23 мая ў культурніцкім асяродку Ochoty OKO адбылася выстава беларускіх мастакоў. Прадстаўленыя працы — вынік 20-дзённай рэзідэнцыі, якая мела месца ў польскай сталіцы.
Адкрыццё выставы пачалося з выступу заснавальніка «Дома Творцаў» Сяржука Доўгашава і каардынатаркі рэзідэнцыі Настассі Някрасавай, якія распавялі пра праект, выставу і жыццё, што адбывалася ў «Доме Творцаў» у апошнія некалькі тыдняў. Гэта ўжо трэцяя мастацкая рэзідэнцыя, падрыхтаваная адмыслова для беларускіх творцаў. Заяўкі падалі каля 80 кандыдатаў, з якіх экспертная камісія ў складзе пяці чалавек абрала 10 лепшых. Геаграфія была разнастайная: большасць беларускіх мастакоў прыехала з розных гарадоў Польшчы — Беласток, Люблін, Бяла-Падляска; таксама прысутнічаў удзельнік з Сербіі і мастакі з Беларусі.
,,«У мяне шмат праектаў нараджаецца ў галаве, але з-за стомы і недахопу часу іх няма магчымасці рэалізаваць. А тут ты прыязджаеш у новае месца, і табе даюць час, матэрыялы, прастору і магчымасць для творчасці без таго ціску, які адчуваецца, калі я знаходжуся ў Беларусі. Так цудоўна, што ў нас была магчымасць працы над сумесным праектам — мы кантактавалі ўсе разам, ствараючы адзін твор. Кам'юніці — гэта вялікі плюс у гэтай творчай праграме», — падзялілася ўдзельніца з Беларусі.
Падчас рэзідэнцыі мастакі мелі магчымасць працаваць над уласным праектам, але яскравай кропкай 20-дзённай праграмы стаў аднадзённы майстар-клас і сумесная праца з прафесарам Варшаўскай акадэміі мастацтваў Віктарам Гуттам. Ён даў беларускім мастакам хатняе заданне — намаляваць аўтапартрэт, выкарыстоўваючы толькі тры колеры: чорны, чырвоны і белы.
,,«Я адмыслова папрасіў удзельнікаў працаваць з белым і чырвоным, таму што гэта колеры, якія аб’ядноўваюць Беларусь і Польшу — яны блізкія і вам, і нам», — адзначыў прафесар.
Эмацыйна моцным момантам стала прэзентацыя сумеснай працы, над якой мастакі працавалі разам з прафесарам Гуттам. Чорнае палатно, якім быў пакрыты твор ад пачатку, мастакі адкрывалі разам. Пасля гасцям быў прадстаўлены суправаджальны фільм, пра стварэнне і працу над творам, які дапамог больш поўна раскрыць сэнс мастацкага праекту.

Адным з самых яскравых праектаў стала інтэрактыўная праца мастачкі Кацярыны Еўдакімавай:
«Маім уласным праектам сталі шэсць ілюстрацыяў да кнігі Сашы Філіпенкі «Слон», якая мяне вельмі ўразіла. У мастакоў так бывае — чытаеш твор і хочацца перанесці ўсё гэта на паперу. Дома часу на творчасць не хапае, а тут ёсць. Раман запаў у душу — па сутнасці ён пра галоўнае, ён на ўсе часы, пра тое, што часта мы не заўважаем самага важнага –пазітыўнага або негатыўнага. «Слон» Філіпенкі мяне літаральна «разарваў на малекулы», і я намалявала ілюстрацыі».
У гасцей выставы была магчымасць знайсці схаваных сланоў у прадстаўленых на выставе творах. Сланы станавіліся бачнымі толькі пры дапамозе ўльтрафіялетавых ліхтароў.

Гэта ўжо 9-я творчая і 3-я мастацкая рэзідэнцыя, арганізаваная «Домам Творцаў». Заснавальнік Сяргей Доўгашаў распавёў пра дзейнасць праекта:
«Мы дапамагаем, развіваем і захоўваем беларускую культуру ў эміграцыі. Праводзім творчыя рэзідэнцыі — мастацкія, музычныя, тэатральныя. Часцей за ўсё — мастацкія, якія, як правіла, трываюць тры тыдні.
,,Наша задача — падтрымаць тых, хто пасля пераследу адаптуецца і хоча вярнуцца да мастацтва, а таксама даць магчымасць мастакам і творчым дзеячам развіваць свае таленты ў свабоднай, прафесійнай, спакойнай атмасферы.
Увесь час шукаем магчымасці, каб застацца на плаву — пішам праектныя заяўкі, шукаем інвестараў. Мы атрымліваем гранты на рэзідэнцыі, але само існаванне дома патрабуе штомесячнай аплаты — арэнды, камунальных паслуг. Часам узнікаюць пазыкі, і трэба ўкладваць уласныя сродкі на ўтрыманне дома. Але мы прыдумалі іншую рэч — не толькі прасіць, але і даваць адваротную сувязь: нас можна падтрымаць і атрымаць лот — заняткі, карціну мастака або віншавальнае відэа. Аплаціўшы лот, вы падтрымліваеце нас і атрымліваеце падарунак. Таксама ў «Доме Творцаў» можна набыць творы беларускіх мастакоў і такім чынам падтрымаць беларускае мастацтва і сучасных творцаў».

Выстава працягнецца да 6 чэрвеня. Купіць творы беларускіх мастакоў можна на сайце. Падтрымаць праект фінансава вы можаце па спасылцы .
«Дом Творцаў» быў заснаваны ў снежні 2021 года ў Варшаве. Мэта праекта — падтрымка, рэабілітацыя і творчая рэалізацыя беларускіх мастакоў як у эміграцыі, так і ў Беларусі. Гэта пляцоўка для стварэння новых праектаў і месца, дзе творцы могуць развівацца, аднаўляцца і абменьвацца досведам у бяспечным і вольным асяроддзі.
Наста Пабягунская belsat.eu