Рэпартаж

«Тысячы беларусаў былі б радыя такому падтрыманню». Беларус арганізаваў харчовую дапамогу ў Варшаве

Раздача прадуктаў беларусам, якія жывуць у нястачы, арганізаваная прапаведнікам Сергіем Мельянцом. Варшава, Польшча
Раздача прадуктаў беларусам, якія жывуць у нястачы, арганізаваная прапаведнікам Сергіем Мельянцом. Варшава, Польшча. 13 лютага 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Вечар. Адна з вуліц Варшавы. Каля грузавой машыны – дзве чаргі. Людзі атрымліваюць каробкі з прадуктамі харчавання – у іх салаты, сыры, ёгурты і нават марозіва. Так выглядае дабрачынная акцыя, арганізаваная адным з мясцовых фондаў. Да яго дзейнасці далучыўся беларускі прапаведнік, былы палітвязень Сергій Мельянец. Другая чарга – гэта беларусы і ўкраінцы, якія прыйшлі па прадукты на ягонае запрашэнне. Пагутарылі з Сергіем пра ініцыятыву.

«Я адразу казаў, што маю вялікае жаданне дапамагаць людзям»


Прадукты раздаюць некалькі разоў на тыдзень, іх склад можа быць абсалютна розны: як гатовыя салаты, так і свежае мяса, гародніна, фрукты, выпечка, вада і інш. Гэта ўсё бясплатна, часам толькі валанцёры просяць тых, хто можа, пакінуць дробязь на паліва. Атрымаць харчовую дапамогу могуць былыя палітвязні, сем’і палітвязняў, шматдзетныя бацькі, людзі ў сталым узросце, інваліды, хворыя, а таксама любы чалавек у цяжкім становішчы.


Думка пра падобную ініцыятыву прыйшла да Сергія амаль адразу пасля вымушанага ад’езду з Беларусі ўвесну 2024 года. Мы распавядалі гісторыю мужчыны – хрысціянскі прапаведнік, шматдзетны бацька (у Сергія з жонкай – сямёра дзяцей) правёў за кратамі амаль месяц за тое, што хадзіў на палітычна матываваныя суды, каб падтрымацю людзей і маліцца за іх. Сям’я пакінула Беларусь амаль адразу пасля вызвалення Сергія.


,,

«Мы абмяркоўвалі з жонкай, як будзем жыць далей, і я адразу казаў, што маю вялікае жаданне дапамагаць людзям і працягваць займацца дабрачыннасцю. Калі мы прыехалі ў Варшаву, я пачаў грукацца ў розныя арганізацыі. Калі атрымоўваў дапамогу для сваёй сям’і, адразу пытаўся, ці магу быць нечым карысным для іх. Зараз час ад часу дапамагаю ў пяці фундацыях. Пытаўся пра магчымасць працы, але ў дабрачынных арганізацыях паўсюль патрэбныя валанцёры, але не працаўнікі на стаўку», – распавядае Сергій.


Сям’я часам атрымлівала дапамогу ў розных арганізацыях – прадукты, вопратку. Прапаведнік кажа, што ў большасці з іх дастаткова жорсткія крытэры адбору тых, хто можа разлічваць на падтрымку – пад іх не шмат хто падыходзіць. Таксама, паводле Сергія, у большасці ініцыятываў – вельмі рэдкая перыядычнасць дапамогі: раз у квартал ці нават раз у паўгода. Харчовай дапамогі ў Варшаве ўвогуле недастаткова, заўважае мужчына.


«Але потым я даведаўся, што мой знаёмы паляк, з якім мы хадзілі ў адну царкву, займаецца арганізацыяй летнікаў і харчовай дапамогай – ён збірае ў крамах прадукты, у якіх сканчаецца тэрмін прыдатнасці, і раздае беднякам Варшавы. Спачатку я атрымаў ад яго бульбу, потым ён яшчэ штосьці прапанаваў. Я пачаў задаваць пытанні, адкуль гэта ўсё бярэцца – так і нарадзілася думка, што і я магу дапамагаць, бо ад самага пачатку я імкнуўся дзяліцца з іншымі нават тым, што мы атрымлівалі на нашую сям’ю».


Прыходзяць былыя палітвязні, іхныя сем’і, людзі творчых прафесіяў


Сергій кажа, што калі бачыў у тым жа Фэйсбуку пасты ад беларусаў, якім патрэбная дапамога, імкнуўся падзяліцца з імі тым, што сам мае, але разумеў, што можна рабіць значна больш. 

Прапаведнік і былы палітвязень Сергій Мельянец падчас раздачы прадуктаў беларусам, якія жывуць у нястачы. Варшава, Польшча. 13 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Прапаведнік і былы палітвязень Сергій Мельянец падчас раздачы прадуктаў беларусам, якія жывуць у нястачы. Варшава, Польшча. 13 лютага 2025 года. Фота: Белсат

«Калі я ўбачыў аб’ёмы, якія прыходзяць з крамаў, я задаў пытанне, ці магу я збіраць пачкі для беларусаў у патрэбе. Сябар пагадзіўся прадставіць мне пэўны аб’ём на прыкладна 30 чалавек. Я запусціў гэтую інфармацыю спачатку сярод сяброў, а напрыканцы студзеня стварыў тэлеграм-чат, і так гэтая дзейнасць закруцілася», – кажа мужчына.


За прыкладна тры тыдні працы ініцыятывы па дапамогу звярнуліся больш за 110 чалавек – як з сем’ямі, так і самотных. На падставе гэтай лічбы Сергій робіць выснову, што такая падтрымка вельмі актуальная для беларусаў у Польшчы. Звяртаюцца пераважна беларусы, бо сама ідэя найперш накіраваная на іх.


«Гэта былыя палітвязні, сем’і палітвязняў, людзі ў сталым узросце – яны ў вельмі цяжкім становішчы. Ёсць людзі творчых прафесіяў. Яны імкнуцца захаваць сваю дзейнасць, не ісці на прыборку, будоўлю, і ім часта вельмі цяжка. Ёсць таксама сем’і з Украіны – недзе 20%, – кажа Сергій. - Я прашу людзей распавядаць сваю кароткую гісторыю, каб я разумеў, чым ім дапамагчы, напрыклад, выдзеліць большую порцыю. Нядаўна да нас звярнулася сям’я з 6 дзецьмі – 7 чакаюць. У іх нават няма магчымасці пад’ехаць за прадуктамі, бо мама з дзецьмі, а тата на працы. Мы самі ім прывезлі ежу ў панядзелак».


Верхавіна айсбергу


Сергій перакананы, што тыя крыху больш за 110 чалавек – удзельнікаў тэлеграм-чату ініцыятывы – гэта толькі верхавіна айсбергу, а насамрэч тысячы беларускіх сем’яў у Варшаве былі б радыя хоць раз на тыдзень атрымаць харчовую дапамогу, але яны пакуль не ведаюць пра такую магчымасць.

Раздача прадуктаў беларусам, якія жывуць у нястачы, арганізаваная прапаведнікам Сергіем. Варшава, Польшча. 13 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Раздача прадуктаў беларусам, якія жывуць у нястачы, арганізаваная прапаведнікам Сергіем. Варшава, Польшча. 13 лютага 2025 года. Фота: Белсат

«Напрацягу першых 2 – 3 гадоў, пакуль не адаптуешся, не вывучыш мову, не знойдзеш нармальную працу і жытло, даводзіцца выжываць. Некаторых гэта датычыць у літаральным сэнсе. Напрыклад, ёсць жанчына 67 гадоў з праблемамі са здароўем. Яна не можа працаваць, мае непацверджаную ў Польшчы інваліднасць, не можа выходзіць з дому, атрымлівае дапамогу ў памеры 1000 злотых, з якіх 900 сыходзіць на кватэру, а на руках застаецца 90 злотых. Як на такія грошы можна пражыць? Пенсію з Беларусі не атрымлівае, кажа, што там яе чакае артыкул 361 КК («Заклікі да санкцыяў» - рэд.). Зразумела, што ёй патрэбная дапамога, і мы адвозім ёй прадукты», – распавядае прапаведнік.


Куды ісці беларусам у такіх сітуацыях? – задаецца пытаннем Сергій. Напрыклад, ёсць ініцыятыва створаная беларусамі, дзе выдаюць добрыя наборы прадуктаў – крупы, макароны, алей, але рэдка – прыкладна раз у квартал.

,,

«Гэта добрая падтрымка, але ж не будзеш пастаянна сядзець на кашах, ды іх і не хопіць на доўгі перыяд. Патрэбныя ж яшчэ і фрукты, гародніна, сыры, мяса. Магчыма, ёсць яшчэ нейкія арганізацыі, але я пакуль пра іх не ведаю, хоць і шмат у якія дзверы грукаўся. Таму бачу, што тое, што раблю, актуальна і патрэбна беларусам у Польшчы, і бачу, як Бог накіроўвае мяне ў гэты бок», – кажа мужчына.


«Цягам некалькіх дзён не трэба хадзіць у краму»


Беларусы, якія сыходзяць з пункту раздачы прадуктаў з поўнымі заплечнікамі і вялікімі торбамі, выказваюць удзячнасць Сергію.


«Гэта вельмі істотная падтрымка. Я шчаслівая, што даведалася пра гэтую ініцыятыву менавіта ў гэты, такі складаны для нашай сям’і час. Прыйшла сюды – і разумею, што цягам некалькіх дзён мне не трэба хадзіць у краму – ёсць ежа і для сябе, і для дзяцей», – кажа беларуска, якая атрымала дапамогу.

Прапаведнік і былы палітвязень Сергій Мельянец падчас раздачы прадуктаў беларусам, якія жывуць у нястачы. Варшава, Польшча. 13 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Прапаведнік і былы палітвязень Сергій Мельянец падчас раздачы прадуктаў беларусам, якія жывуць у нястачы. Варшава, Польшча. 13 лютага 2025 года. Фота: Белсат

Шмат словаў удзячнасці беларусы пішуць у тэлеграм-чаце і групе ў Фэйсбуку, прыкладаючы фотаздымкі харчовых набораў, якія атрымалі.


«Хачу выказаць вялізную ўдзячнасць усім, хто арганізоўвае і падтрымлівае раздачу харчовых набораў. Мы нядаўна далучыліся да вашай групы, і я была прыемна здзіўленая, наколькі прадуманы і разнастайны гэты пакет дапамогі. Для нашай сям’і ў гэты няпросты перыяд такая падтрымка насамрэч вельмі важная. Дзякуй вам за клопат!».


Патрэбныя валанцёры


У той час як беларусаў, якія звяртаюцца па дапамогу, становіцца больш, узнікае патрэба ў валанцёрскай дапамозе і арганізацыйнай працы. Па словах Сергія, ёсць людзі, гатовыя раскладваць, упакоўваць прадукты. Але самая вялікая патрэба, якая існуе на сённяшні дзень – у кіроўцах на аўтамабілях, якія маглі б прыехаць, дапамагчы ўпакаваць, а потым адвезці прадукты на пункт выдачы.


Таксама Сергій хвалюецца аб неабходнасці арганізаваць дзейнасць ініцыятывы згодна з нормамі польскага заканадаўства, каб не ўзнікала праблемаў. Паўстала пытанне пра месца, дзе можна выдаваць прадукты харчавання.

Раздача прадуктаў беларусам, якія жывуць у нястачы, арганізаваная прапаведнікам Сергіем. Варшава, Польшча. 13 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Раздача прадуктаў беларусам, якія жывуць у нястачы, арганізаваная прапаведнікам Сергіем. Варшава, Польшча. 13 лютага 2025 года. Фота: Белсат

«Калі мы ў мінулы панядзелак раздавалі, нас з таго месца даволі настойліва прагналі і далі 5 хвілінаў, каб мы вынеслі ўсе каробкі. А нам яшчэ выдзелілі больш, чым замаўлялася, не ўсё забралі. І ўявіце сабе сітуацыю, што я стаю з гэтымі каробкамі на праспекце. Добра, што знайшліся людзі, якія дапамаглі. А тое, што засталося, давялося раздаваць проста мінакам. Падышлі ўкраінцы, палякі таксама. Польскія бабулі доўга не верылі, што гэта ўсё бясплатна. Але пытанне з месцам застаецца адкрытым», – распавядае мужчына.


Сергій вядзе перамовы з некалькімі цэрквамі, у тым ліку, з праваслаўнай, і хоча пагрукацца да каталікоў – магчыма, атрымалася б раздаваць ежу пры касцёлах.

Акрамя таго, такая дабрачыннасць займае шмат часу, і гэта ставіць мужчыну перад пытаннем, ці зможа ён актыўна займацца ёй далей.

,,

«Напрыклад, у панядзелак мы з валанцёрамі аб’ехалі 8 сем’яў, якія не могуць самі прыйсці. Гэта тая жанчына 67-гадовая, сям’я з 6 дзецьмі, пажылая пара з малым унукам, жанчына з двума дзецьмі, у якой муж у турме ў Беларусі – яму далі 6 гадоў. Ці ўчора – я атрымаў інфармацыю, што будуць салаты для выдачы. Пакуль я высветліў усе нюансы, пакуль арганізаваў галасаванне ў чаце, адказаў на ўсе пытанні – сышло шмат часу. Сёння ўсё выгладае падобным чынам. Таму я хачу зрабіць так, каб не ўсе працэсы залежылі ад мяне, каб валанцёры, якія падключаюцца, маглі самі таксама арганізаваць працэс і мяне крыху разгрузіць».


Ці паўстане фонд?


Ініцыятыва па дапамозе з прадуктамі для Сергія – поўнае валанцёрства, ён ніякіх грошай з гэтай дзейнасці не мае, а ў той жа час трэба плаціць за арэнду кватэры, карміць сям’ю, вучыць дзяцей, кажа мужчына. Гэта падштурхоўвае думкі ў бок стварэння поўнавартаснай дабрачыннай арганізацыі, фонду, але дзеля гэтага трэба пагружацца ў нюансы польскага заканадаўства і бухгалтэрыі, а на гэта ў беларуса пакуль няма ні часу, ні рэсурсу.

Раздача прадуктаў беларусам, якія жывуць у нястачы, арганізаваная прапаведнікам Сергіем. Варшава, Польшча. 13 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Раздача прадуктаў беларусам, якія жывуць у нястачы, арганізаваная прапаведнікам Сергіем. Варшава, Польшча. 13 лютага 2025 года. Фота: Белсат

«Мне дырэктар польскага фонду, які дзеліцца з намі прадуктамі, кажа таксама, што трэба думаць пра арганізацыю ці фонд. І думаць, канешне, можна, але як рэалізаваць? Мне б цяпер хоць хапіла сілаў на тое, што я і так раблю. Я не хачу пагружацца ў папяровыя справы, але я хачу дапамогаць людзям. Трэба думаць і маліцца», – зазначае прапаведнік.


Сергій быў бы ўдзячны за кансультацыі юрыстаў, бухгалтараў, а таксама аповеды тых, хто мае досвед стварэння дабрачыннага фонду ў Польшчы.


Акрамя таго, працу ініцыятывы моцна стрымлівае адсутнасць транспарту.

,,

«На ровары шмат не развязеш, ды і вельмі стары ён у мяне. Патрэбны хаця б нейкі бус», – кажа беларус.


Калі вы можаце неяк дапамагчы Сергію і ягонай дабрачыннай ініцыятыве, звяжыцеся з намі – мы перадамо яму вашыя кантакты ці напішыце Сергію ў Фэйсбуку.


Калі вы знаходзіцеся ў цяжкай сітуацыі і жывеце ў Варшаве ці недалёка ад яе, далучайцеся да групы ў Фэйсбуку па спасылцы – пасля размовы з вамі Сергій дасць вам спасылку на тэлеграм-чат, дзе можна будзе сачыць за анонсамі раздачы прадуктаў і атрымоўваць дапамогу.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10