Палітвязень Юрый Зянковіч застаецца ў няволі з 12 красавіка 2021 года, яго ўжо тройчы судзілі, пераводзілі на турэмны рэжым. Як даведаліся праваабаронцы, цяпер яму дадалі яшчэ два гады няволі нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы – паводле крымінальнага артыкулу, праз які можна бясконца трымаць людзей у няволі без асаблівых доказаў злачынства.
Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», Юрыя Зянковіча з 7 жніўня судзілі за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы паводле ч. 2 арт. 411 КК РБ у судзе Ленінскага раёну Магілёва, справу разглядала Вікторыя Палякова. Вынік – яшчэ два гады зняволення. Сумарнае пакаранне цяпер – 13 гадоў і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Юрый Зянковіч – юрыст, асуджаны ў межах «справы змоўцаў». Яго абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў і засудзілі на 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У гэтай справе праходзілі таксама літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута ды старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў – кожнаму з іх прысудзілі 10 гадоў. У судзе Фядуту, Кастусёва і Зянковіча назвалі вінаватымі ў змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі.
27 снежня 2022 года ў судзе Мядзелю разглядалася новая справа супраць Зянковіча, датычная знявагі прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Юрыю тады дадалі яшчэ паўгода.
Спачатку ён адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі № 2, дзе на яго ціснулі. Палітвязень правёў восем дзён у ШІЗА і абвяшчаў галадаванне. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
Юрый Зянковіч з 2007 года жыў у Злучаных Штатах, куды пераехаў разам з бацькамі. Да эміграцыі быў адным з рэгіянальных лідараў Партыі БНФ і дэпутатам Менскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Як дэпутат дабіўся, каб у Ждановічах з’явілася вуліца Васіля Быкава. Зянковіч мае грамадзянства Беларусі і ЗША. Уладальнік некалькіх юрыдычных офісаў, у тым ліку ў Менску, стала жыў у Г’юстане.
Зянковіч хацеў вылучацца ад Партыі БНФ кандыдатам на прэзідэнцтва ў 2020 годзе, але саступіў Аляксею Янукевічу. Падчас пратэстаў у жніўні 2020-га быў асуджаны на 10 дзён арышту, адбываў іх у ізалятары Мядзельскага РАУСу, трымаў там галадаванне пратэсту.
Алесь Наваборскі belsat.eu