Былая палітзняволеная Алана Гебрэмарыям абраная кіраўніцай Камісіі сацыяльнай палітыкі КР на агульным галасаванні Каардынацыйнай рады. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал КР.
Алана Гебрэмарыям – сябра Каардынацыйнай рады ад фракцыі «Моладзевы наступ».
За ейную кандыдатуру прагаласавалі 37 асобаў, супраць – 2, устрымаліся – 5. Паводле КР, кворум для абрання на пасаду быў дасягнуты: 44 з 77 удзельнікаў прынялі ўдзел у галасаванні.
«Гэта важны крок умацавання працы Каардынацыйнай рады і развіцця сацыяльнага напрамку нашай агульнай справы. Зычым Алане плённай і натхняльнай працы на карысць беларускага грамадства!» – піша Каардынацыйная рада.
Алана Гебрэмарыям была пакараная на 2,5 года ў Беларусі паводле «справы студэнтаў». Яе затрымалі 12 лістапада 2020 года і абвінавацілі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
Алана скончыла Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт. Увосень 2019 года на парламенцкіх выбарах была кандыдаткай у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў для Грушаўскай выбарчай акругі № 98.
Арсен Рудэнка belsat.eu