Аналітыка

Еўрапеец, афрыканец і азіят. На каго ставяць букмекеры на выбарах Папы Рымскага

Кардынал Дэзірэ Царагазана з Мадагаскару адказвае на пытанні медыяў пасля пасяджэння Калегіі кардыналаў. 5 траўня 2025 года. Фота: Mario Tama / Getty Images
Кардынал Дэзірэ Царагазана з Мадагаскару адказвае на пытанні медыяў пасля пасяджэння Калегіі кардыналаў. 5 траўня 2025 года. Фота: Mario Tama / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

7 траўня за зачыненымі дзвярмі стартуюць выбары Папы Рымскага, кіраўніка найменшай у свеце краіны, Ватыкану, і найбуйнейшай канфесіі, Каталіцкага касцёлу, з 1,4 млрд вернікаў. Аднаму Богу вядома, хто ў выніку станецца 267-м пантыфікам, але людзі свае думкі выказваюць. І ў іх ёсць свае фаварыты.

Людзі моляцца ля статуі Яна Паўла ІІ ля больніцы Джэмэллі, дзе шпіталізаваны на лячэнне ад двухбаковай пнеўманіі Папа Францішак. Рым, Італія. 22 лютага 2025 года. Фота: Alberto Pizzoli / AFP / East News
Хто можа стаць новым Папам Рымскім і як будзе праходзіць галасаванне? Аналітыка

Фармальна стацца новым Папам можа любы мужчына-каталік. Але на практыцы апошнія 500 гадоў лік прэтэндэнтаў абмяжоўваецца кардыналамі, якія беспасярэдне і абіраюць пераемніка апостала Пятра на канклаве. Сёлета такіх будуць 133 з розных краінаў і кантынентаў. Усе яны ўжо прыбылі ў Ватыкан.

Найбольш кардыналаў рэпрэзентуюць Еўропу (52, у тым ліку Італію – 7), 37 – Амерыку (у тым ліку 10 – ЗША і 7 – Бразілію), 23 – Азію, 17 – Афрыку і 4 – Аўстралію з Акіяніяй. 15 краінаў будуць рэпрэзентаваныя на канклаве ўпершыню.

З гэтых 133 кардыналаў 108 атрымалі сан пры Папу Францішку, 20 – пры Бэнэдыкту XVI і 5 – пры Яну Паўлу ІІ. Самы малады з іх – 45-гадовы ўкраінскі грэка-каталіцкі біскуп Мікола Бычок, які нясе служэнне ў Аўстраліі, а найстарэйшы – іспанскі іерарх Карлас Асора Сьера, якому 16 траўня споўніцца 80 гадоў. Старэйшыя за гэты век кардыналы на канклаў не дапускаюцца.

Як будзе праходзіць працэдура выбараў новага Папы, мы ўжо пісалі раней. Як і пра тое, у якіх фільмах можна паназіраць за працэдураю наглядна. Таму паўтарацца не будзем. Цяпер, беспасярэдне перад канклавам, прапануем больш пільна глянуць на асобы найбольш імаверных прэтэндэнтаў, прынамсі на думку букмекераў.

Манашкі шпацыруюць па плошчы Святога Пятра ў Ватыкане напярэдадні канклаву. 4 траўня 2025 года. Фота: Dimitar Dilkoff / AFP / East News
Манашкі шпацыруюць па плошчы Святога Пятра ў Ватыкане напярэдадні канклаву. 4 траўня 2025 года. Фота: Dimitar Dilkoff / AFP / East News

Праўда, варта разумець, што прагнозы букмекераў спраўджваюцца далёка не заўсёды. Гэтак, у 2013 годзе, калі перамог Хорхэ Мар'ё Бэргольё (будучы Папа Францішак з Аргентыны), фаварытам быў італьянец Анджэлё Сколя. А вось у 2005 годзе лідарам чаканняў быў менавіта немец Ёзэф Рацынгер, які і стаўся Папам Бэнэдыктам XVI.

,,

«Мне здаецца, прагнозы – няўдзячны занятак. Можна спрачацца, рабіць стаўкі, але не заўсёды перамагае самы вядомы кандыдат. Дзве траціны галасоў набраць складана. Трэба мець мінімальна негатыўнае амплуа, хутчэй за ўсё, чым максімальна пазітыўнае», – казала «Белсату» тэолаг Наталля Васілевіч.


Кардыналы даюць клятву не выдаваць таго, што адбываецца на канклаве. 12 сакавіка 2013 года, Сікстынская капэла, Ватыкан. Фота: MAURIX / Gamma-Rapho via Getty Images
Не толькі «Канклаў»: што паглядзець пра выбары Папы Рымскага Шуфлядка

Прэм’ер-міністр Ватыкану

Цяпер сярод букмекераў лідаруе італьянскі кардынал П’етра Паралін. Яму 70 гадоў, сан кардынала атрымаў у 2014-м пры Папу Францішку. За год да таго ўзначаліў Дзяржаўны сакратарыят Ватыкану і застаецца на гэтай пасадзе да сёння. Фактычна гэта адначасова прэм’ер-міністр і міністр замежных справаў Ватыкану. Да таго Паралін чатыры гады быў апостальскім нунцыем (амбасадарам) у Венесуэле. Дзякуючы гэтаму Нікаляс Мадура запрашаў яго пасля мадэратарам на перамовы з апазіцыяй у Венесуэле. Таксама ён браў удзел у перамовах ЗША з Кубай, у заключэнні спрэчнай дамовы Ватыкану з Кітаем адносна прызначэння біскупаў, за што быў крытыкаваны іерархам з Гон-Конгу.

У 2022 годзе Паралін асудзіў уварванне Расеі ва Украіну, заклікаўшы да перамоваў. Таксама кардынал неаднаразова падкрэсліваў, што ўкраінцы маюць маральнае права да «збройнай абароны ў выпадку агрэсіі». Пры гэтым у 2024-м выказваў асцярогі адносна магчымай эскалацыі пасля ўкраінскага наступу ў Курскай вобласці РФ. Ватыкан жа пад ягоным кіраўніцтвам быў пасярэднікам у абмене палоннымі паміж Кіевам і Масквою. Паралін неаднаразова сустракаўся з Уладзімірам Зяленскім, у тым ліку ўжо па смерці Папы Францішка 26 красавіка 2025 года. Таксама, на думку Параліна, права на абарону мае Ізраіль, але яно мае быць «прапарцыйным».

Італьянскі кардынал і дзяржаўны сакратар Ватыкану П’етра Паралін прыбывае ў базіліку Святога Пятра перад пачаткам імшы на восьмы дзень пасля пахавання Папы Францішка ў Ватыкане. 3 траўня 2025 года. Фота: Andreas Solaro / AFP / East News
Італьянскі кардынал і дзяржаўны сакратар Ватыкану П’етра Паралін прыбывае ў базіліку Святога Пятра перад пачаткам імшы на восьмы дзень пасля пахавання Папы Францішка ў Ватыкане. 3 траўня 2025 года. Фота: Andreas Solaro / AFP / East News

У 2015 годзе дзяржаўны сакратар наведваў з афіцыйным візітам Беларусь і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. А вось з дэмакратычнымі сіламі пасля 2020-га так і не сустрэўся, хоць тыя спрабавалі ўсталяваць з ім кантакты. Тым не менш на пахаванне Папы Францішка офіс Святланы Ціханоўскай запрашэнне атрымаў. Падчас візіту беларускіх біскупаў у Ватыкан у лютым 2025 года кардынал паказаў добрае знаёмства з беларускаю сітуацыяй: цікавіўся перарэгістрацыяй парафіяў паводле новага Закону аб рэлігіі, справаю зачыненага ўладамі Чырвонага касцёлу ў Менску і персанальнымі справамі святароў.

Ва ўнутрыкасцельных пытаннях кардынал лічыцца памяркоўным. Ён выступае за далейшую дэмакратызацыю Касцёлу і дапускае перагляд правілаў цэлібату (няшлюбнасці) для святароў. Але пры гэтым стаіць на кансерватыўных пазіцыях у такіх пытаннях, як эўтаназія і аднаполыя шлюбы. Сярод іншага, вельмі крытыкаваў ліберальныя крокі Касцёлу Нямеччыны.

У выпадку абрання Папам Паралін станецца першым італьянцам на гэтай пасадзе з 1978 года. І першым пантыфікам, які перад тым быў дзяржаўным сакратаром, з 1939-га.

Папа Францішак пасля сустрэчы з нацыянальнымі ўладамі і грамадзянскаю супольнасцю ў першы дзень чатырохдзённага візіту ў Люксембург і Бельгію. 26 верасня 2024 года. Фота: Omar Havana / AP Photo / East News
Пайшоў з жыцця Папа Францішак. Неадназначны рэвалюцыянер і рамантык на Папскім пасадзе Аналітыка

Азіяцкі Францішак

На думку букмекераў, другі, хто мае шанцы стацца папам, – Люіс Тагле, 67-гадовы філіпінскі кардынал. Ён паходзіць з мяшанай філіпінска-кітайскай сям’і, што ў час іспанскага каланіялізму належала да мясцовай эліты. У 2001 годзе быў прызначаны біскупам Імусу, адкуль паходзіла ягоная сям’я, а ў 2012-м – арцыбіскупам Манілы, сталіцы Філіпінаў. Тады сама атрымаў ад Папы Бэнэдыкта XVI сан кардынала.

У 2011 годзе Тагле стаўся першым азіятам у Ватыканскай Міжнароднай багаслоўскай камісіі, затым увайшоў у склад Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі, Папскіх радаў у пытаннях сям’і, мігрантаў, заканадаўчых тэкстаў ды іншых органаў Рымскай курыі. У 2020-м кардынал узначаліў Кангрэгацыю евангелізацыі народаў і пакінуў Філіпіны для служэння ў Рыме. У 2022-м быў прызначаны прапрэфектам секцыі евангелізацыі Дыкастэрыі евангелізацыі, якую ўзначальвае да сёння.

Тагле, які атрымаў мянушку Азіяцкі Францішак, лічыцца больш ліберальным за Параліна. Ён быў уцягнуты ў шмат якія сацыяльныя праблемы на Філіпінах, надаючы асаблівую ўвагу дапамозе бедным, але адначасова абараняючы пазіцыю Касцёлу ў пытанні спаронаў і кантрацэпцыі. Кардынал крытыкаваў выкарыстанне Касцёлам «рэзкіх словаў» у дачыненні прадстаўнікоў ЛГБТ, а таксама разжэненых каталікоў і тых, хто паўторна ўступіў у шлюб, выступаючы за наданне дазволу ім прычашчацца, але з улікам кожнага канкрэтнага выпадку. Медыі называюць яго «ўлюбёным кандыдатам» інтэрнэтнай гей-супольнасці. Таксама ён выступаў за лепшае стаўленне да мігрантаў і ўцекачоў, арганізоўваў кампанію на Філіпінах за памяншэнне вуглевадародных выкідаў, але крытыкаваў «практычны атэізм».

Кардынал Люіс Тагле на імшы «Novemdiales» у базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане. 30 красавіка 2025 года. Фота: Antonio Masiello / Getty Images
Кардынал Люіс Тагле на імшы «Novemdiales» у базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане. 30 красавіка 2025 года. Фота: Antonio Masiello / Getty Images

У палітычных пытаннях Тагле падтрымлівае згаданае вышэй пагадненне Ватыкану з Кітаем. Таксама ў яго не склаліся стасункі з прэзідэнтам Філіпінаў 2016–2022 гадоў Радрыга Дутэртэ, які пасля прыходу да ўладу абвясціў вайну наркакартэлям. Яе ахвярамі сталіся да 30 тысяч асобаў, у тым ліку каля 20 тысячаў цывільных. У 2017-м у пастырскім лісце Тагле заяўляў, што «не можна кіраваць краінаю забіваючы». Аднак яго шмат крытыкавалі за запозненую рэакцыю і тое, што, кажучы «вельмі рэзкія заявы пра пазасудовыя пакаранні смерцю», ніколі не крытыкаваў асабіста Дутэртэ.

У 2022 годзе Тагле, які з 2015-га ўзначальваў каталіцкую дабрачынную арганізацыю «Caritas Internationalis», апекаваўся наданнем дапамогі прыкладна 160 тысячам асобаў ва Украіне і ўкраінскім уцекачам за мяжой. Аднак, адзначаюць украінскія медыі, быў стрыманы ў каментарах пра вайну, ужываючы агульныя выразы пра пакуты і вайну ды асуджаючы агрэсара.

Папа Францішак падчас сустрэчы з унутрана перамешчанымі асобамі ў Зале Свабоды ў Джубе, Паўднёвы Судан. 4 лютага 2023 года. Фота: Tiziana Fabi / AFP
Тэолаг Наталля Васілевіч: «Папа Францішак яшчэ пры жыцці ўскосна вызначыў, якім будзе ягоны пераемнік» навіны

У выпадку свайго абрання Тагле станецца першым Папам з Азіі з 741 года і першым з Далёкага Усходу за ўсю гісторыю каталіцтва.

Эканамічны рэфарматар і сацыяльны кансерватар

Найстарэйшы сярод першай тройкі прэтэндэнтаў – кардынал Пітэр Тэрксан з афрыканскай Ганы. Яму 76 гадоў. Паходзіць з міжканфесійнай сям’і: бацька быў каталіком, маці – пратэстанткай, а дзядзька – мусульманінам.

Тэрксан стаўся арцыбіскупам Кейп-Коўсту ў роднай Гане ў далёкім 1993 годзе. А ў 2003-м Ян Павал ІІ прызначыў яго кардыналам – першым з гэтай краіны. У 2009-м ужо Бэнэдыкт XVI прызначыў яго старшынём Папскай рады справядлівасці і міру. Таксама ён быў чальцом Кангрэгацыяў евангелізацыі народаў і каталіцкай адукацыі, Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамантаў, Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскай еднасці, Папскай камісіі ў пытаннях культурнай спадчыны Касцёлу, Папскага камітэту ў справах міжнародных еўхарыстычных кангрэсаў. У 2017–2022 гадах Тэрксан узначальваў новую Дыкастэрыю служэнню інтэгральнаму развіццю чалавека. З 2022-га – канцлер Папскай акадэміі навук і Папскай акадэміі сацыяльных навук.

Кардынал Пітэр Тэрксан на імшы ў Вербную нядзелю, якую праводзіць Папа Рымскі Францішак на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. 25 сакавіка 2018 года. Фота: Franco Origlia / Getty Images
Кардынал Пітэр Тэрксан на імшы ў Вербную нядзелю, якую праводзіць Папа Рымскі Францішак на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. 25 сакавіка 2018 года. Фота: Franco Origlia / Getty Images

У 2011 годзе Тэрксана скіравалі ў Кот-д’Івуар, каб спрыяць замірэнню паміж прэзідэнтам Лёранам Гбагбо, які прайграў выбары, але ўчапіўся «сінімі пальцамі» ў прэзідэнцкае крэсла, і апазіцыяй, якая ў іх перамагла. У 2016-м кардынал быў ізноў скіраваны з міратворчаю місіяй – на гэты раз у Паўднёвы Судан. Таксама ён заклікаў да стварэння «глабальнага дзяржаўнага органу» і «цэнтральнага Сусветнага банку» для кіравання фінансавымі інстытутамі, якія састарэлі і часта не эфектыўныя ў справядлівым вырашэнні крызісаў. Крытыкаваў «ідалапаклонства рынку» і «неаліберальнае мысленне» ды заахвочваў да салідарнасці багатых і бедных краінаў.

Тэрксан таксама неаднаразова выказваўся адносна агрэсіі Расеі супраць Украіны, заклікаючы да міру і молячыся за Украіну. Вайну называў грахоўнаю, братазабойчай і ганебнаю. Пры гэтым кардынал заяўляў, што вайну спыняць не санкцыі і «большая колькасць зброі», а кампрамісы. Дый у вайне ён вінаваціў не агрэсіўныя планы Крамля, а «гульню мускуламі паміж Захадам (NATO) і Расеяй».

Пахаванне Папы Рымскага Францішка ў Ватыкане, 26 красавіка 2025 г. Фота: vaticannews.va
Пасмяротны цуд Папы Францішка. Беларускі і ўкраінскі святары адказалі на крытыку пантыфіка навіны

У сацыяльных пытаннях Тэрксан найбольш кансерватыўны з першай тройкі. Заклікаў пазбягаць «таксічных каштоўнасцяў», як «рэлятывізм» і «атэістычны секулярызм». Ды крытыкаваў спробы развязаць праблему СНІДу ў Афрыцы з дапамогаю прэзерватываў, называючы сямейную вернасць і ўстрыманне ад сексу адзіным ключом да барацьбы з эпідэміяй. Асуджаючы крыміналізацыю ідэнтычнасці ЛГБТ і пэўныя абмежаванні ў дачыненні яе носьбітаў, разам з тым заступаўся за заканадаўства супраць ЛГБТ і практыкі ў краінах Афрыкі. Таксама Тэрксан выказваў засцярогі адносна росту мусульманскага насельніцтва ў Еўропе.

У выпадку абрання Тэрксан станецца першым Папам з Афрыкі з 496 года і першым вядомым чарнаскурым пантыфікам за ўсю гісторыю.

Ці станецца хтосьці з гэтай тройкі прэтэндэнтаў Папам ці гэта будзе нехта іншы, невядома. Бо не варта забывацца прымаўку, што той, хто ўваходзіць на канклаў Папам, часта выходзіць з яго кардыналам.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10