Рэпартаж

Бахарэвіч: «Адбываюцца тэктанічныя зрухі ва ўспрыманні заходнімі еўрапейцамі нашай культуры»

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч прамаўляе падчас канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі» ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч прамаўляе падчас канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі» ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 7 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Кафедра Беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту правяла 7 красавіка канферэнцыю на тэму беларускай мовы і беларуска-польскіх стасункаў. Асобная секцыя канферэнцыі была прысвечаная творчасці беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча, які прыехаў з Ляйпцыгу з чарговай узнагародай.

На ўступным слове ў пачатку канферэнцыі Альгерд Бахарэвіч адзначыў, што сёлета на прэстыжным Ляйпцыгскім кніжным кірмашы ўпершыню ў гісторыі дзве з чатырох прэміяў атрымалі кнігі беларускіх аўтараў. Сам ён атрымаў прэмію «За еўрапейскае ўзаемапаразуменне» за раман «Сабакі Еўропы» (у перакладзе на нямецкую Томаса Вайлера – «Europas Hunde»). А пераклад таго ж Вайлера дакументальнага зборніка ўспамінаў «Я з во́гненнай вёскі…» (па-нямецку «Feuerdörfer») быў адзначаны як найлепшы пераклад.

«Я заўсёды кажу: што такое Еўропа, залежыць ад таго, на якой мове мы гаворым і адкуль мы гэта гаворым, – сказаў Бахарэвіч. – І што такое беларуская літаратура, беларуская культура, таксама залежыць ад таго, на якой мове і адкуль мы пра гэта гаворым».

,,

«Жывучы ў Нямеччыне і іншых нямецкамоўных краінах, я бачу, што цяпер адбываюцца проста тэктанічныя зрухі ва ўспрыманні заходнімі еўрапейцамі нашай мовы, нашай культуры, нашай літаратуры». 


Доктар Антон Сайфуллаеў зачытвае рэферат «Problem (nie)wiedzy o Białorusi na Zachodzie» на канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі» ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 7 красавіка 2025 года. Фота: Белсат

Чаму Захад не разумее Беларусь? Пра яе расказваюць каланіяльнымі наратывамі

навіны

«Людзі проста адкрываюць для сябе існаванне агромістага кантыненту пад назвай „Беларуская літаратура“, „Беларуская культура“, „Беларуская мова“». 

У Польшчы, адзначыў Бахарэвіч, трэба значна менш тлумачыць, хто такія беларусы, адкуль і што робяць. Але і ў Польшчы ён бачыць шмат працы, шмат таго, што беларусам трэба расказаць пра сябе.

«Мы цяпер апынуліся ў такой сітуацыі даволі парадаксальнай, – працягвае Бахарэвіч. – З аднаго боку, беларуская культура існуе ў выгнанні, мы жывем у розных краінах, нам цяжка. Сітуацыя заўсёды была цяжкая ў беларускай літаратуры, а цяпер яна цяжкая, магчыма, як ніколі. З другога боку, гэта адкрывае для нас абсалютна новыя магчымасці. І было бы проста глупствам не карыстацца гэтымі магчымасцямі. Цяпер мы можам праўда сказаць пра сябе вялікаму свету, хто мы такія. Ёсць увага, ёсць зацікаўленасць, ёсць пераклады».

Цяперашнюю сітуацыю з беларускай літаратурай Бахарэвіч разглядае як унікальную магчымасць параўнаць досведы: з Нямеччыны ён бачыць свет так, з Польшчы беларусы бачаць свет інакш. 

Акрамя таго, цяпер Еўропа апынулася перад двума выклікамі: з аднаго боку Расея і пуцінская імперыя, з другога боку Злучаныя Штаты.

,,

«Сёння, мне здаецца, літаратура можа зноў штосьці сказаць, – перакананы Бахарэвіч. – Літаратура робіцца важнай не толькі для беларусаў, для палякаў… Робіцца важнай для такой агульнаеўрапейскай ідэнтычнасці, якой яна была важнай у XX стагоддзі». 


«І вельмі хочацца, каб часткай гэтай агульнаеўрапейскай ідэнтычнасці была таксама беларуская нацыянальная ідэнтычнасць. І мы сапраўды можам сёння штосьці ў гэтым напрамку зрабіць».


Як даследавалі Бахарэвіча


Творчасці Бахарэвіча прысвяцілі адну з пяці секцыяў канферэнцыі. Аўтар сам прысутнічаў на прэзентацыі дакладаў і адказваў на пытанні пра тое, што пісаў. 

Катажына Дрозд-Урбаньска
з Варшаўскага ўніверсітэту расказала пра еўрапейскі кантэкст твораў Бахарэвіча і пра сітуацыю ў беларускай літаратуры, савецкую і сучасную цэнзуру, пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і пратэсты 2020 года.

Сярод іншага Дрозд-Урбаньска закранула тэму прасторы ў творчасці Бахарэвіча. Аўтар казаў, што не можа даць навуковых тлумачэнняў таму, як прастора працуе ў ягоных творах: ён пісьменнік, а не даследчык літаратуры, не мае метадалогіі, а працуе «як чараўнік».

Бахарэвіч расказаў, што нарадзіўся ў Дражні – фактычна, вёсцы пад менскім Трактарным заводам. Нарадзіўся як бы ў сталіцы, але на вуліцах з козамі і свіннямі. У 1980-х бацькі пераехалі ў Шабаны – «індустрыйнае гета» на самай ускраіне Менску. Ён лічыць свой выпадак нетыповым: іншыя літаратары або з вёскі, або з гарадской інтэлігенцыі. Таму адчувае сябе асобным ад «традыцыйнай» беларускай літаратуры. Ягонае асяроддзе не мела ніякіх кропак сутыкнення з культурай, усе аднакласнікі зрабіліся міліцыянтамі, рабочымі, ахоўнікамі… Увесь час ён адчуваў сябе чужым у гэтай прасторы, змагаўся з ёй, марыў вырвацца. Гэта, лічыць Бахарэвіч, паўплывала на ягоную творчасць: мастацтва стала шляхам уцячы, «з Шабаноў глядзеў у Еўропу». Сваю прастору ён бачыць не ў рэальнасці, а ў літаратуры: найперш стаў «жыць там», а толькі потым атрымаў адчуванне таго, што Менск варты таго, каб пра яго расказаць.

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч падчас канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі» ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 7 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч падчас канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі» ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 7 красавіка 2025 года. Фота: Белсат

Сяргей Кавалёў з Універсітэту Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне адзначыў, што любіць Бахарэвіча не толькі як празаіка, але і як эсэіста: бачыць шмат цікавых думак, з якімі хочацца згаджацца ці спрачацца. Ён звярнуў увагу на менш вядомую кнігу Бахарэвіча: «Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры». Кніга прапануе «блуканні, вандроўку, шпацыр па беларускай літаратуры, але на мапе Парыжу». Бахарэвіч у ёй крытыкуе беларускіх савецкіх пісьменнікаў і паэтаў, якія бывалі ў Парыжы, і лічыць Максіма Багдановіча «самым французскім» і «самым парыжскім» з беларускіх паэтаў, хоць Багдановіч у Францыі не паспеў пабываць. Кавалёў адзначае, што савецкія пісьменнікі былі вымушаныя «адпрацоўваць камандзіроўку»: клеймаваць капіталізм пасля таго, як удалося здзейсніць мару і трапіць у Парыж. 

Бахарэвіч тлумачыў, што гэта злое іранічнае эсэ, бо беларуская літаратура «не павінна быць нуднай»: чытач мусіць смяяцца і плакаць. Беларусы, кажа ён, баяцца пісаць сапраўдныя эсэ: баяцца адкрывацца і раскрывацца, пісаць «я». А асноўная задача беларускай літаратуры – змагацца са страхам.

Сцэна са спектаклю «Людзі на балоце» паводле раману Івана Мележа. На першым плане Валянціна Гарцуева ў ролі Ганны. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Фота: Profil.adu.by

Ці ёсць шчасце ў беларускай літаратуры? Папрасілі Андрэя Хадановіча пашукаць

Шуфлядка

Прафесар Мануэль Гілардучы з Універсітэту Гумбальдтаў у Берліне расказваў пра магічны рэалізм у «Сабаках Еўропы» Бахарэвіча. Ён звярнуў увагу на трэцюю частку кнігі, «Неандэртальскі лес», і востраў, на якім будуюць «Новую Беларусь». Гілардучы бачыць тую Новую Беларусь у інтэркантэкстуальнасці з «Кодам адсутнасці» і «Архіпелагам Беларусь» Валянціна Акудовіча, з «Малой падарожнай кніжкай» Артура Клінава, з «Каралеўствам Беларусь» і «Адамам Клакоцкім» Ігара Бабкова. Перасякаюцца вобразы і дыскурс пра «беларускую Беларусь», якую нібы немагчыма збудаваць у рэальнай Беларусі. У «Сабаках Еўропы» крытыкуецца чыста ўтапічны падыход да Беларусі. Таксама перасякаецца метафорыка адсутнасці. Як Акудовіч піша: у Беларусі няма пэўнай будучыні, а значыць, пакуль усё магчыма. 

Ірына Лапо
з Універсітэту Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне паразважала пра інтэрсеміятычны пераклад – творчае пераасэнсаванне тэксту ў тэатральнай прасторы. Яна пабачыла прывабнасць тэкстаў Бахарэвіча для тэатру. «Сабак Еўропы» ставілі двойчы: першы раз – Свабодны тэатр з акцэнтам на берлінскія падзеі раману, другі раз – Купалаўцы паводле часткі раману «Гусі-людзі-лебедзі». Перавод тэксту ў тэатр – гэта не толькі канструкцыя, але і рэдукцыя – змяншэнне і адкіданне. Твор можна пазбавіць апісання асяроддзя, бо яго можна паказаць святлом і дэкарацыямі. Але каб перанесці тоўстую кнігу ў абмежаваны па часе спектакль, даводзіцца адкідваць цэлых персанажаў або злепліваць двух у аднаго. Разам з тым, даводзіцца нешта дадаваць, як то сітуацыйныя жарты, якія не глядзяцца ў тэксце, але бачныя на сцэне. Ды і фінал часткі «Гусі-людзі-лебедзі» у якім распаўзаюцца часткі цела маёра, быў занадта сюррэалістычны для тэатру – давялося перапісваць канцоўку твору.

Наталля Пазняк прааналізавала лічбавы вобраз Бахарэвіча з ягоных акаўнтаў у Livejournal і Facebook. Адзначыла, што ў першым пісьменнік быў «жывейшы», часам нават карыстаўся «Жывым часопісам» як твітэрам, тады як на Facebook цяпер пераважна расказвае пра свае прэзентацыі і ўзнагароды. Бахарэвіч патлумачыў, што не хоча даваць медыям зашмат навінаў пра сваю асобу і свае выказванні. Не хоча станавіцца сэлебрыці, але бачыць, што добрыя навіны пра тыя ж прэміі цешаць ягоных чытачоў. І таксама Бахарэвіч не хоча станавіцца інтрэнэт-пісьменнікам, а хоча публікаваць кнігі па-старому. Маўляў, такі вось старамодны чалавек з XX стагоддзя.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10