Каманда «BYInside» высветліла, чым цяпер займаецца былы кіраўнік Службы бяспекі Лукашэнкі і экс-міністр унутраных справаў Беларусі Уладзімір Навумаў.
Як паведамляе «Plan B.», ёсць звесткі, што ў 1999–2000 гадах Уладзімір Навумаў меў дачыненне да знішчэння галоўных супернікаў Лукашэнкі і расчышчаў шлях апошняму да новага прэзідэнцкага тэрміну. Цяпер Навумаў мае вялікі бізнес там, дзе зноў пахне смерцю, – у разбураным і акупаваным Расеяй украінскім Марыупалі.
Як высветліла каманда «BYInside», з лістапада 2023 года Уладзімір Навумаў валодае 75 % долі ў зарэгістраванай у Маскве кампаніі «Зорка Фуд».
Кампанію заснавалі ў канцы 2021 года Юрый Пашкевіч і Кірыл Фядотаў. Але цяпер партнёрам Навумава з 25 % долі выступае Таццяна Пашкевіч.
Як асноўны від дзейнасці ў «Зорка Фуд» значыцца «агулавы гандаль мясам і мяснымі прадуктамі». Але бізнес-прыярытэтам сталіся збожжа і кармы. Гэта адбылося прыкладна тады, калі кампанія перанесла асноўную дзейнасць у непрызнаную Данецкую Народную Рэспубліку.
У пачатку 2023 года «Зорка Фуд» адкрыла філіял у Марыупалі. У сакавіку 2023 года ў карпаратыўным профілі ў VK з'явілася абвестка, што марыупальскі філіял «Зорка Фуд» пачынае прыём пшаніцы ў Марыупальскім гандлёвым порце.
Потым у чэрвені таго ж года на стужцы ТАСС была размешчаная навіна пад загалоўкам «Першая кампанія з Беларусі пачала экспарт збожжа праз порт Марыупалю».
У ёй са спасылкай на старшыню ўраду ДНР Яўгенія Сонцава паведамлялася:
«У марыупальскі порт заехала першая – пакуль адзіная – кампанія з Беларусі, яна перавальвае на экспарт сваю сельскагаспадарчую прадукцыю: збожжа, тэхнічныя культуры. Яны працуюць у нас ужо каля двух месяцаў, арандавалі складскія памяшканні. Заключаныя наўпроставыя кантракты з адміністрацыяй порту, цяпер за мяжу адпраўлена пяць партыяў з некалькіх тысяч тонаў».
Першы год працы праз марыупальскі порт паказаў, што перспектывы для «Зорка Фуд» ёсць. Па выніках 2023 года яе выручка вырасла ў 260,1 разу і склала 202 млн расейскіх рублёў. На дадатак, кампанія ў 5,9 разу скараціла страты, якія за год да гэтага (яшчэ без Навумава) складалі 44,1 млн расейскіх рублёў.

Гандлем збожжам пастанавіў заняцца і сын Уладзіміра Навумава – Захар. Як высветліла каманда «BYInside», былы працаўнік беларускага МЗС, які разам з бацькам з'ехаў у Маскву, зарэгістраваў там сёлета ў траўні фірму «Венера Агра». У «Венеры Агра» і «Зоркі Фуд» адзін кіраўнік – Анар Абасаў.
Як прасоўваецца збожжавы бізнес сям'і Навумавых у гэтым годзе, пакуль звестак няма. Але, як высветліла каманда «BYInside», Навумавы яго дыверсіфікуюць. Дапамагчы ў гэтым былому міністру ўнутраных справаў Беларусі згадзіўся кіраўнік ДНР Дзяніс Пушылін.
Вядома, што цяпер Навумаў рэалізуе яшчэ і «маштабны інвестыцыйны праект, які прадугледжвае будаўніцтва аграмолу». Гэта будзе буйны аграрны рынак. Больш за паўтысячы месцаў агулавага і раздробнага гандлю. Праект, які называецца «Чатыры сезоны», ушанаваў сваёй увагаю кіраўнік ураду ДНР Яўгеній Сонцаў.
Быў на прэзентацыі праекту і сам саўладальнік «Зоркі Фуд» Уладзімір Навумаў.
Дарэчы, калі Навумаў быў міністрам, ён не саромеўся называць памер свайго штомесячнага акладу. Дык вось, сума, якую ён хоча выдаткаваць на аграмол у Марыупалі, у 100 разоў большая за тую, якую ён зарабіў за ўсе дзевяць гадоў на чале МУС Беларусі, падлічыла каманда «BYInside».
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Надзея Вольная belsat.eu