьменнік Павел Анціпаў на прэзентацыі кнігі «‎Куда-нибудь приезжать что-нибудь делать и уезжать» у варшаўскай кнігарні Bukinistka. Варшава, Польшча. 15 лютага 2025 года. Фота: Белсат

«Наўрад ці яна выкліча яшчэ большы скандал…» Павел Анціпаў прэзентаваў у Варшаве сваю новую кнігу

Рэпартаж

Да праблемы ілюзіяў пісьменнік змушаны будзе вярнуцца напрыканцы спаткання, адказваючы на пытанне з залы пра «галоўныя ілюзіі Захаду што да пуцінскай Расеі».

«Галоўная сёння ілюзія ўмоўнага Захаду ў тым, што пуцінская Расея дзейнічае рацыянальна. Гэта даўняя гістарычная памылка заходняй цывілізацыі і заходніх палітыкаў. Нават не ў XX стагоддзі ўсё пачалося, а значна раней. Захад са сваёй верай у розум і прагрэс сыходзіць з таго, што ў Пуціна ёсць нейкія стратэгіі. Што гэты «расейскі рай» і гэты расейскі нацызм выбірае стратэгіі. Але гэта імперыя нерацыянальная! Гэта імперыя жывіцца фанатызмам. Салдаты і генералы дзейнічаюць не ў імя стратэгічных перамогаў на фронце – там значна ўсё сур'ёзней і страшней. Там – вера ў вялікую місію Расеі, у Маскву як трэці Рым, у тое, што Расея зменіць свет пад сябе. І што самае страшнае для нас, для еўрапейцаў, – там няма каштоўнасці чалавечага жыцця. У расейскім светаўспрыманні чалавек нічога не значыць», – разважае Альгерд Бахарэвіч.

Паводле аўтара «Сабакаў Еўропы», на Захадзе гэта не разумеюць, і многія дагэтуль вераць, што калі сёння з Пуціным дамовіцца, то заўтра вайна скончыцца. Але гаворка ўжо пра «новую рэлігію», пра веру ў місію: Пуцін, калі і разумее, што неўзабаве памрэ, то ўсё адно верыць, што ягоная справа працягнецца ў будучыні.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

«Вельмі важна сёння данесці гэта палітыкам на Захадзе, каб яны разумелі ўсю глыбіню гэтага фанатызму і ўсю пагарду да чалавечага жыцця, да годнасці і свабоды… Я лічу што вайна непазбежна будзе. Я ўжо двойчы яе прадказаў, і яна пачалася. Вайна будзе, і мы мусім да яе рыхтавацца… Гэта будзе вайна, якая імгненна ўцягне ў сябе вялізныя тэрыторыі, вялізныя чалавечыя супольнасці. Гэта абавязкова здарыцца. Я вам гэта абяцаю», – прадракае Альгерд Бахарэвіч.

Аўдыторыя пагружаецца ў напружанае маўчанне, і вядоўца з усмешкай патрабуе перабіць тэму. Бахарэвіч адкашліваецца. Варшаўскія беларусы пытаюцца пра іншае…

«Варшава – вялікая гульня ў Беларусь…» – напісаў Альгерд Бахарэвіч у сваім пераліку гарадоў з «Папяровага голему». Гэтую нататку ён таксама прачытаў падчас аўтарскага спаткання.

Сустрэча з Альгердам Бахарэвічам і Юліяй Цімафеевай у Музеі вольнай Беларусі доўжылася больш за дзве гадзіны. Пасля імпрэзы можна было
набыць кнігі аўтараў і атрымаць запаветныя аўтографы.

Зміцер Міраш
belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10