Пагадненне аб супрацы было падпісанае напрыканцы жніўня ў Растове-на-Доне, аднак дзяржаўныя крыніцы гэты факт не згадваюць. Эксперты iSANS мяркуюць, што такія дамовы легалізуюць акупацыю тэрыторыяў Украіны.
Форум «Беларусь — Данбас» зладзілі ў Растове-на-Доне напрыканцы жніўня. Сярод удзельнікаў былі старшыня БРСМ і чалец Савету Рэспублікі Аляксандр Лук’янаў, кіраўнік гэтак званай «Данецкай народнай рэспублікі» Дзяніс Пушылін, іншыя расейскія чыноўнікі.
БРСМ на сваім сайце паведаміў, што Лук’янаў выступіў з прамовай, беларускія ўдзельнікі імпрэзы (іх было 40) паўдзельнічалі ў «дыялогавых пляцоўках і абмене досведам» і прывезлі з сабой гуманітарную дапамогу, у тым ліку «святую ваду і абраз з бабруйскага Свята-Нікольскага сабора».
Пра тое, што Магілёўская і Берасцейская абласныя арганізацыі БРСМ падпісалі пагадненні з данецкай грамадскай арганізацыяй «Маладая Рэспубліка», у Менску змаўчалі. Інфармацыю пра дамовы «аб супрацы і ўзаемадзеянні» распаўсюдзілі расейскія крыніцы.
У тыя ж дні ў Telegram-канале Пушыліна з’явіўся допіс пра паездку Лук’янава ў захопленую Аўдзееўку. Аднак публікацыю хутка выдалілі.
Эксперты маніторынгавай групы iSANS назвалі падпісаную дамову «легітымізацыяй расейскай акупацыі»:
«На жаль, такія кантакты з акупацыйнымі тэрыторыямі Украіны будуць толькі ўзмацняцца, а сумесныя імпрэзы БРСМ з акупацыйнымі ўладамі будуць працягвацца ў будучыні. Актыўная супраца БРСМ з акупаванымі тэрыторыямі Украіны можа сведчыць аб тым, што і ўнутры арганізацыі будзе актыўна ўкараняцца расейскі погляд на вайну ва Украіне і прарасейская павестка агулам».
Раней Народнае антыкрызіснае ўпраўленне паведамляла пра гандаль Беларусі з акупаванымі ўкраінскімі рэгіёнамі. А Пушылін на моладзевым форуме ў Растове казаў пра «пункты ўзаемадзеяння» з нашай краінай і фактычна анансаваў адкрыццё ў «ДНР» сэрвісных цэнтраў МАЗу і БелАЗу.
Сцяпан Кубік belsat.eu