навіны

«Уразлівыя як ніколі»: што азначае новы ўказ пра міграцыю для замежнікаў

Працоўныя з Індыі і Пакістана на будоўлі. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: musavat.ru
Працоўныя з Індыі і Пакістана на будоўлі. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: musavat.ru
podpis źródła zdjęcia

Указ «Аб падвышэнні ролі наймальнікаў у галіне вонкавай працоўнай міграцыі», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 21 траўня, робіць працоўных мігрантаў, якія прыедуць у нашу краіну, вельмі ўразлівымі. Адказнасць кладзецца таксама і на беларускіх працадаўцаў. Да чаго гэта можа прывесці і ці не бяспечней мігрантам застацца дома, а працадаўцам абысціся неяк зусім без замежнікаў?

Працаўнікі. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belmarket.by
Наймальнікаў у Беларусі абавяжуць правяраць умовы пражывання працоўных мігрантаў навіны

Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з праваабаронцаю «Human constanta» Энірай Браніцкай.

Як вядома, падчас сустрэчы з пакістанскім прэм'ер-міністрам Шахбазам Шарыфам Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатовасць Беларусі запрасіць у Беларусь больш за 150 тысяч мігрантаў з Пакістану. Гэтая вестка настолькі моцна ўскаланула грамадскае меркаванне ў краіне, што ўладам прыйшлося гасіць абурэнні з дапамогай прапагандыстаў і сілавікоў.

У той жа час, убачыўшы праблему, створаную ўласнаруч, улады пачалі рабіць іншыя захады. Вынікам стаў указ «Аб падвышэнні ролі наймальнікаў у галіне вонкавай працоўнай міграцыі», у якім прапісаныя нормы, якія могуць адпужаць як саміх мігрантаў, так і беларускіх наймальнікаў.

На думку праваабаронцы «Human constanta» Эніры Браніцкай, улады прыйшлі да рашэння, якое з’яўляецца тыповым для іх у апошні час – выкарыстаць сілавы метад.

У той жа час цягам больш як двух гадоў беларускае кіраўніцтва спрабавала якраз палегчыць працоўнае заканадаўства, асабліва частку, датычную працоўных мігрантаў, паколькі прызнавалася, што ў краіне не хапае працоўных рук, адзначае праваабаронца.

,,

«Гэта прывяло да таго, што была створаная міграцыйная стратэгія, прынятая канчаткова ў пачатку 2024 года, дзе было прама сказана, што адток людзей вышэйшы за прыток, і адным з рашэнняў было прыцягненне працоўных мігрантаў. Там, праўда, было сказана культурна блізкіх працоўных мігрантаў... І для гэтага рабіліся пэўныя крокі», – кажа Эніра Браніцкая.


Праваабаронца таксама дадала, што існаваў пералік прафесіяў, спецыяльнасцяў, якія наймальнікі маглі «закрываць» працоўнымі мігрантамі без атрымання якіх-кольвек дазволаў. Гэты пералік пастаянна пашыраўся, то-бок увесь час рабіліся захады, каб людзям было прасцей прыязджаць і працаваць у Беларусі.

Мігранты, якія спрабуюць нелегальна перасекчы беларуска-польскую мяжу. Фота: Maciej Luczniewski / NurPhoto via Getty Images
Мігранты, якія спрабуюць нелегальна перасекчы беларуска-польскую мяжу. Фота: Maciej Luczniewski / NurPhoto via Getty Images

Яшчэ раз пра ўказ


Праваабаронца звяртае ўвагу на шэраг праблематычных момантаў у прынятым указе. У прыватнасці, яна кажа, што ў ім прапісана магчымасць умяшання ў асабістае жыццё людзей: да мігрантаў могуць прыходзіць супрацоўнікі і правяраць іх жыллё. І калі чалавек адмаўляецца даць доступ у сваё жыллё, гэта ўжо расцэньваецца як парушэнне ўмоваў працоўнага дагавору і можа стаць падставай для яго скасавання.

Яна таксама звяртае ўвагу на патрабаванне ведаць дзяржаўную мову, якое прымяняецца толькі да замежных працаўнікоў.

,,

«Там прапісана, што мігранты павінны ведаць адну з дзяржаўных моў на прымальным узроўні, і гэта будзе нейкім чынам правярацца перад заключэннем працоўнай дамовы, і няведанне гэтай мовы з'яўляецца падставай для незаключэння дамовы. Па вялікім рахунку гэта дыскрымінацыйная норма, заснаваная на веданні мовы, таму што ні для каго іншага ў Беларусі няма такога патрабавання», – адзначае Браніцкая.


Адзначае яна і рызыкі, звязаныя з магчымасцю выкарыстання сітуацыі з запрашэннем мігрантаў з боку крымінальных элементаў.

«Сёння ёсць спробы выкарыстоўваць гэта заканадаўства для трафікінгу людзей, у тым ліку – да еўрапейскай мяжы або ў цэлым для таго, каб людзі маглі атрымліваць візы, прыязджаць у Беларусь», – кажа яна.

Улады Беларусі, на думку Браніцкай, разумеюць гэта, але пакуль не ведаюць, што з гэтым рабіць, і таму імкнуцца ўзяць пад поўны кантроль тых працадаўцаў, якія запрашаюць замежнікаў.

Эніра Браніцкая заўважае, што агулам у Беларусі заканадаўства ў плане рэгулявання працы замежнікаў пабудаванае такім чынам, што, калі працоўны дагавор з замежным працаўніком разрываецца, то ён губляе падставы для часовага пражывання, а часу, каб знайсці іншага працадаўцу, вельмі мала. Таму найчасцей гэтага не адбываецца.

,,

«Зараз жа гэта робіцца яшчэ і прыніжальна, публічна: калі што, то будзем усіх высяляць. Таму замежнікі і раней былі ўразлівыя, але цяпер, мне здаецца, могуць стаць уразлівымі яшчэ больш», – адзначае Браніцкая.


Працадаўцы не будуць гарэць жаданнем


Як вядома, ва ўказе прапісаная адказнасць і для працадаўцы па наглядзе за працоўнымі мігрантамі. Але, на думку, праваабаронцы, у гэтага таксама будуць свае наступствы.

«Я думаю, што гэта выльецца проста ў тое, што ніхто не будзе браць мігрантаў на працу. Насамрэч і раней працадаўцы не гарэлі жаданнем гэта рабіць, асабліва калі патрабаваліся такія дазволы. Бо гэта шмат бюракратыі. І на сённяшні дзень я не бачу таксама, што павінна зматываваць працадаўцаў зноў браць замежнікаў на працу, калі да іх яшчэ будуць павышаныя патрабаванні», – адзначае суразмоўца.

Прыезджыя з Пакістану. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com
Прыезджыя з Пакістану. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com

На думку Браніцкай, калі гэтая палітыка прыцягнення працоўных мігрантаў будзе ўкараняцца масава, то асноўны цяжар возьмуць на сябе буйныя працадаўцы – напрыклад, заводы ці іншыя буйныя прадпрыемствы. І гэта будзе працаваць як стандартны адміністрацыйны рэсурс: калі зверху сказалі працаўладкоўваць і кантраляваць гэтых людзей, значыць, мусяць выконваць.

Праваабаронца падкрэслівае, што пакуль бачыць нашмат больш негатыўных наступстваў менавіта для замежнікаў. Беларусь і так не зʼяўляецца асабліва прывабнай краінай для міграцыі, але некаторыя людзі ўсё ж выбіралі яе, бо ў іх на радзіме яшчэ горш. Цяпер гэтая палітыка фактычна робіць працоўных мігрантаў вельмі ўразлівымі.

Калі ўлічваць агульную сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, адсутнасцю справядлівага суда, антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, адсутнасцю вольных прафсаюзаў, то, на думку Эніры Браніцкай, няма аніводнай інстытуцыі, якая магла б абараніць гэтых людзей.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10