Грамадзянін ЗША і былы палітзняволены Юрась Зянковіч прабыў у беларускім палоне чатыры гады і адказаў «Нашай Ніве» на чатыры пытанні: хто завабіў яго ў Маскву, ці былі гарантыі ад Вольгі Карач, якія былі ўмовы ўтрымання ў Беларусі і ці не шкадуе ён пра пагадненне са следствам.
Пра тое, чаму паверыў прапановам сілавікоў аб дзяржперавароце
Паводле Зянковіча, прапанова правесці дзяржпераварот гучала ад саміх сілавікоў, ніхто з удзельнікаў так званай «справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» не быў яе ініцыятарам. Насамрэч ім быў падпалкоўнік Іван Жураўскі, у той час афіцэр Генеральнага штабу, які ўкараніўся ў шэрагі «змоўцаў» і потым быў асноўным сведкам у справе за зачыненымі дзвярыма суда.
«Менавіта стварэнне гэтага плану [трансфармацыі краіны і пераходу да дэмакратыі] было пастаўленае ў віну мне, Аляксандру Фядуту і Рыгору Кастусёву. Дэталі гэтага плану я апублікую пазней. За сам вайсковы пераварот адказваў Жураўскі – гэта была ягоная ідэя, а мы ў вайсковыя планы не ўмешваліся. Мы ж не ідыёты – мы разумелі, што ў вайсковых пытаннях ніхто з нас не разбіраецца», – кажа Зянковіч.
Пра «гарантыі Вольгі Карач», з якімі нібыта паехаў у Расею
Пасля затрымання Зянковіча ў эфіры ўкраінскага блогера Аляксандра Рыкава (Балаганава) былы сілавік Ігар Макар сказаў, што «каб зацягнуць Зянковіча ў Расею, патрэбныя былі вельмі моцныя абгрунтаванні». І гэтым абгрунтаваннем назваў «гарантыі Вольгі Карач».
Але сам Зянковіч кажа, што Карач увогуле не мае дачынення: ён паляцеў у Маскву, дзе яго потым затрымалі, бо быў упэўнены, што ён «недатыкальная асоба для расейцаў» праз тое, што браў удзел у кансультацыях грамадзянскіх супольнасцяў Расеі і Украіны наконт пошуку міру на Данбасе.
,,«Вольга была ні пры чым: я быў упэўнены, што, улічваючы маю ролю ў міратворчым працэсе на Данбасе, я – недатыкальная асоба для расейцаў. Тым больш мае расейскія партнёры пацвярджалі гэта. А яны дзейнічалі паводле ўпаўнаважання [прэс-сакратара МЗС Расеі] Марыі Захаравай. Тое, што Пуцін у той час ужо планаваў вайну, мне нават у кашмарным сне не магло прыйсці ў галаву. А аказалася, што мір яму ўжо не быў патрэбны, як і людзі, якія спрабавалі той мір шукаць», – кажа былы палітвязень.
Ці не шкадуе пра пагадненне, якое падпісаў з следчымі
На судзе ў 2022 годзе Юрась Зянковіч разам з Краўчуком і Галубовічам цалкам прызналі сваю віну ў арганізацыі змовы. Фядута прызнаў віну часткова, Кастусёў не прызнаў. Але ў выніку тэрміны суда для ўсіх былі амаль аднолькавыя.
«Пайсці на ўгоду мяне доўга ўгаворвалі следчыя. Я разумеў, што яна, хутчэй за ўсё, нічога не дасць. Але і згубіць я нічога не мог: або выйграваў, або заставаўся пры сваіх. Таму я яе падпісаў ужо ў самым канцы следства (…) Прызнанне-непрызнанне ўвогуле ні на што не ўплывала», – кажа ён.
Пра ўмовы ў турме
Юрыст кажа, што не атрымліваў перадачаў з 2023 года, адзіны ліст атрымаў у жніўні 2021 года, а тэлефанаванняў не далі аніводнага за ўвесь час. Таксама ён пацвердзіў здагадкі пра тое, што яго перад вызваленнем пачалі больш карміць, каб не выглядаў такім жа хворым, як у «інтэрв’ю» прапагандыстам.
«Сёлета з 3 студзеня да 30 красавіка я перабываў у «амерыканцы», камера № 4. Іншая рэч, што мае суседзі па камеры ўсе атрымлівалі вельмі добрыя перадачы. КДБ адкормліваў мяне (гэта лёгка чыталася ўсімі) за кошт іншых вязняў», – кажа Зянковіч.
Хто такі Юрась Зянковіч?
Амерыканскі юрыст Юрась Зянковіч быў арыштаваны ў Маскве ў 2021 годзе за замах на Лукашэнку, а затым дастаўлены ў Менск. Яго судзілі ў межах «справы змоўцаў» і паводле шэрагу крымінальных артыкулаў пакаралі 11 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У гэтай справе праходзілі таксама літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута ды старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў – кожнаму з іх прысудзілі 10 гадоў. У судзе Фядуту, Кастусёва і Зянковіча назвалі вінаватымі ў змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі.
Пасля Зянковічу дадалі яшчэ два гады няволі за нібыта злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы – паводле крымінальнага артыкулу, праз які можна бясконца трымаць людзей у зняволенні без асаблівых доказаў злачынства.
Юрый Зянковіч з 2007 года жыў у Злучаных Штатах, куды пераехаў разам з бацькамі. Да эміграцыі быў адным з рэгіянальных лідараў Партыі БНФ і дэпутатам Менскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Як дэпутат дабіўся, каб у Ждановічах з’явілася вуліца Васіля Быкава. Зянковіч мае грамадзянства Беларусі і ЗША. Уладальнік некалькіх юрыдычных офісаў, у тым ліку ў Менску, стала жыў у Г’юстане.
Зянковіч хацеў вылучацца ад Партыі БНФ кандыдатам на прэзідэнцтва ў 2020 годзе, але саступіў Аляксею Янукевічу. Падчас пратэстаў у жніўні 2020-га быў асуджаны на 10 дзён арышту, адбываў іх у ізалятары Мядзельскага РАУСу, трымаў там галадаванне пратэсту.
Тэса Анэйда belsat.eu