Рэпартаж

«Паляванне дзікае, згінь!» Андрэй Хадановіч прэзентаваў у Варшаве кнігу вершаў да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха»

Прэзентацыя кнігі вершаў Андрэя Хадановіча да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле культавай аповесці Уладзіміра Караткевіча.
Прэзентацыя кнігі вершаў Андрэя Хадановіча да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле культавай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Варшава, Польшча. 18 лютага 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

18 лютага вядомы беларускі паэт Андрэй Хадановіч прэзентаваў у Варшаве сваю кнігу вершаў да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», прэм'ера якой адбылася ў верасні 2023 года ў лонданскім тэатры «Barbican». У вечарыне, якая прайшла ў Беларускім моладзевым хабе ў межах Тыдня роднай мовы, бралі таксама ўдзел аўтарка музыкі да оперы кампазітарка Вольга Падгайская і акторка Беларускага свабоднага тэатру Юлія Шаўчук. «Белсат» пабываў на прэзентацыі.

За паўгадзіны да пачатку імпрэзы Андрэй Хадановіч ладзіць аўтограф-сесію. Тлумачыць, што пасля прэзентацыі ўжо не паспее – адразу ляціць на цягнік. Тым, хто набыў кніжку вершаў да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» (каштуе 40 злотых, ці каля 10 еўра), піша ў якасці аўтографа на апошняй старонцы: «Нас чакае святло ўгары І чароўная далячынь». Гэта амаль дакладная цытата са словаў Андрэя Свеціловіча – аднаго з герояў оперы паводле славутага рамана Уладзіміра Караткевіча.


«Адрасуецца ўсім беларускім «спрынтэрам»

«Згіньце прэч, імперый муры! Паляванне дзікае, згінь! Нас чакае сонца ўгары І чароўная далячынь», – так гучыць апошняя страфа маналогу Свеціловіча. Пад музыку Вольгі Падгайскай, якая, сустрэтая цёплымі воплескамі, з першай хвіліны сядае за фартэпіяна, вершаваныя радкі гучаць фантастычна.

Андрэй Хадановіч назаве гэтае месца ў оперы і ў сваёй кніжцы «адным з самых амбівалентных кавалкаў». Маўляў, ён вельмі ўзнёслы і прарочыць аптымістычнае, але праз некалькі хвілін слухач дазнаецца, што героя пасля гэтай прамовы забіваюць…

«Адрасуецца ўсім беларускім «спрынтэрам», якія хацелі імгненнай перамогі і імгненных пераменаў», – кажа паэт.

Прэзентацыя кнігі вершаў Андрэя Хадановіча да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле культавай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Варшава, Польшча. 18 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Прэзентацыя кнігі вершаў Андрэя Хадановіча да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле культавай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Варшава, Польшча. 18 лютага 2025 года. Фота: Белсат

«Рамане! Выходзь…»


Па правую руку ад нас – мастак Яраслаў Кірвель, які казаў нам калісьці, што марыць маляваць Лукашэнку на ягоным судзе. Але цяпер на аркушы вымалёўваецца вогненны твар Хадановіча (на сінім фоне). Злева ад нас: дзяўчына гартае толькі што набытую кнігу, спрабуе адшукаць верш, які пачынае дэкламаваць Андрэй Хадановіч. Не знаходзіць, а кніжка разгортваецца на старонцы з вялікім графічным надпісам «Вы ж самі ўсё панімаеце…» 

Троху пазней аўтар вершаў прызнаецца, што гэта хіба адзіны фрагмент (словы станавога прыстава) з усёй кнігі, які не трапіў у оперу. Але не з тых прычынаў, з якіх у ранейшай оперы паводле «Дзікага палявання» (1988) у пастаноўцы Уладзіміра Солтана ўжо ў 2021 годзе выразалі фразу «Рамане ў дваццатым калене, Рамане, выходзь!». «Пасля 2020 года ўсе разумеюць, як адбываецца скарачэнне такіх фразаў», – заўважае Андрэй Хадановіч.

«Рамане ў дваццатым калене, Рамане! Выходзь… На апошняе паляванне… Смяротнаю помстай гудзе зямля! Мы прыйдзем… Мы скончым… Заўтра… Пасля…» – так прароча гучыць гэтая фраза ў сучаснай оперы ў пастаноўцы Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды.

Прэзентацыя кнігі вершаў Андрэя Хадановіча да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле культавай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Варшава, Польшча. 18 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Прэзентацыя кнігі вершаў Андрэя Хадановіча да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле культавай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Варшава, Польшча. 18 лютага 2025 года. Фота: Белсат

«Вольга Падгайская дала мне карт-бланш»


Андрэй Хадановіч быў першым звяном у ланцужку стварэння новай оперы паводле славутага рамана Уладзіміра Караткевіча. Звычайна лібрэта пішуць «на рыбу», то бок на гатовую мелодыю. Як мяркуе Хадановіч, так, хутчэй за ўсё, пісалася і опера Солтана (лібрэта Святланы Клімковіч). Але ў новай оперы – спачатку былі словы.

«Вольга Падгайская дала мне карт-бланш. Сказала: ты паэт – ты пішы тэксты, а потым я буду рабіць з гэтага музыку…» – дзеліцца таямніцамі творчай кухні Андрэй Хадановіч.

І тут жа распавядае анекдот, як аднойчы, скарыстаўшыся функцыяй «copy-paste», даслаў кампазітарцы частку тэксту, у якім палова радка памылкова прыклеілася да папярэдняга тэксту.

,,

«І потым на рэпетыцыі ў Варшаўскай оперы я чую, як гэтая палавінка радочка, прыклееная «копіпастам», была пакладзеная на геніяльную музыку Вольгі Падгайскай!» – зала выбухае смехам, а Хадановіч з любоўю паглядае на кампазітарку. Тая адказвае яму сціплай усмешкай («Вольга геніяльная і жыве сярод нас – і гэта вялікая ўдача», – казаў на пачатку прэзентацыі Андрэй Хадановіч).



«Мне здаецца, там ёсць гэты караткевіцкі драйв»


У размове з «Белсатам» адразу пасля імпрэзы паэт прызнаецца, што насамрэч вершы да оперы пісаліся пад прэсінгам жорсткага дэдлайну. Усё было напісана «недзе за паўтара месяца». Тэксты дасылаліся кампазітарцы асобнымі кавалкамі, ухваляліся рэжысёрам, і на іх вельмі хутка пісалася музыка. 

А потым пачаліся інтэнсіўныя рэпетыцыі. «І тут трэба дадаць нюанс: каб беларуская мова камфортна праходзіла праз горлы ўкраінскіх спявачак і спевакоў, трэба было зладзіць майстар-класы беларускага вымаўлення. І я таксама педантычна хадзіў і тэрарызаваў цудоўных выканаўцаў. Падслухоўваў і казаў, калі што не так… І ў выніку вельмі і вельмі хораша атрымалася. Калі з'явіцца даступны запіс оперы, можна будзе паказваць беларусам, як прадстаўнікі іншых нацыяў умеюць чысценька і без памылак спяваць па-беларуску. Можа, і беларусы нарэшце задумаюцца і засвояць гэтую стыхію...» – пасміхаецца Андрэй Хадановіч.

Як узнікла ідэя скласці вершы да оперы ў асобную кніжку? Ініцыятаркай, па словах Андрэя Хадановіча, выступіла мастачка з Кракава, якая паказала сваю шыкоўную графіку да тэкстаў заснавальніцы выдавецтва «Gutenberg Publisher» Валянціне Андрэевай, а тая захапілася ідэяй выдаць кнігу.

«І так зрабілі кніжку. А тэксты… Я паглядзеў на іх – і гэта можна чытаць як драматычную паэму. Тут ёсць скразны сюжэт, тут ёсць перагукі з Караткевічам, тут ёсць амаль цытаты з Караткевіча. Гэта, па сутнасці, пераклад з мовы прозы на мову паэзіі. Я казаў на прэзентацыі і кажу нязменна, што, акрамя караткевіцкага сюжэту, я натхняўся ягонымі знакамітымі баладамі з «Маёй Іліяды». Спрабаваў намацаць гэтую стылістыку. Ці атрымалася, меркаваць не мне, але часам здаецца, што там ёсць гэты караткевіцкі драйв», – кажа аўтар зборніку вершаў да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха».

Прэзентацыя кнігі вершаў Андрэя Хадановіча да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле культавай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Варшава, Польшча. 18 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Прэзентацыя кнігі вершаў Андрэя Хадановіча да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле культавай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Варшава, Польшча. 18 лютага 2025 года. Фота: Белсат

«З найпаскуднейшаю ўладаю на свеце»


Дарэчы, магчымасці паглядзець оперу хаця б у запісе з паказаў у Лондане («чатыры трыумфальныя паказы») мы пакуль што не маем. Вольга Падгайская прызнаецца нам, што нават яна не мае якаснага запісу. Шукаць на «Youtube» бескарысна. І гэта яшчэ адзін аргумент на карысць таго, каб набыць кніжку вершаў Андрэя Хадановіча і чакаць сустрэчы з вялікім мастацтвам (павінна ж калі-небудзь опера ўзнавіцца і прыехаць з прэм'ерамі ў Варшаву і Вільню!), атрымліваючы асалоду ад выдатных тэкстаў і графікі – «з караткевіцкім драйвам».


«Хто ад суддзяў крывадушных абароніць, ад паноў нелітасцівых нас заслоніць», – Андрэй Хадановіч у дуэце з акторкай Беларускага свабоднага тэатру Юліяй Шаўчук (у оперы – Ахмістрыня) выконваюць «самы некласічны музычны фрагмент» оперы – «Плачкі-лямантухі» на пахаванні Свеціловіча. А потым: дрыжыкі бягуць па скуры, калі дэкламуюцца словы Дубатоўкі, які, тонучы ў багне, выгуквае апошні праклён: «Каб гібелі ўслед за вамі вашы дзеці З найпаскуднейшаю ўладаю на свеце».


Але ў фінале, перабіваючы «найпаскуднейшае», гучыць «найсвятлейшая мелодыя» – на тле дыялогу Беларэцкага і Надзеі. «Чым горш лютавалі нягоды, Тым болей святла і лагоды! А тым, хто ўначы не хавае вачэй, Світанак заззяе ярчэй!» – дэкламуе Хадановіч.


Прыводзім тут шмат вершаваных цытатаў толькі з адной прычыны: каб паказаць, наколькі сапраўдныя і сучасныя творы мастацтва – проза Караткевіча, вершы Хадановіча, опера «Дзікае паляванне караля Стаха», у якой бралі ўдзел беларускія і ўкраінскія акторы і спевакі, могуць быць сугучныя нашым сённяшнім трывогам, надзеям і радасцям.


Напрыканцы вечарыны ў варшаўскім Моладзевым хабе Андрэй Хадановіч знаёміў слухачоў з яшчэ адным беларуска-ўкраінскім праектам – зборнікам сучаснай украінскай паэзіі ў перакладах на беларускую мову «Пра словы і цішыню між імі». А таксама чытаў – проста са смартфону – свае новыя вершы.

Прэмʼера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» адбылася 15 верасня 2023 года ў цэнтры мастацтваў «Barbican» у Лондане («Белсат» ладзіў онлайн-трансляцыю аднаго з паказаў). Рэжысёры – Наталля Каляда і Мікалай Халезін. Кампазітарка – Вольга Падгайская. Дырыжор – Віталь Алексяёнак. Удзел у пастаноўцы ўзялі акторы Беларускага свабоднага тэатру і вядомыя оперныя спевакі з Украіны. Вершы да оперы напісаў Андрэй Хадановіч. Кнігу вершаў «Дзікае паляванне Караля Стаха» можна набыць у кнігарні выдавецтва «Gutenberg» ці ў кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве.

Зміцер Міраш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10