25 сакавіка з нагоды Дня Волі ў Музычным універсітэце Фрэдэрыка Шапэна ў Варшаве адбылася імпрэза, арганізаваная МЗС Польшчы ў супрацы з Аб'яднаным пераходным кабінетам Беларусі. Пасля прамоваў палітыкаў перад прысутнымі выступіў беларускі жаночы хор «Spievy». «Белсат» пабываў на ўрачыстасці.
Падзею распачаў рэктар Музычнага ўніверсітэту Фрэдэрыка Шапэна прафесар Томаш Штраль. Ён вітаў прысутных у зале намесніцу міністра замежных справаў Польшчы Анну Радван, намесніка кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі Паўла Латушку, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу і польскага парламенту, а таксама першую амбасадарку Польшчы ў Беларусі Эльжбету Смулкову.
«Але гэта цяжкі Дзень Волі…»
Намесніца міністра замежных справаў Польшчы Анна Радван пачала сваю прамову просьбаю зладзіць гучныя апладысменты для тых, «хто прыняў выклік і прысвяціў сваё жыццё змаганню за беларускую справу, хто змагаецца за тое, каб Беларусь магла святкаваць волю».
«Мы сабраліся тут адзначыць беларускі Дзень Волі. Але гэта цяжкі Дзень Волі. І сёння мы тут яшчэ і для таго, каб успомніць і прыгадаць, што мінула ўжо чатыры гады з дня арышту актывіста польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута. Мы верым, што прыйдзе дзень, калі Анджэй Пачобут выйдзе на волю. Ягонае стаўленне паказвае нам, наколькі важкую і высокую цану мы плацім за тое, каб змагацца за свабоду, абараняць тое, што для нас самае важнае», – казала Анна Радван.
Яна нагадала, што Польшча ў самых розных сферах падтрымлівае дзейнасць беларусаў, якім лукашэнкаўскі рэжым зрабіў немагчымым свабоднае жыццё ва ўласнай краіне. Выступоўца згадала пра праграмы падтрымання беларускай культуры, беларускай спадчыны і мовы, пра стыпендыяльную праграму імя Кастуся Каліноўскага для беларускіх студэнтаў у выгнанні, пра падтрыманне беларускіх навукоўцаў.
Асобна Анна Радван адзначыла «паслядоўнае падтрыманне тэлеканалу «Белсат».
«Завяршаючы, хацела падзяліцца са спадарствам успамінамі 10-гадовай даўніны, калі я наведала Беларусь і пабывала ў Горадні, Менску, Гомлі. Мела тады магчымасць спаткацца з грамадзянамі, адчуць веру грамадзянскай супольнасці ў дэмакратычную і еўрапейскую будучыню Беларусі. Нягледзячы на тое, што мінула столькі часу з таго візіту, перад маймі вачыма дагэтуль стаяць маладыя людзі з позіркам, поўным надзеі і веры ў тое, што дэмакратычная Беларусь – магчымая. І ў гэты важны дзень зычу ўсім нам здзяйснення нашых мараў пра вольную, дэмакратычную, еўрапейскую Беларусь», – падсумавала намесніца міністра МЗС Польшчы Анна Радван.

«Ён не здолее скрасці ў нас гэты дзень»
Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка падзякаваў польскаму МЗС, асабіста міністру Радославу Сікорскаму і ягонай намесніцы Анне Радван за арганізацыю імпрэзы, «за цвёрдую і паслядоўную пазіцыю ў абароне нашай свабоды і незалежнасці». Ён выказаў таксама словы падзякі польскаму грамадству і ўсім еўрапейскім партнёрам «за салідарнасць і адчыненыя дзверы для тых, хто быў змушаны пакінуць сваю Айчыну», за дапамогу тым, хто працягвае змагацца.
«Дзень Волі – сімвал нашай барацьбы і нашай незалежнасці. 25 сакавіка 1918 года БНР стварыла гістарычныя падставы для існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь. Але сёння Дзень Волі мае і дадатковы сэнс. Ён азначае для нас, беларусаў, барацьбу за свабоду. Бо немагчыма ўявіць сапраўды незалежную Беларусь без свабоднага народу», – сказаў Павел Латушка, чаргуючы ў сваёй прамове беларускую і польскую мовы.
«Сёння кожнаму беларусу і беларусцы належыць сказаць вялікі дзякуй. Як беларус, я ганаруся тым, што належу да беларускага народу! І гэта народ, які адновіць сваё права вырашаць свой лёс», – дадаў палітык.
Павел Латушка нагадаў, што рэжым Лукашэнкі на працягу больш за 30 гадоў спрабуе сцерці дату 25 сакавіка з памяці нацыі, а сёлета прызначыў акурат на гэты дзень сваю «фальшывую інаўгурацыю».
«Але ён дарма мяркуе, што здолее скрасці ў нас гэты дзень. Бо гэты дзень належыць нацыі. Гэта нашая гісторыя, але гэта і нашая будучыня», – падкрэсліў Павел Латушка.

«Так выглядае дʼябальская сімволіка Лукашэнкі»
Павел Латушка заклікаў аддаць даніну павагі ўсім беларусам, якія змагаліся за волю беларускага народу: паўстанцам Кастуся Каліноўскага, удзельнікам Слуцкага збройнага чыну, дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га склікання, усім, хто вёў барацьбу з дыктатураю Лукашэнкі, хто выйшаў на пратэсты ў 2020 годзе і хто выходзіў супраць вайны ва Украіне ў 2022-м, хто змагаецца за Украіну і хто пакутуе ў беларускіх турмах, хто не спыніўся ў сваім змаганні.
«Рэжым хоча прымусіць нас маўчаць, хоча запалохаць. У гэты ж дзень 4 гады таму Анджэй Пачобут трапіў у вязніцу. Вось так выглядае дʼябальская сімволіка Лукашэнкі», – заўважае Латушка.
Нягледзячы на тое што рэпрэсіі працягваюцца кожную хвіліну («нават сёння, у гэты самы момант»), дыктатарскаму рэжыму не ўдалося застрашыць беларускі народ, зазначыў палітык. 23 сакавіка беларусы выйшлі на марш Волі ў Варшаве, а 25-га – у іншых гарадах і краінах свету.
«Нягледзячы на ўсе пагрозы, застрашванні і рэпрэсіі, мы паказалі, што нашая воля мацнейшая за страх. І я не маю сумневу, што беларусы і ў Беларусі адзначаюць Дзень Волі – у сваіх дамах, у коле сяброў і родных. Я ўпэўнены, што і ў Беларусі цяпер гучыць «Жыве Беларусь!». Голас нашай волі гучыць і будзе гучаць! І ў Беларусі, і ў эміграцыі», – запэўніў беларускі палітык.
,,Ён сцвердзіў, што «эміграцыя можа адыграць вельмі важную ролю ў адраджэнні дзяржавы». Лукашэнкаўскі рэжым добра разумее гэта і менавіта таму вельмі баіцца яе. Бо акурат на эміграцыі ствараецца «нашая дэмакратычная альтэрнатыва рэжыму».
«У нас адабралі голас, але мы замянілі яго спевамі»
«Прэзідэнт-элект, Аб'яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная Рада – гэта альтэрнатыва дыктатуры. І гэта аснова для будучага дэмакратычнага транзіту і адраджэння незалежнай Беларусі, якую значна падарвалі гады лукашызму», – гаворыць Павел Латушка.
«Беларусь не Паўночная Карэя 2.0. Беларусь – гэта частка Еўропы. І незалежнасць Беларусі павінна быць нашым супольным агульнаеўрапейскім прыярытэтам», – дадаў ён.
«Шаноўныя беларусы і беларускі, сёння ўсе мы – частка новага этапу беларускай гісторыі. Мы прайшлі праз выпрабаванні і страцілі шмат, але не страцілі галоўнага – сваёй веры, сваёй волі, сваёй любові да Беларусі і бел-чырвона-белага сцягу, які будзе лунаць па-над нашай краінаю як дзяржаўны сцяг незалежнай і вольнай Беларусі», – падагульніў Павел Латушка, скончыўшы выступ радкамі з «Песні вольнага чалавека» Янкі Купалы.

Афіцыйную частку імпрэзы з нагоды Дня Волі ў Музычным універсітэце Фрэдэрыка Шапэна завяршыў выступ беларускага жаночага хору «Спевы» («Spievy»), вядомага таксама як «Спевы з-пад мосту». У 2023 годзе дзяўчыны пачалі збірацца і спяваць беларускія этнічныя песні пад мостам на правым беразе Віслы ў Варшаве пад кіраўніцтвам Русі – вакальнай дызайнеркі і лідаркі гурту «Šuma». Раней аматарскі, калектыў выйшаў ужо на цалкам прафесійны ўзровень.
Ягоны выступ надаў урачыстасці 25 сакавіка абсалютна касмічнай і аўтэнтычнай энергіі і глыбіні. «Spievy» выканалі больш за 10 твораў, у тым ліку славутую «Купалінку».
«У нас адабралі голас, і цяпер мы замяняем яго спевамі», – сказала напрыканцы адна з удзельніц калектыву.
Акцыі і імпрэзы з нагоды 107-й гадавіны абвяшчэння БНР праходзяць сёлета ва ўсім свеце – ад польскага Беластоку да канадскага Эдмантану. У Беларусі Дзень Волі святкуюць у падполлі.
Зміцер Міраш