навіны

«Нас абʼядноўвае любоў да Беларусі». Ціханоўская прыехала на Канферэнцыю дыяспараў у Варшаве

Лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская на адкрыцці IV Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету. Варшава, Польшча. 24 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская на адкрыцці IV Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету. Варшава, Польшча. 24 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Варшаве праходзіць чацвёртая Канферэнцыя дыяспараў беларусаў з 23 па 25 траўня. Адбываюцца дыскусіі і супольны аналіз актуальных для беларусаў праблемаў. Да падзеі прыядналася лідарка дэмсілаў Беларусі Святлана Ціханоўская, піша ейны тэлеграм-канал.

Паведамляецца, што адной з галоўных падзеяў канферэнцыі стала прэзентацыя дакладу «BELPOL» пра ўдзел рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.


А 24 траўня праходзяць панэльныя дыскусіі. Праз абмеркаванні і брэйнштормы ўдзельнікі і ўдзельніцы аналізуюць працу дыяспары і шукаюць шляхі паляпшэння становішча беларусаў у ключавых кірунках:


  • легалізацыя, мабільнасць, бяспека;
  • культура, адукацыя і нацыянальная ідэнтычнасць;
  • падтрымка палітвязняў, рэпрэсаваных і добраахвотнікаў;
  • развіццё дыяспары і ўзаемадапамога;
  • фандрайзінг і практыка рэальных праектаў.


«Асаблівасцю сённяшняга дня стане тое, што ўдзельнікі не толькі паслухаюць экспертаў і спікераў – але і далучацца да працы ў групах, каб разам знаходзіць канкрэтныя рашэнні для рэальных праблемаў», – гаворыцца ў паведамленні.


Святлана Ціханоўская, якая прыядналася да падзеі, у вітальным слове казала менавіта пра важнасць супольнай працы.

,,

«Тое, што мы сёння разам, – прыкмета таго, што нас абʼядноўвае любоў да Беларусі і адказнасць за будучыню. Каб пераадолець гэты цяжкі і доўгі марафон, нам патрэбныя ўстойлівыя структуры беларусаў замежжа, дзе будзе месца кожнаму. Структуры, пабудаваныя на даверы, на салідарнасці і, канешне, самаарганізацыі», – сказала лідарка дэмсілаў Беларусі.


Яна папрасіла прысутных, каб вынікам канферэнцыі стаў план кампаніяў, праектаў, ініцыятываў, якія ўжо цяпер можна рабіць разам.


«Падтрымка палітвязняў, культурніцкая дыпламатыя, мабільнасць, легалізацыя, адукацыя і прыцягненне рэжыму да адказнасці. Мы павінны шукаць рашэнні разам і не чакаць ідэальных умоваў, бо іх не будзе.


Нам не трэба адчайвацца, нам не трэба шукаць апраўданняў, а проста дзейнічаць: ствараць новыя супольнасці, наладжваць новыя кантакты, пашыраць беларушчыну, падтрымліваць адно аднаго, дзяліцца ідэямі і перадаваць досвед», – падвяла рысу Святлана Ціханоўская.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10