На канферэнцыі «Новая Беларусь» феміністка Наста Базар спытала, дзе ёй купіць квіток у тую Новую Беларусь, якую хочуць збудаваць удзельнікі. Яна расказала «Белсату», што можна зрабіць са стаўленнем беларусаў да ЛГБТК-людзей, людзей з інваліднасцю і ахвяраў хатняга гвалту.
Феміністка, арганізатарка і піяршчыца сацыяльных праектаў Наста Базар лічыць, што яе, адкрытую лесбіянку, і ейную жонку ў той Новай Беларусі не чакаюць. І праблема не толькі з ЛГБТК-супольнасцю: нават у тых беларусаў, якія выехалі ў Еўразвяз, не змянілася стаўленне да людзей з інваліднасцю, ахвяраў хатняга гвалту і да іншых уразлівых групаў.
Наста Базар згадвае, што канферэнцыю пачыналі з анімаванага мультфільму пра выбар беларусаў у 2020 годзе, а апошнім кадрам там паказалі стылізаваную выяву сям’і: мужчына, жанчына і трое дзяцей. Яна зразумела, што на гэтую карцінку не трапляе: у яе няма мужа, а ёсць жонка. А ў Новую Беларусь трапіць хоча, прыкладвае да гэтага намаганні, таму і выказалася.
Сярод беларусаў нават у дэмакратычных краінах шмат гамафобіі
Калі Наста Базар была вымушаная з’ехаць з Беларусі, прыехала спачатку ў Кіеў. Беларусы ва Украіне былі пераважна «традыцыйных настрояў» – ёй даводзілася сутыкацца з пагрозамі або заклікамі не браць на кіеўскі прайд бел-чырвона-белы сцяг, каб «не апаганіць святыню». У пэўныя моманты ёй было натуральна страшна.

З украінцамі па-за «тусоўкай» актывістаў няўрадавых арганізацыяў яна камунікавала мала. Больш камунікавала са звычайнымі палякамі, калі пераехала ў Кракаў – як адзначае Наста Базар, гэта стэрэатыпна больш каталіцкая частка Польшчы. Згадвае, як здымала кватэру ў паляка старэйшага пакалення: у кватэры вісела распяцце, а гаспадар падкрэсліваў, што здае кватэру «толькі з панам Езусам», але не адмовіў, ведаўшы, што засяляецца лесбійская пара.
,,«Я ахвяра прапаганды, – прызнаецца Наста Базар. – У мяне было перакананне, што ўсе вернікі супраць ЛГБТК. У Польшчы гэтага няма. Безумоўна, я ўпэўненая, што ў Польшчы ёсць гамафобія. Але за два з паловай гады жыцця ў Польшчы я ні разу не сутыкнулася з гамафобіяй ад палякаў і полек».
Яна згадвае, што з боку палякаў толькі аднойчы за ўвесь час пачула ксенафобскае выказванне ў духу «Polska dla polaków». Ад беларусаў і беларусак яна пастаянна атрымлівае порцыі нянавісці. Асабліва шмат абразаў было летась, калі выйшла на прайд з гіганцкім бел-чырвона-белым сцягам, вельмі заўважным на фота. Таксама Насту Базар моцна абразіла, калі пасля згвалтавання і забойства ў Варшаве беларускі Лізы беларусы казалі актывістцы, што яна «робіць сабе імя на крыві».
Наста Базар адзначае, што ёй няёмка пра гэта казаць, няёмка нават называць сябе лесбіянкай. Але калі не казаць, то зменаў не будзе:
,,«Нават калі ўявіць, што праз некалькі гадоў мы вяртаемся, новы ўрад кажа „ОК, мы робім закон пра аднаполыя шлюбы“, гэта мала што зменіць, – упэўненая яна. – Я змагу тады афіцыйна ажаніцца з жонкай, але гэта не значыць, што нас не паб’юць на вуліцы».
І яна падкрэславае: нават тыя, хто вераць, што не ведаюць аніводнага гея, лесбіянкі ці трансгендпрнай персоны, несумнеўна знаёмыя з такімі. Проста ЛГБТК-людзі прывучаныя «вельмі добра хавацца». Наста Базар заклікае палітыкаў прыходзіць на ЛГБТК-прайды і, калі гэта магчыма, рабіць камін-аўты (публічна прызнаваць сваю сексуальную ці рамантычную арыентацыю арыентацыю або гендарную ідэнтычнасць).
Гэта справа не толькі дэмакратычных сілаў
Наста Базар падкрэслівае, што на «Новай Беларусі» казала не пра тое, што робяць ці не робяць дэмакратычныя сілы, а што робяць усе: дэмакратычныя сілы не могуць пакрыць абсалютна ўсе тэмы. І могуць проста не ведаць і не здагадвацца пра пэўныя ўразлівыя групы. Але ўразлівым групам важная падтрымка прывелегіяваных групаў.
,,«Для мяне дэмакратычнае грамадства – гэта калі я думаю, меўшы нейкі досвед, пра тое, што ёсць людзі, якія маюць іншы досвед, – тлумачыць яна. – Гэта не значыць, што трэба кідацца дапамагаць усім, таму што ўсім не дапаможаш. Але прынамсі, не замоўчваць. Прынамсі, рабіць бачнымі гэтыя праблемы. Прынамсі, перадаваць інфармацыю».
Яна прыводзіць прыклад: да нядаўняга часу краш-тэсты аўтамабіляў рабілі толькі з мужчынскімі манекенамі, не ўлічыўшы, што целасклад сярэднестатыстычнай жанчыны адрозніваецца. Гэта рабілі не таму, што аўтары тэстаў хацелі забіваць жанчын у аўтакатастрофах, а проста таму, што калі тэсты прыдумлялі, шмат гадоў таму, сярод распрацоўнікаў былі адны мужчыны.

Ёсць арганізацыі і ініцыятывы ў эміграцыі, якія займаюцца тэмамі самых розных уразлівых групаў, як то праблемамі хатняга гвалту. Праўда, і гэта не пакрывае ўсіх праблемаў: Наста Базар згадвае, што мала займаюцца праблемамі людзей сталага ўзросту (якія вымушаныя працаваць, бо не атрымліваюць пенсіі) і праблемамі адаптацыі дзяцей (якія не адаптуюцца ў эміграцыі, а інтэгруюцца ў іншыя краіны). Ёсць праблемы і ў людзей з інваліднасцю, але для іх прынамсі ёсць арганізацыі ў краінах, куды людзі выязджаюць.
Рэпрэсіі толькі пагаршаюць гэта
Наста Базар расказвае, што адзін вядомы адвакат звярнуў ейную ўвагу на гамафобію ў турэмнай сістэме: нават людзі нейтральных думак аб ЛГБТК-супольнасці нярэдка выходзяць з-за кратаў гамафобамі. І гэта можа тычыцца былых палітвязняў – людзей, якіх беларусы будуць лічыць героямі.
Што з хатнім гвалтам у Беларусі, дакладна невядома: статыстыку не выдаюць нават на запыт. Але паводле ўсіх прыкметаў, кажа суразмоўца, узровень хатняга гвалту ў Беларусі ў апошнія гады моцна вырас. Шмат гісторыяў хатняга гвалту яна ведае ў сем’ях палітвязняў – гвалт яна называе «лагічным працягам» траўмы зняволення.
Жанчыны нават у эміграцыі ў дэмакратычных краінах, працягвае яна, баяцца звяртацца па дапамогу ў выпадках хатняга гвалту: не ведаюць мовы, прыехалі «за мужам» і легалізаваліся ў прывязцы да мужа, баяцца дэпартацыі…
Наста Базар нагадвае, што для пацярпелых ад хатняга гвалту дзейнічае сайт Oliviahelp.org – гэты сайт стварылі беларускі, якія шукаюць, як дапамагчы жанчынам у розных краінах. І кажа, што хоча пахадзіць па польскіх арганізацыях кшталту «Feminoteka», каб расказаць пра іх беларускам: арганізацыі нават наймаюць перакладчыкаў і суправаджаюць у судзе.
Як дапамагаць людзям у Беларусі, калі ўсё разграмілі?
У Беларусі ўлады ліквідавалі за тры гады большую частку няўрадавых арганізацыяў. Калі закрылі нават «Ахову птушак Бацькаўшчыны», што казаць пра ахову правоў чалавека?
Менавіта таму, адказвае Наста Базар, была створаная кансультацыйная служба «Адно акно»: каб шукаць магчымасці, якія яшчэ ў існуюць у Беларусі, і тыя структуры, якія засталіся.
Сапраўды, прызнае яна, сектар НДА разгромлены, а дзяржаўны «крызісны пакой» для ахвяраў хатняга гвалту – гэта не тое самае, што «прыйсці да жанчын, якія цябе разумеюць». Але падтрымка заўсёды ёсць: як мінімум, ахвяры хатняга гвалту прапануюць падтрымку жанчыны-псіхолага, а можа, знойдзецца суполка ўзаемадапамогі жанчын, ці можа нават, дапамогуць з’ехаць у краіну, дзе ёсць належная падтрымка.
,,«Не забывайце пра салідарнасць і ўзаемадапамогу! – заклікае Наста Базар. – Проста мы гэтаму не навучаныя: прасіць дапамогі. Мы навучаныя, што мы самі».
Беларусы ў Беларусі навучыліся гэтаму «мы павінны самі», таму не звяртаюцца па дапамогу нават у эміграцыі, дзе магчымасцяў куды больш, дадае яна.
Але чаму так?
Не ўсе адчуваюць, што здабудуць квіток у Новую Беларусь. Але гэта не таму, што беларуская зямля праклятая, верыць Наста Базар.

,,«Мы надта доўга ў гэтым жылі».
Яна згадвае, што сілавікі і прапагандысты раптам змяшалі ў адно тэмы ЛГБТК і педафіліі. Кажа, гэта просты прыём, якому можна навучыцца хоць з дакументальнага серыялу «Як стаць тыранам»: прыдумаць групу, супраць якой можна абагуліць людзей.
«Было б, канешне класна, калі б усе ўзялі і сталі крытычна мысліць – і разумець, што, напрыклад, тэмы ЛГБТК і педафіліі штучна звязалі, проста каб напалохаць, – марыць Наста Базар. – Але цяжка ўявіць, што падлетак, хлопец 16 гадоў, які вымушаны ісці працаваць, каб дапамагаць сваёй маці карміць малодшых братоў-сёстраў, будзе яшчэ па вечарах сядзець і чытаць нейкія артыкулы пра гендарную роўнасць. На гэта таксама трэба таксама рэсурс, а яго ў нас зараз няма».
Большасць людзей у Беларусі вымушаныя не жыць, а выжываць, падкрэслівае яна, ды і ў дэмакратычных сілаў можа не хапіць часу пачытаць, што такое гендарная роўнасць і чаму няправільна казаць «потым да гэтага прыйдзем». Наста Базар настойвае:
,,«Пакуль не зразумеем гэта, мы не пабудуем новае, бо пакуль тое, што мы будуем, пачынае нагадваць тое, што было».
Яна не чакае, што да той жа гендарнай роўнасці Беларусь прыйдзе хутка. Але згадвае, што жанчыны на беларускіх землях атрымалі выбарчае права толькі нямногім больш за сто гадоў таму – і гэта адбылося дзякуючы суфражысткам, адна з якіх страціла жыццё. Цяпер калі жанчына кажа, што яна не феміністка, Наста Базар проста радуецца, што тая жанчына атрымала вышэйшую адукацыю, можа траціць свае грошы самастойна, а можа і казаць гэта са сцэны, і нават можа быць пры тым адзетая ў штаны.
Алесь Наваборскі belsat.eu