Апошнія два тыдні ў стасунках і без таго варагуючых краінаў былі вогненебяспечнымі. Цяпер канфлікт выбухнуў з новай сілаю. 6 траўня Індыя распачала «Аперацыю Сіндур», атакаваўшы спрэчныя пакістанскія тэрыторыі Джаму і Кашмір. Пакістан у адказ нанёс удары з паветра і зямлі.
Мінабароны Індыі паведаміла, што краіна распачала «Аперацыю Сіндур» (сіндур – парашок чырвонага колеру – Заўв. рэд.), нанёсшы ўдары па дзевяці аб'ектах «тэрарыстычнай інфраструктуры ў Пакістане і акупаваных Пакістанам Джаму і Кашміры». Паводле сцвярджэнняў Індыі, раней адтуль планаваліся і накіроўваліся тэрарыстычныя атакі Пакістану.
Дыпмісія заявіла, што мае дакладныя звесткі пра тое, што за тэрактам у Кашміры, у выніку якога загінулі 26 турыстаў, стаяць тэрарысты з Пакістану. Амбасада паскардзілася, што замест увядзення захадаў супраць тэрарыстаў «Пакістан усё адмаўляў» на працягу мінулых двух тыдняў.
Прэмʼер Пакістану заявіў, што склікае паседжанне рады нацыянальнай бяспекі. Акрамя таго, краіна закрыла сваю паветраную прастору для ўсіх рэйсаў на 48 гадзінаў.
Пасля Пакістан выпусціў афіцыйную заяву, у якой назваў атаку Індыі «баязлівым учынкам», «несправакаваным і абуральным актам вайны» і абвінаваціў Індыю ў атаках на грамадзянскае насельніцтва, у выніку якіх загінулі жанчыны і дзеці.
«Пасля тэракту ў Пагальгаме індыйскае кіраўніцтва чарговы раз выкарыстала пагрозу тэрарызму для прасоўвання сваёй ілжывай выявы ахвяры, ставячы пад пагрозу рэгіянальны мір і бяспеку. Безразважныя дзеянні Індыі наблізілі дзве дзяржавы, якія валодаюць ядравай зброяй, да буйнога канфлікту», – паведаміў Пакістан.
Раней міністр абароны Пакістану заявіў, што жывых на планеце не застанецца, калі Індыя пераможа ў вайне, – абедзве краіны маюць ядравую зброю.
У выніку атакі ў Кашміры знікла электрычнасць, а ў правінцыі Пэнджаб, што мяжуе з Індыяй і не ёсць спрэчнаю, упершыню за 54 гады абʼявілі надзвычайнае становішча і выклікалі ўсіх медыкаў з адпачынкаў. На мяжы Індыі і Пакістану працягваецца перастрэлка. Улады Пакістану заявілі пра 26 загінулых, Індыя – пра сем.
Акрамя таго, Індыя прыпыніла 65-гадовае пагадненне аб размеркаванні вады з Пакістанам. Пакістанскія лідары раней папярэджвалі, што любая спроба спыніць паток вады «будзе разглядацца як акт вайны».
Генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш заявіў, што «свет не можа дазволіць сабе ваенную канфрантацыю» паміж Індыяй і Пакістанам».
Дзяржсакратар ЗША Маркаў Руб'ёў напісаў у Х, што ён уважліва сочыць за сітуацыяй. Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп назваў «ганебным» абвастрэнне канфлікту паміж краінамі.
Іран вызваўся быць пасярэднікам у перамовах краінаў.
Нагадаем, паміж краінамі даўняя варожасць. У 1947 годзе Пакістан і Індыя былі часткаю адной калоніі – Брытанскай Індыі. Але атрымалі незалежнасць як асобныя краіны. Пераважна мусульманскія рэгіёны ўвайшлі ў склад Пакістану, а тэрыторыі з бальшынёю індуісцкага насельніцтва – Індыі. Пры гэтым спрэчнай тэрыторыяй стаўся Кашмір, за кантроль над якім краіны ўжо неаднаразова ваявалі.
Войны паміж Індыяй і Пакістанам здараліся ў 1947–1948, 1965, 1971 і 1999 гадах, іх ахвярамі зрабіліся дзясяткі тысяч асобаў. Апроч таго, неаднаразова адбываліся памежныя канфлікты, паўстанні ды іншыя сутыкненні. Апошняе з іх – у лістападзе 2020-га – лютым 2021-га.
Тэса Анэйда belsat.eu