На пачатак 2025 года ў складзе расейскай арміі налічваліся як мінімум 742 беларуса, сярод іх аказаўся гомелец Аляксандр Вітухноўскі, чые асабістыя звесткі цалкам супадаюць з звесткамі былога палітвязня.
Сярод грамадзянаў Беларусі, якія, паводле звестак украінскага праекту «Хачу жыць», паступілі ў расейскае войска, «Флагшток» знайшоў звесткі хлопца, якога раней праваабаронцы прызнавалі палітычным зняволеным.
У 2023 годзе Аляксандра Вітухноўскага асудзілі паводле трох крымінальных палітычна матываваных артыкулах: «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», «Распальванне варожасці ці варажнечы» і «Знявага Лукашэнкі».
У студзені 2024 года МУС улучыў гомельца ў «спіс экстрэмістаў», а КДБ – у «спіс тэрарыстаў».
Не вядома, калі і як хлопец апынуўся на волі, але 10 траўня 2024 года яго пачалі шукаць родныя: паводле інфармацыі ў аб'яве, Аляксандр пайшоў з дому і не вярнуўся. Праз два дні яго знайшла міліцыя жывым.
На двух апошніх фатаграфіях у сацсетках – сэлфі Аляксандра (24 чэрвеня 2024 года) і здымак чалавека ў абмундзіраванні, падобнага да пяхотніка, са спіны (24 лістапада 2024). З таго часу ў сацсетках ён не зʼяўляўся.
Тэса Анэйда belsat.eu