22 траўня Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў, якія закранулі Адміністрацыю прэзідэнта, Акадэмію навук Беларусі, міністэрствы і мясцовую вертыкаль.
Сярод найбольш прыкметных зменаў – перавод Наталлі Пяткевіч з пасады першай намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта на пасаду віцэ-прэм’еркі. На гэтым месцы яна змяніла Уладзіміра Караніка.
У сваю чаргу, Каранік быў пераведзены на пасаду старшыні прэзідыуму НАНБ. На гэтай пасадзе ён змяніў Уладзіміра Гусакова. У паведамленні БелТА не гаворыцца, каб апошні быў прызначаны на новую пасаду.
Замест Пяткевіч першым намеснікам Адміністрацыі прэзідэнта стаў Уладзімір Пярцоў (да гэтага моманту быў намеснікам кіраўніка АП).
Наталля Пяткевіч – адная з самых уплывовых жанчын у беларускай палітыцы, вядомая як «жалезная лэдзі» рэжыму Лукашэнкі. Скончыўшы юрфак БДУ і стаўшы кандыдаткай навук, яна прайшла шлях ад спецыялісткі ў Адміністрацыі прэзідэнта да прэс-сакратаркі Лукашэнкі, а ў 2004–2010 гадах займала пасаду першай намесніцы кіраўніка Адміністрацыі.
Пасля перапынку зноў была прызначаная на тую ж пасаду ў 2024 годзе. За ролю ў фальсіфікацыях выбараў і рэпрэсіях унесеная ў санкцыйныя спісы ЕЗ і ЗША (жыла ў гэтай краіне, бо была жонкай прадстаўніка Беларусі пры ААН Валянціна Рыбакова). Пяткевіч называлі магчымаю пераемніцаю Лукашэнкі.
«Белсат» датэлефанаваўся да Наталлі Пяткевіч, каб павіншаваць і спытаць, як яна пачуваецца з новым прызначэннем, але яна, пэўна, не захацела дзяліцца ўражаннямі, бо кінула слухаўку.
Уладзімір Каранік – доктар-анколаг, зрабіў імклівую кар’еру ад медыка да аднаго з найбольш уплывовых чыноўнікаў Беларусі. Нарадзіўся ў Горадні ў 1973 годзе, скончыў медычны інстытут і працаваў у галоўных анкалагічных установах краіны. У 2019 годзе стаў міністрам аховы здароўя і трапіў пад крытыку грамадскасці за паводзіны падчас пандэміі COVID-19, але атрымаў за гэта ордэн Айчыны ад Лукашэнкі. З 2020 года ўзначальваў Гарадзенскі аблвыканкам, а ў 2025-м быў прызначаны віцэ-прэм’ерам у сацыяльных пытаннях. Чалец Прэзідыуму Усебеларускага народнага сходу. Таксама прысутнічае ў спісе магчымых пераемнікаў Лукашэнкі.
Кар’ера Уладзіміра Пярцова ў дзяржаўных структурах развівалася праз кіраўнічыя пасады ў сферы тэлерадыётрансляцыі і інфармацыі, што суправаджалася актыўным удзелам у ідэалагічнай палітыцы. Ён прайшоў шлях ад журналіста да дырэктара тэлерадыёкампаніяў «РТР-Беларусь» і «Мір», у 2021 годзе стаў міністрам інфармацыі, а ў 2024-м – намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
Сярод іншых прызначэнняў звяртае на сябе ўвагу замена пасла РБ у Грузіі. Сёлета ў красавіку стала вядома, што сын папярэдняга пасла Анатоля Ліса Павел быў асуджаны за ўдзел у пратэстах. З усяго відаць, гэта каштавала ягонаму бацьку пасады – цяпер замест Ліса рэпрэзентаваць інтарэсы рэжыму Лукашэнкі ў Грузіі будзе Мікалай Рагашчук.
Акрамя таго, Лукашэнка прызначыў намеснікаў старшыні праўлення Нацбанку, імі сталі Дзяніс Скабялка і Мікалай Шарстнёў.
Узгоднены таксама шэраг старшыняў выканкамаў і намеснікаў міністраў.
Раман Шавель belsat.eu