Музыкі з Ліпецкай вобласці Расеі і акупаванай часткі Данецкай вобласці Украіны выступалі ў Асіповічах, Бабруйску і Магілёве. Арганізатары «імкнуліся да ўмацавання сяброўскіх сувязяў Беларусі і Расеі», беларускія чыноўнікі імпэту не ацанілі.
У Беларусі прайшоў прымеркаваны да Дня яднання народаў Беларусі і Расеі фестываль «Душа одна – славянская», заўважылі магілёўскія праваабаронцы «Mayday». Адметна, што гэты фестываль амаль не заўважылі беларускія чыноўнікі і дзяржаўныя медыі.
Фэст зладзіла непрыкметная расейская некамерцыйная арганізацыя «Агентство социальных технологий», але ініцыятыву падтрымалі расейскі Прэзідэнцкі фонд культурных ініцыятываў, «Русский дом в Минске», ліпецкае абласное міністэрства культуры і аддзел культуры асіповіцкага райвыканкаму, а таксама Данецкая абласная філармонія.
Канцэрты ладзілі з 1 да 5 красавіка ў Асіповічах, Бабруйску і Магілёве, а ў чэрвені плануюць правесці ў Ліпецкай вобласці Расеі. Паводле арганізатараў, канцэрты былі разлічаныя на «больш за тысячу» слухачоў. Выступалі салісты Ліпецкай дзяржаўнай філармоніі, Данецкай абласной філармоніі (перайменаванай уладамі «ДНР» у «Данецкую дзяржаўную акадэмічную філармонію») і ансамбль «Zень» з Ліпецкага дому музыкі. Таксама для «больш за чатырыста» гледачоў у Асіповічах выступала тэатральная студыя Ліпецкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту, а з «амаль сотняй» жыхароў Асіповіцкага раёну, Бабруйску і Магілёва сустракаўся расейскі паэт і празаік Павел Кузаўлёў.
Справаздачы пра фэст далі некалькі расейскіх выданняў і Міністэрства культуры Ліпецкай вобласці, беларускае дзяржаўнае выданне «Mogilevnews» і некалькі беларускіх дзяржаўных установаў.
Асіповіцкі райвыканкам і Магілёўскі гарвыканкам паведамілі толькі пра выступ пісьменніка, не згадаўшы пра ансамбль «Zень» і іншых. Як адзначае «Mayday», у рэпертуары ансамблю ёсць спектакль «Время Z», прысвечаны ўдзельнікам нападу Расеі на Украіну. Тэатральная студыя Ліпецкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту выступала са спектаклем «И в сердце светит Русь» пра любоў да Расеі. Пра гэтых выступоўцаў і пра гасцей з «ДНР» большая частка беларускіх крыніцаў не расказвала.
У адкрытых крыніцах «Белсат» знайшоў зусім няшмат анонсаў гэтых імпрэзаў з беларускага боку, а справаздачы беларускіх ведамстваў аб расейскай акцыі можна назваць сціплымі.
Праваабаронцы таксама звяртаюць увагу на тое, што ў Магілёве для фестывалю далі толькі залу каледжу мастацтва, куды, як сцвярджае «Mayday», загналі выхаванцаў каледжу.
Аляксандр Лукашэнка заявіў пра «дэ-факта прызнанне» анексіі Крыму, «ДНР» і «ЛНР» летам 2022 года, вясной 2023-га сустракаўся з кіраўніком «ДНР». Генеральнае консульства Беларусі ў расейскім Растове-на-Доне працуе таксама з акупаванымі тэрыторыямі Украіны. Аб супрацы з «ДНР» у 2024 годзе дамовіўся БРСМ. У Беларусь Расея возіць дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Таксама трывае гандаль Беларусі з акупаванымі тэрыторыямі Украіны і бізнес на тых тэрыторыях людзей, набліжаных да Лукашэнкі.
Алесь Наваборскі belsat.eu