Гісторыі

Настаўленне Z-бацюшкі і рэабілітацыя Паўліка Марозава. Як менскі праваслаўны манастыр вучыў падлеткаў патрыятызму

Сямейна-патрыятычны форум пад лозунгам «Выхаваем патрыётаў – абаронім Айчыну!». Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram
Сямейна-патрыятычны форум пад лозунгам «Выхаваем патрыётаў – абаронім Айчыну!». Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram
podpis źródła zdjęcia

У менскім Свята-Елісавецінскім манастыры, які збірае грошы на патрэбы расейскай арміі, ходзіць хрэсным ходам на выбары і актыўна гандлюе на Захадзе, прайшоў сямейна-патрыятычны форум «Выхаваем патрыётаў — абаронім Айчыну!». На працягу двух дзён проста ў манастырскіх сценах пад кіраўніцтвам удзельнікаў вайны супраць Украіны дзяцей вучылі абыходзіцца са зброяй, а на развітанне паказалі дакументальны фільм, які рэабілітуе Паўліка Марозава. Нашы калегі з сайта «Вот Так» распавядаюць, як у беларускім манастыры выхоўваюць патрыётаў і да абароны якой айчыны іх рыхтуюць.

Дзеці з гранатамётам

У сярэдзіне лютага 2025 года на сайце Свята-Елісавецінскага манастыра (СЕМ) з'явілася запрашэнне ўсім ахвотным прыняць удзел у «сямейна-патрыятычным форуме з удзелам вядомых спікераў». Мерапрыемства прымеркавалі да 23 лютага, яно праходзіла пад лозунгам «Выхаваем патрыётаў — абаронім Айчыну!».

Па словах арганізатараў – праваслаўнага руху «Арляняты» – праграма форуму ўпершыню ўключае ў сябе «Сувораўскія гульні» для старшакласнікаў – спартовыя, стратэгічныя, інтэлектуальныя спаборніцтвы, якія таксама праходзілі ў сценах манастыра.

Коллаж: «Вот Так»

Мировое турне Z-монахинь. Как сестры беларусского монастыря зарабатывают деньги в Европе и Канаде, поддерживая российских солдат

VOTTAK

Беларускі тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» апублікаваў фота і відэа, зробленыя ў першы дзень форуму. На іх цалкам экіпіяваныя ў ваенную форму (каскі, бронекамізэлькі) дзеці пазуюць ужо не толькі з аўтаматамі, але таксама з кулямётамі і нават аўтаматычным станковым гранатамётам. На падставе здымкаў у тэлеграм-канале немагчыма сцвярджаць, ці сапраўдная гэта зброя ці муляжы. Таксама на стале ляжыць дрон і пульт кіравання да яго.

Здымкі былі зробленыя 22 лютага, у дзень старту «Сувораўскіх гульняў», у анонсе якіх сказана, што яны праводзяцца «з мэтай выхавання любові да сваёй Радзімы, фармавання разумення маладым пакаленнем каштоўнасці захавання гістарычнай памяці, а таксама раскрыцця спартовага і творчага патэнцыялу падлеткаў». На практыцы яны ўяўляюць з сябе ваенна-патрыятычныя спаборніцтвы падлеткавых каманд з розных гарадоў Беларусі, падчас якіх яны спаборнічаюць у стральбе, перацягваюць канат, гуляюць у шахматы і займаюцца армрэслінгам.

Пры гэтым да асобы Аляксандра Суворава, у гонар якога названыя гэтыя гульні, у Беларусі стаўленне неадназначнае. З аднаго боку, афіцыйна ён прызнаны выбітным палкаводцам Расейскай імперыі, ягоны ўклад у ваенную гісторыю прызнаецца, у беларускіх гарадах ёсць помнікі палкаводцу і названыя ў ягоны гонар вуліцы.

У той жа час у сучаснай беларускай гістарыяграфіі ёсць крытыка ягоных дзеянняў, асабліва ў кантэксце падаўлення паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе, якое выбухнула пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзілі беларускія землі. Частка нацыянальна арыентаваных актывістаў лічыць Суворава катам беларускага народа і сімвалам імперскай палітыкі.

Гульня, арганізаваная падлеткавым рухам «Арляняты». Фота: churchby.info
Гульня, арганізаваная падлеткавым рухам «Арляняты». Фота: churchby.info

Чэмпіён па колцы дроў

У рамках форуму юным удзельнікам было таксама прапанавана паслухаць выступленні запрошаных спікераў.

Сярод іх «Вот так» выявіў іерэя Дзмітрыя Новікава, настаяцеля прыхода Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў Салігорску, які распавёў падлеткам пра выхаванне сілы волі праз спорт. Вядомасць гэтаму святару прынесла не толькі ягонае захапленне гірамі, але і заклікі да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні на нядаўніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

Удзел у выбарах у роліку, знятым на выбарчым участку, ён назваў «важным крокам да поспеху нашай краіны», а само галасаванне, што праходзіла ва ўмовах рэпрэсіяў і ціску на выбарнікаў – «добрай справай». У якасці матывуючага прыкладу ён назваў бацькоў Ісуса Хрыста, якія ўдзельнічалі ў перапісе насельніцтва ў старажытнай Юдэі — «у дзяржаўным жыцці краіны», як падкрэсліў Новікаў. Таму, паводле яго, і хрысціяне абавязаныя «прыступіць да галасавання».

Яшчэ адзін спікер – дырэктар Бараўлянскага лясгаса Аляксандр Мірановіч – «праславіўся» удзелам у дэмантажы сотняў крыжоў ва ўрочышчы Курапаты на ўскраіне Менску. Тут у перыяд з 1937 па 1941 гады расстрэльныя каманды НКВД пакаралі смерцю, па розных ацэнках, ад 30 да 250 тысяч чалавек. Пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці грамадзяне краіны ўсталявалі тут тысячы крыжоў у памяць пра расстраляных.

У 2019 годзе, нягледзячы на супраціў актывістаў, частку памятных крыжоў дэмантавалі і вывезлі. Працэсам кіраваў Мірановіч, які заявіў пра «правядзенне планавых работ па добраўпарадкаванні і выдаленні незаконна ўстаноўленых збудаванняў у выглядзе крыжоў».

Падлеткам кіраўнік лясгаса, які арганізуе майстар-класы Лукашэнкі па колцы дроў і перамагае ў Рэспубліканскім першынстве ў намінацыі «колка дроў па-прэзідэнцку», распавядаў, «што значыць быць патрыётам».

Пасля Мірановіча да мікрафона выйшаў духоўнік моладзевага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (БПЦ МП) протаіерэй Алег Абрамовіч. Ён вядомы сваімі рэгулярнымі візітамі ў сілавыя структуры Беларусі – уключна з тымі, што сумна вядомыя ўдзелам у падаўленні масавых пратэстаў у 2020 годзе – і правядзеннем у іх сценах рэлігійных цырымоніяў. У сакавіку 2024 года Абрамовіч прыняў удзел у святкаванні 107-годдзя беларускай міліцыі, а таксама ў форуме ветэранаў вайсковай выведкі.

Протаіерэй Алег Абрамовіч на мерапрыемстве, прысвечаным 107-й гадавіне беларускай міліцыі. Фота: hramsoltan.by
Протаіерэй Алег Абрамовіч на мерапрыемстве, прысвечаным 107-й гадавіне беларускай міліцыі. Фота: hramsoltan.by

У падпісках Абрамовіча на яго асабістай старонцы «ВКонтакте» разам з праваслаўнымі супольнасцямі – шэраг старонак, якія прапагандуюць «рускі мір» і падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны (напрыклад, «Россия — это я», ZAVGOR, «Вежливые люди», «Бесогон»), а таксама старонкі эратычнага зместу. У стужцы ён рэгулярна рэпосціць гэтыя і іншыя рэсурсы, выказваючы свае сімпатыі да так званай СВА і высмейваючы праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Падлеткам і іх бацькам 23 лютага ён распавядаў пра «хатнюю царкву».

Прыклад Паўліка Марозава

У завяршэнне другога дня мерапрыемства ўдзельнікам форуму і гульняў прапанавалі паглядзець некалькі дакументальных фільмаў. Адзін з іх – «Патрыятычнае выхаванне ў Расеі».

« Вот так» знайшоў у інтэрнэце толькі адзін фільм з такой назвай. Ён размешчаны на федэральным партале гісторыі Расеі (история.рф) – «галоўным гістарычным партале краіны». У паўгадзінным відэа гісторык Святлана Чудзінава распавядае пра патрыятычнае выхаванне дзяцей і падлеткаў у Расейскай імперыі і Савецкім Саюзе.

Цікавасць у кантэксце праваслаўнага характару мерапрыемства выклікаюць характарыстыкі, якія ў дакументальным фільме даюцца савецкаму перыяду, у якім дзіцяча-юнацкія арганізацыі былі актыўна задзейнічаныя ў ганенні на царкву. Праўда, пра гэты аспект дзейнасці піянераў Чудзінава змаўчала.

Затое яна фактычна рэабілітавала Паўліка Марозава, вядомага тым, што данёс уладам на свайго бацьку, які нібыта дапамагаў «кулакам».

«Піянеры дапамагалі дарослым і ў барацьбе з контррэвалюцыяй. Сярод піянераў-герояў першае месца заўсёды займаў Паўлік Марозаў. Паводле афіцыйнай версіі, ён данёс на свайго бацьку, што той дапамагаў кулакам хаваць збожжа і хавацца ад закона. Пасля гэтага Паўліка і ягонага малодшага брата бліжэйшыя сваякі забілі. Гісторыя досыць складаная і заблытаная... Але тое, што зрабіў Паўлік – гэта ўчынак не здрадніка, а чалавека, які хацеў прынесці карысць сваёй краіне», – адзначыла Чудзінава на фоне візуальнага шэрагу з прапагандысцкіх плакатаў і фатаграфій дзяцей са Сталіным і Брэжневым.

Сямейна-патрыятычны форум пад лозунгам «Выхаваем патрыётаў – абаронім Айчыну!». Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram
Сямейна-патрыятычны форум пад лозунгам «Выхаваем патрыётаў – абаронім Айчыну!». Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram

Арляняты патрыярхату

«Арляняты» (Орлята) былі створаны непасрэдна пры манастыры ў траўні 2021 года. На сайце руху гаворыцца, што першы злёт адбыўся 15 траўня 2021 года і быў прысвечаны «800-годдзю з дня нараджэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага». Ядром «Арлянятаў» сталі выхаванцы нядзельнай школы пры манастыры і створанай манашкамі праваслаўнай школы «Ихвис».

На першым жа злёце дзяцей навучалі не толькі біблейскім «лагоднасці і пакоры», але таксама зборцы і разборцы аўтаматаў, падрыхтоўцы да стральбы і аказанні першай дапамогі параненым.

Традыцыя атрымала працяг і на наступных мерапрыемствах дзіцяча-юнацкага руху. Напрыклад, у верасні 2022 года госцем «Арлянятаў» стаў кіраўнік беларускага вайскова-патрыятычнага цэнтра «Казачы спас» Пётр Шапко, вядомы супрацай з былым «міністрам абароны ДНР» Ігарам Стралковым-Гіркіным, вербаваннем баевікоў ва Украіну і арганізацыяй ваенна-патрыятычных лагераў для дзяцей ва ўзросце 14–18 гадоў на тэрыторыі Беларусі.

На фотаздымках з аднаго з мерапрыемстваў «Арлянятаў» Шапко дзеці і падлеткі на тэрыторыі СЕМ занятыя зборкай і разборкай аўтаматычнай зброі. У час сямейна-патрыятычнага форуму 23 лютага 2025 года Шапко выступіў з лекцыяй «выхаванне хлопчыкаў і ўплыў камфортнага жыцця на ўспрыманне паўсядзённай рэальнасці».

24–25 лютага мінулага года ў манастырскім цэнтры «Каўчэг» адбылася арганізаваная «Арлянятамі» гульня для падлеткаў, у час якой удзельнікі гулялі з сапраўднай зброяй на фоне вывешанага ў духоўна-асветніцкім цэнтры вялікага партрэта Сталіна.

Сувораўскія гульні на базе Свята-Елісавецінскага манастыра ў Менску. Фота: Instagram
Сувораўскія гульні на базе Свята-Елісавецінскага манастыра ў Менску. Фота: Instagram

Акрамя гэтага, «Арляняты» па магчымасці ўдзельнічаюць і ў падтрыманні расейскай агрэсіі супраць Украіны. Напрыклад, у красавіку 2023 года стала вядома, што беларускіх дзяцей і падлеткаў служыцелі СЕМ прыцягнулі да напісання лістоў «у суцяшэнне рускім воінам».

Глабальная Z-карпарацыя

Свята-Елісавецінскі манастыр, які арганізаваў і правёў мерапрыемства з моцным ідэалагічным пасылам, вядомы шматгадовай падтрымкай Аляксандра Лукашэнкі і расейскага ўварвання ва Украіну.

Служыцелі манастыра ладзяць канцэрты і хросныя хады з расейскімі сцягамі і Z-сімволікай, праводзяць выставы і конкурсы, прымеркаваныя да даты поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну. Але самае галоўнае – манастыр актыўна ўдзельнічае ў зборы сродкаў на патрэбы расейскай арміі.

У 2023 годзе «Вот Так» атрымаў пацверджанне таго, што манашкі манастыра збіраюць грошы на дапамогу ваеннаслужачым ВС РФ, якія знаходзяцца ва Украіне.

У СМІ неаднаразова з'яўлялася інфармацыя пра набыццё манастыром аўтамабіляў для расейскіх вайскоўцаў, а таксама медыкаментаў, рацый і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. За гэта манашкам падзякаваў асабіста Лукашэнка, які сказаў, што яны «усё робяць правільна».

Увосень 2024 года ў ходзе чарговага расследавання «Вот Так» выявіў, што да зыходу трэцяга года вайны ва Украіне Свята-Елісавецінскі манастыр па-ранейшаму актыўна гандлюе ў заходніх краінах – не толькі асабіста, але таксама праз вялікую анлайн-краму, якае абяцае даставіць шырокі асартымент тавараў – уключна з прадметамі раскошы – у кожную кропку Зямлі.

Іван Лысюк / ЮК vot-tak.tv

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10