Беларуская актывістка, праваабаронца года – 2024 Наста Базар папрасіла ў Facebook дапамогі: жанчына напісала, што трапіла ў фінансавы крызіс праз адмовы ў супрацы і прыпыненне праектаў. Калі дайшло да рызыкі апынуцца без даху над галавою з дваімі дзецьмі, Наста ў сацыяльнай сетцы папрасіла падтрымаць яе. «Хутка такіх пастоў будзе шмат», пракаментавала знаёмая актывісткі. Чаму так атрымліваецца, што беларускія актывісты, прадстаўнікі НДА, праваабаронцы сутыкаюцца з грашовымі праблемамі і пагрозаю бяздомнасці за мяжою? Прасіць у такіх сітуацыях дапамогі, перавучвацца ці ісці працаваць на завод, склад, у краму? Размаўляем пра гэта з Настаю.
«Я проста вельмі моцна стамілася»
– Наста, што адбылося? Як так здарылася, што Праваабаронца года – 2024, вядомая медыйная актывістка вымушаная прасіць пра дапамогу?
– Па-першае, хачу сказаць усім вялікі дзякуй. Бо людзі адгукнуліся і дапамога ідзе, і я бачу ўжо, што закрываюцца амаль усе нашыя патрэбы.
На ўзнікненне гэтай сітуацыі паўплывлі як вонкавыя, так і ўнутраныя фактары. Я працую з НДА-сектарам, як фрылансерка. У мяне цяпер няма нейкай арганізацыі, ад імя якой я магла б пісаць гранты. Звычайна ў мяне замаўляюць нейкую тэму ці я сама прапаноўваю. Але цяпер НДА-сектар моцна пахіснуўся. Шмат спыненняў супрацы і праектаў.
Яшчэ да ўказу Трампа ў студзені стала менш замоваў. Я гэта звязвала яшчэ і з тым, што летась у лістападзе зрабіла з Прававой ініцыятывай супольны даклад пра сітуацыю з сексуалізаваным дамаганнем сярод беларусаў у эміграцыі. Я цяпер часам чую, што мяне баяцца браць у супрацу. Адзін сябар наўпрост сказаў: хто цябе на працу возьме з тваймі каштоўнасцямі? І я разумею, што так – я магу быць нязручнаю, бо не буду маўчаць.
Часткова прычына і ў сутнасці фрылансу, з якім заўсёды так: то пуста, то густа. Калі ты фрылансер, ніколі не ведаеш у пачатку месяца, колькі будзеш мець у канцы. Цяперашняя сітуацыя – добрая матывацыя для мяне нарэшце пачаць зарабляць больш стабільна. Акрамя таго, я цяпер не маю рэсурсу рабіць бясплатную працу, якой заўсёды выконвала шмат, бо калі да мяне звяртаюцца па дапамогу, я не магу напісаць “не ведаю, да пабачэння”. Я заўсёды імкнулася дапамагчы інфармацыяй ці хаця б пагутарыць з чалавекам.
А яшчэ адзін фактар – я проста вельмі моцна стамілася. Стамілася быць у эміграцыі, быць у эміграцыі з дзецьмі. Стамілася ад таго, што адбываецца навокал, ад сварак у беларускім грамадстве, ад немагчымасці дапамагчы. Тая ж праблема хатняга гвалту нарастае ў Беларусі і сярод беларусаў за мяжой. У эміграцыі так шмат жанчын, залежных ад мужчынаў. Мая мара – беларускі шэлтар для такіх жанчын. Але цяпер я не магу гэта рэалізаваць.
«Чаго ты клянчыш?»
– У каментарах пад вашым допісам, акрамя падтрымання, былі парады ісці да станка ці працаваць на ласосевую фабрыку, хтосьці раіў пераехаць у таннейшую кватэру, ацэньваў кошт вашай цяперашняй кватэры паводле здымкаў. Як вы рэагавалі на такія каментары і што можаце адказаць на іх?
– Мне балюча, што я мушу апраўдвацца. Нібыта, пакуль ты не дакажаш, што ў галечы, у патрэбе, не маеш права прасіць дапамогі. Мне пішуць, маўляў, у цябе дарагая кватэра, чаму б не пераехаць у таннейшую. Але для мяне вельмі важна, каб у дзяцей былі розныя пакоі. Гэта тое, дзеля чаго я гатовая працаваць без выходных. І я так і працавала.

Я не ведаю, ці маю права казаць, што мая дачка вучыцца ў прыватнай школе. І не за 600 еўраў, як у іншых, а за 300. І вучыцца яна там, бо не можа хадзіць у звычайную школу. Я маю дакументальны доказ гэтага, і гэта адзіная школа, дзе маёй дачцэ добра, дзе яна пачала нарэшце чытаць і пісаць па-польску пасля трох гадоў эміграцыі. Але я не ведаю, ці магу я пра гэта напісаць, бо ў іншых жа дзеці ходзяць у дзяржаўныя школы.
Мне дзіўна, што трэба быць у сапраўды дрэнным стане, каб мець права на падтрыманне. Такія каментары я чытала ў тым ліку пад допісамі палітычных вязняў. Адной жанчыне, якая выйшла з турмы, пісалі, што яна паправілася, значыць, яе вельмі добра кармілі ў калоніі і яна не цярпіць, ёй не патрэбная дапамога. Яшчэ аднаму палітвязню пісалі пасля трох гадоў зняволення, што ён не выглядае хворым чалавекам. А ў яго анказахворванне, яму будуць рабіць аперацыю, але ён жыццярадасны, вядзе блог, паказвае ў Instagram'е, як спрабуе радавацца жыццю, і гэта прымушае людзей рабіць высновы, што ён не мае права прасіць дапамогі.
Апошнім часам у сацыяльных сетках падымаецца тэма суіцыду беларусаў. У такіх выпадках людзі гатовыя дапамагаць дзецям тых, хто ўчыніў гэта. Але калі чалавек знаходзіць смеласць, сілы, нахабства папрасіць дапамогі да адчайнага кроку, на яго звальваюцца вось такія каментары. Я б хацела казаць пра тое, што незалежна ад сітуацыі, кожны і кожная мае права не спраўляцца і адчуваць слабасць, жадаць мець падтрыманне і гэта агучваць. Хто мае рэсурс дапамагчы – дапаможа. А ў каго яго няма, можна проста прайсці міма. Але чамусьці людзі дазваляюць сабе напісаць чалавеку, які просіць пра дапамогу, «чаго ты клянчыш» і да таго падобнае. Па маіх назіраннях, так часта робяць людзі, якія самі не могуць папрасіць пра падтрыманне і злуюцца на тых, хто наважыўся. Акрамя таго, заўважыла, што такія каментары часцей пішуць жанчынам, мужчыны ж, асабліва медыйныя, хутка закрываюць зборы і без асаблівай крытыкі.
«Рэйкі скончыліся, а мы едзем у цягніку 2020 года»
– Што можна адказваць на такія каментары?
– Няхай кожны зоймецца сабой. І калі чалавек адкрые, што для яго заняцца сабою – гэта значыць папрасіць дапамогі, то гэта варта зрабіць. Трэба звяртаць увагу на свае патрэбы, як табе добра. Калі кожны гэтым пытаннем задасца і будзе спрабаваць дапамагчы спачатку сабе, тады мы зможам рабіць больш і дапамагаць іншым.
– Ці ёсць яшчэ салідарнасць сярод беларусаў, пра якую мы так шмат кажам і чуем з 2020 года?
– Ёсць. Негатыў успрымаецца мацней, але добрага ўсё ж больш. Я пераканалася ў гэтым у сваім жыцці. Штораз, калі я прашу дапамогі, я яе атрымліваю. Фінансавы запыт у мяне другі раз, першы раз быў, калі я прыехала ў Кіеў. Мне тады дапамаглі аплаціць падатак на зямлю ў Беларусі. Сабралі нават больш, і мы з тых грошай дапамагалі іншым. Але я часта прашу іншую дапамогу – добрых словаў, калі сумна, зваротнай сувязі на артыкул. І атрымліваю вельмі шмат пазітыву. Негатыўных каментароў і цяпер менш, як, напрыклад, рэпостаў майго запыту ў Instagram'е. І людзі суправаджалі гэтыя рэпосты добрымі словамі, згадвалі, як я некаму дапамагла. Данатаў таксама шмат. Адзін з самых вялікіх суправаджаўся словамі «перажылі лета гарачае, перажывём і лайно сабачае».

Нам трэба вучыцца прасіць пра дапамогу. У нас з гэтым вялікая праблема. І я б хацела разбіваць гэты стэрэатып. Мы прызвычаіліся, што ўсё самі, што мусім спраўляцца. А мы не спраўляемся, і ўжо даўно. Мы паспрабавалі, у нас не атрымалася, і трэба гэта прыняць. Калі мы гэта прымем, у нас з’явіцца час і рэсурсы паглядзець, а дзе мы цяпер і што можам рабіць з гэтай кропкі. А выглядае так, нібы рэйкі ўжо скончыліся, а мы яшчэ працягваем ехаць цягніком 2020 года. А сітуацыя змянілася.
«Хутка такіх пастоў будзе вельмі шмат»
– Апошнім часам сапраўды шмат допісаў і пра пошук працы, і просьбаў дапамагчы фінансава ад прадстаўнікоў НДА, журналістаў, праваабаронцаў. Усё сапраўды так кепска?
– Сітуацыя сапраўды цяжкая. У мяне цяпер на будучыню ёсць дамоўленасці пра супрацу, будзе заробак. Але гэта усё роўна фрыланс.
У студзені – лютым я рассылала рэзюмэ ў абсалютна розныя арганізацыі, нават у піваварню ў Лодзі на пазіцыю «камунікацыя», але, на жаль, мяне не паклікалі нават на сумоўе. І гэта тыповая сітуацыя. Знаёмая кажа, рассылае па 20 рэзюмэ на дзень, і яе нават на сумоўе не клікалі.
Жанчына з НДА-сектару, у якой знікла праца ў адзін дзень праз прыпыненне фінансавання, размясціла ў сябе на старонцы мой допіс са словамі «Хутка такіх пастоў будзе вельмі шмат, а пакуль што трымайце Насту». Яна сама цяпер пад пагрозаю крызісу бяздомнасці. Кажа, у Польшчы тых, каму патрэбная праца, больш, як прапановаў, і канкурэнцыю выйграюць палякі, што натуральна.
Пра гэтыя праблемы варта казаць, а беларускім працадаўцам – падтрымліваць сваіх. Калі ёсць праца, падпрацоўка, варта прапанаваць яе беларусу ў эміграцыі. Ці калі ёсць магчымасць падзяліцца жытлом, прытуліць некага хаця б на месяц. Ці шукаць і распаўсюджваць інфармацыю пра танныя гостэлы, жытло для тых, хто згубіў працу.
У Польшчы шмат мясцовых арганізацыяў, якія даюць жытло тым, каму няма дзе жыць, жанчынам з дзецьмі. А мы гэта не даследавалі, а варта было б – шукаць і апавядаць пра такія шляхі.

Мая мэта на гэты год – зрабіць мапу краінаў свету, дзе жывуць беларускі, і адзначыць усе арганізацыі, якія дапамагаюць жанчынам, у тым ліку ў сітуацыі хатняга гвалту, шэлтары. Але гэта тая самая бясплатная праца, на якую я пакуль не маю рэсурсу, але паступова хачу гэта рабіць. Ведаю, што беларускі ў розных краінах ужо збіраюць такую інфармацыю. І таксама хачу сабраць інфармацыю пра арганізацыі, якія дапамагаюць сем’ям з дзецьмі і тым, хто мае досвед міграцыі. У Варшаве ёсць такія арганізацыі. Напрыклад, «Ocalenie».
«Я не баюся фізічнай працы»
– Як вы думаеце: выжыве трэці сектар ці яго прадстаўнікам сапраўды трэба перавучвацца, атрымліваць іншую прафесію, ісці працаваць на завод ці склад?
– Выжыве, але пытанне, якімі высілкамі і рэсурсамі. Праца ў НДА, як і ў журналістыцы, праваабароне, – гэта пра каштоўнасці, сэнсы. І заўсёды будуць людзі, якія гатовыя ў гэта ісці нават у мінус сабе.
Вядома, гэты сектар скароціцца на фоне таго, што адбываецца. І тут я хачу сказаць, што так, кожная краіна мае права сама вырашаць, куды скіроўваць свае грошы. Але тое, як гэта адбываецца цяпер, не канструктыўна, і складваецца ўражанне, што вырашае не краіна, а асобныя людзі. Гэта выглядае, як тармазнуць цягнік на вялізнай хуткасці. Спыненне сістэмы адным днём у вялікай колькасці краінаў непазбежна прывядзе да крызісу.
НДА – неад’емная частка любога грамадства, як і медыі. У нармальнай сітуацыі яны працуюць з дзяржаўнымі структурамі, бізнесам і робяць працу, якой тыя не робяць. Так, ёсць гісторыі, калі людзі нажываюцца на грантах, крадуць грошы, бо людзі – паўсюль людзі, і гэта бывае ў любой сферы. Але такога вельмі мала, у сённяшніх умовах гэта ўсё ж больш проста выжыванне. І НДА-сектар – гэта праца. Я не ведаю, у які момант так усё перавярнулася, што гэтая дзейнасць перастала лічыцца працаю. Без НДА моцна прасядзе ўвесь сацыяльны складнік грамадства.

У пошуках падтрымання нам варта працаваць з бізнесам. Яшчэ мне вельмі падабаецца сістэма 1,5 % падатку – у Польшчы і Літве гэта таксама добры інструмент падтрымаць НДА і тыя арганізацыі, якім вы асабіста хочаце дапамагчы.
Што датычыць мяне, я не баюся фізічнай працы ў той жа «Бедронцы» ці «Жабцы». Мяне пужае тое, што гэтага будзе недастаткова фінансава, каб забяспечыць дзяцей. Але я разумею, што калі выйсця не будзе, я пайду, і не будзе ў гэтым ніякай праблемы. Ці ў клінінг – дарэчы, трэба разгледзець. Мне вельмі падабаецца прыбіраць.
– У чым вам у гэты момант патрэбная дапамога?
– На мой запыт шмат хто адгукнуўся, і таму цяпер я б хацела скарыстацца інтэрв’ю, каб прасіць не для сябе, а для тых беларусаў, якім таксама вельмі патрэбная дапамога. Падтрымайце былую палітзняволеную Дар’ю Афанасьеву (Дафна), якая цяпер у эміграцыі з праблемамі са здароўем. Студэнта, які ўцёк з Беларусі ад пераследу, і якому трэба выехаць з Грузіі – яму ўжо сабралі суму, якую ён прасіў, але яна вельмі малая для рэлакацыі. І таксама беларусцы Дашы, якая змагаецца з анкалагічным захворваннем.
Насамрэч усё можа быць яшчэ горш, як ёсць, і мы можам быць у вельмі ўразлівым становішчы, але калі будзем ведаць, што мы ёсць адно ў аднаго, што ёсць каму падставіць плячо, тады, я ўпэўненая, мы справімся з усім.
Ганна Ганчар belsat.eu