Расея перадасць Украіне «мірны мемарандум» у бліжэйшыя дні, праца над дакументам знаходзіцца ў завяршальнай стадыі, распавёў намеснік старшыні Савету Федэрацыі Расеі Канстанцін Касачоў медыягрупе «Звезда».
«Праца над мемарандумам вядзецца, і яна знаходзіцца ў завяршальнай стадыі. Я чакаю таго, што расейскія напрацоўкі па мемарандуме будуць перададзеныя супрацьлегламу боку ў бліжэйшыя дні», – сказаў Канстанцін Касачоў.
Ён адзначыў, што наўрад ці на гэтай стадыі ўмовы перамір'я стануць агульнавядомыя.
Раней пра «мірны мемарандум» распавёў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп, падзяліліся крыніцы выдання «Axios». З іх слоў, Трамп падчас тэлефоннай размовы папрасіў Уладзіміра Пуціна падрыхтаваць такі дакумент, які «людзі змогуць прыняць», а не такі, які адразу будзе адкінуты.
Тэлефонны званок адбыўся 19 траўня пасля сустрэчы дэлегацый Украіны і Расеі ў Стамбуле 16 траўня. Паводле яе вынікаў украінскі бок заявіў, што Расея выставіла шэраг жорсткіх патрабаванняў, якія Украіна не хоча прымаць.
Паводле «Bloomberg», Расея патрабуе, каб Украіна прызнала анексію Крыму і Данецкай, Луганскай, Херсонскай, Запарожскай абласцей, у якіх прысутнічаюць расейскія вайскоўцы, але ніводная з якіх не знаходзіцца пад кантролем Расеі.
Арсен Рудэнка belsat.eu