«Ці не чакаеш ты, што твая новая кніжка выкліча яшчэ большы скандал, чым папярэдняя?» – пытаюцца ў пісьменніка Паўла Анціпава. «Не, наўрад ці. І калі шчыра, мне здаецца, я даволі клапатліва стаўлюся да сваіх герояў», – адказвае аўтар. 15 лютага Павел Анціпаў прэзентаваў у Варшаве свой новы раман «Куда-нибудь приезжать что-нибудь делать и уезжать», які з'явіўся на пачатку 2025 года ў выдавецтве «Мяне няма». «Белсат» схадзіў на прэмʼеру кнігі.
Прэзентацыя адбылася ў невялікім памяшканні кнігарні «Bukinistka» (яшчэ адно кніжнае месца для эмігрантаў з Беларусі) на варшаўскім Старым Жалібожу. Паліто і зімовыя пухавікі наведнікаў падалі з вешалак, бо кручкі не вытрымлівалі нагрузкі. Некалькі разоў у пакоі гасла святло. На імпрэзу сабралася каля 40 чалавек.
«Для мяне было важна пакінуць у тэксце сапраўдныя імёны»
Пытанне аўтару пра патэнцыйную скандальнасць яго «лірычнага постфікшана» (так выдавецтва акрэсліла жанр раману) задае расейскі паэт і перакладчык Ігар Бялоў – мадэратар дыскусіі.
,,«Увогуле, я ж насамрэч усю любоў укладаў у сваіх герояў. І нават калі, можа быць, для кагосьці яны будуць выглядаць раптам прыкра, то мне яны ўсе падабаюцца. І даволі дзіўна гэта ўсё… У гэтым якраз прыкол аўтабіяграфічнай прозы – яна не ёсць літаратурай факту. Гэта такі свет, якім я яго пабачыў, і як, у згодзе са сваёй ідэяй, яго змяніў. Вось і выйшла такая кніжка», – тлумачыў чытачам Павел Анціпаў.
Каб было зразумела, героямі кнігі Анціпава становяцца рэальныя – і вельмі вядомыя – асобы ў пісьменніцкім і інтэлектуальным свеце Беларусі, і не толькі: Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Святлана Алексіевіч, Марыя Мартысевіч, Валянцін Акудовіч, Юлія Слуцкая, Павел Шарамет, Франак Вячорка ды іншыя. Імёнаў аўтар не змяняе. З гэтага – і «патэнцыял скандалу», пра які пытаецца Ігар Бялоў. Ён, дарэчы, таксама стаўся персанажам кнігі Паўла Анціпава.
«Я вельмі хацеў бы, каб мая кніга перасягнула гэтае кола чытачоў, якія асабіста ведаюць маіх герояў. І я спадзяюся, што ў маёй кнізе ёсць нешта ўніверсальнае, што будзе важным для многіх чытачоў, і ім будзе ўсё адно, як звалі таго ці іншага чалавека насамрэч, гэтак ці інакш. Але для мяне было важна пакінуць у тэксце сапраўдныя імёны», – гаворыць Павел Анціпаў.

«Як толькі я дазволіў сабе пісаць кепска, я здолеў напісаць добра»
«Куды-небудзь прыязджаць што-небудзь рабіць і зʼязджаць» («Куда-нибудь приезжать что-нибудь делать и уезжать») – чацвёртая кніга Паўла Анціпава. Да гэтага ён напісаў аповесць «Дыпломная праца», раманы «Вярхом на зорцы» і «Кароткая гісторыя прэміі Г. Таксічны раман». Апошні, цалкам апублікаваны ў 2019 годзе, сапараўды выклікаў скандал. Павел Анціпаў быў звольнены з ПЭН-цэнтру, дзе з 2013 года працаваў першым намеснікам старшыні гэтай пісьменніцкай арганізацыі.
У сваёй новай кнізе Павел Анціпаў піша пра Беларусь «дзесяцігадовай даўніны» (да 2013 года), у тым ліку пра падзеі Плошчы 2010 года.
Як заўважыў падчас прэзентацыі Ігар Бялоў, назва раману «Куда-нибудь приезжать что-нибудь делать и уезжать» «вельмі дакладна адлюстроўвае тое, што ў ім адбываецца», бо «герой сапраўды пастаянна перамяшчаецца ў прасторы і штосьці робіць, а потым пакідае гэтае месца»: Менск, Масква, Варшава, Кіеў, Кактэбель, Берлін ды іншыя гарады.
«Кніга пісалася ў Менску і на некалькіх пісьменніцкіх рэзідэнцыях. І напісанне гэтай кнігі заняло ў мяне чатыры гады – з 2020-га да 2023-га. А калі казаць пра самую тэхніку пісання, то мне падаецца, што на гэтай кнізе я наагул навучыўся пісаць кнігі», – прызнаецца аўтар.
Павел Анціпаў гаворыць, што вельмі цяжка далося «знаходжанне голасу», якім хацелася апавядаць. Кажа, што «занадта пераціскаў сябе» і «занадта сур'ёзна ставіўся да пісьменніцтва, мяркуючы, што кожны радок павінен быць стылістычна бездакорным, быць дыяментам».
,,«Як толькі я дазволіў сабе пісаць кепска, я здолеў напісаць добра», – дзеліцца пісьменніцкімі сакрэтамі аўтар.
«Я буду рады любой інтэрпрэтацыі гэтага тэксту»
Але сакрэт аўтарства загалоўку кнігі не раскрывае. Ведаем толькі, што «Куда-нибудь приезжать что-нибудь делать и уезжать» – гэта цытата з вершу (у арыгінале і ў назве кнігі – без коскі), аўтара якога не ведае нават «Google». Паэт Ігар Бялоў агучыў на сустрэчы сваю версію, але Павел Анціпаў толькі хітра на гэта пасміхаўся.
«Не ведаю, ці ўвогуле трэба раскрываць таямніцу назвы. У маёй кнізе ёсць і вымысел, гэта не проста аўтабіяграфія. І гэтага паэта, канешне ж, проста не існуе», – запэўнівае аўтар рамана.
«Ну добра, «куды-небудзь прыязджаць, што-небудзь рабіць і зʼязджаць». А з якога-небудзь месца зʼязджаць не хацелася? І ці было такое, каб куды-небудзь прыехаў – і нічога не рабіў?» – задае каверзнае пытанне адзін з чытачоў.
Павел Анціпаў робіць доўгую паўзу.
«Ну… У нейкі момант хочацца зʼехаць з любога месца. А наконт «нічога не рабіць», дык гэта таксама справа», – пасміхаецца Павел.

Прысутных на прэзентацыі цікавіла таксама, як аўтар сам ацэньвае свайго лірычнага героя, які ў дачыненні да рамантычных партнёрак праяўляе спажывецкае стаўленне («Ён проста стараўся расказаць, што ў яго на душы. Спажывецкае?.. Трэба падумаць, адразу не адкажу…»). Пыталіся, ці выдавецтва «Мяне няма», якое заснаваў Павел Анціпаў, карыстаецца з грантаў («Не, мы існуем выключна за кошт чытачоў, якія купляюць нашыя кнігі»). Запытваліся пра наклад, якім выдадзены гэты раман: 500 асобнікаў, і больш за палову ўжо прададзена (кошт кнігі – 60 злотых, то бок крыху меней за 15 еўра).
«Я буду рады любой інтэрпрэтацыі і любой трактоўцы гэтага тэксту», – запэўніваў аўтар, адказваючы на пытанне, ці важныя для яго водгукі звычайных чытачоў.
«Трэба, каб гадоў 10 пасля пачатку вайны прайшло, каб нешта асэнсаваць»
Павел Анціпаў паспрабаваў таксама адказаць на крытыку, штр прагучала ў рэцэнзіі на кнігу Зосі Лугавой, якая, разбіраючы фрагмент, прысвечаны Валошынскаму фестывалю ў Кактэбелі («Крым быў украінскім, але выглядаў, як рускі…»), пытаецца ў аўтара: «Навошта гэта ўсё цяпер?». «Падкрэсленае ігнараванне парадку дня? Маўляў, вайна вайной, а літаратура – гэта іншае?» – пісала Лугавая.
«Сапраўды, як ты цяпер адказваеш на гэтае пытанне?» – падштурхоўваў пісьменніка на «тонкі лёд» Ігар Бялоў.

Павел Анціпаў бараніўся Міхаілам Зошчанкам, які сваю аўтабіяграфічную аповесць «Перад узыходам сонца» пачаў пісаць у самы разгар Другой сусветнай вайны, спадзеючыся, што, калі вайна скончыцца, кніга ўсё роўна застанецца патрэбнай людзям.
«На жаль, я даволі марудна пішу, і я апісваю падзеі, якія адбыліся 10 гадоў таму. Так, я не магу хутка перастроіцца. І мая задача як пісьменніка палягала ў тым, каб зразумець свет, у якім я жыў тады», – тлумачыў пісьменнік.
На пытанне мадэратара, ці збіраецца ён нейкім чынам асэнсаваць «сённяшнюю рэчаіснасць» – беларускія пратэсты 2020 года і вайну ва Украіне, аўтар адмоўна хістае галавой.
,,«Я ж не ведаю, што я буду асэнсоўваць далей. Трэба, каб гадоў 10 пасля пачатку вайны прайшло, каб нешта асэнсаваць. Я так пішу. Звычайна мае прайсці гадоў 10, перш як напішу», – адказвае Павел Анціпаў.
«Наш пераломны перыяд»
Што тычыцца беларускіх пратэстаў 2020 года, то Павел Анціпаў прызнаўся ў размове з «Белсатам» пасля прэзентацыі, што ўжо думае над тым, як апісаць у сваёй будучай кніжцы «наш пераломны перыяд». На ягоную думку, ён пачаўся яшчэ ў 2014-м – з акупацыі расейцамі Крыму.
«І мы зараз у тым месцы, у якім ёсць, таму што менавіта тады пайшоў іншы час. У 2014 годзе гэта яшчэ не было заўважна, але цяпер ужо зразумела», – зазначае пісьменнік.
Наступная кніга, пра якую кажа Павел Анціпаў, таксама задумваецца ў жанры постфікшн. Але, як заўважае наш суразмоўца, яе герой будзе, магчыма, ужо не такі падобны да самога аўтара.
Павел Анціпаў нарадзіўся ў Менску ў 1981 годзе. Вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. З 2013-га да 2019 года – віцэ-прэзідэнт Беларускага Пэн-цэнтру. Аўтар чатырох кніжак прозы, галоўны рэдактар «Litradio» і заснавальнік выдавецтва «Мяне няма» ў Варшаве. Апошнюю кнігу аўтара «Куда-нибудь приезжать что-нибудь делать и уезжать» можна замовіць на сайце выдавецтва або набыць у кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве.
Зміцер Міраш belsat.eu