Дзень роднай мовы адзначаюць ува ўсім свеце 21 лютага. Сярод гарадскіх беларусаў беларускую мову найчасцей выкарыстоўваюць толькі 11 %, расказалі незалежныя сацыёлагі Філіп Біканаў і Канстанцін Несцяровіч. «Белсат» спытаў у экспертаў, што трэба зрабіць, каб беларуская мова стала моваю бальшыні, і даведаўся, чаму беларуская мова – гэта не толькі вельмі прыгожа, а важна нават для бяспекі.
«Мова практычна не выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі беларусаў»
19 лютага падчас онлайн-прэзентацыі даследавання «Беларуская ідэнтычнасць у 2024 годзе» незалежныя сацыёлагі Філіп Біканаў і Канстанцін Несцяровіч на падставе праведзенага ў снежні 2024-га онлайн-апытання расказалі пра стаўленне беларусаў да беларускай мовы.
Гэтак, беларускую мову найчасцей выкарыстоўвае толькі 11 % апытаных, яшчэ 44 % – час ад часу. Па-расейску ж стала размаўляюць 88 %, часам – яшчэ 5 %. Роднаю моваю беларускую лічаць 63 % апытаных, расейскую – 71 %.
Слабое выкарыстанне нацыянальнай мовы выяўляецца ў тым, што ў пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці беларуская мова «практычна не займае ніякага месца».
,,«Беларуская мова практычна не выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі іншых беларусаў, проста таму, што на сталай аснове яе выкарыстоўвае вельмі мала людзей, і зыходзячы з таго, на якой мове гаворыць чалавек, немагчыма зразумець, ці беларус ён», – сказаў Несцяровіч.
У пытанні, чаму беларусы лічаць сябе беларусамі, што радніць іх з людзьмі іхнай нацыянальнасці, толькі 20 % адзначылі беларускую мову. Пры гэтым яна моцна саступае такім рэчам, як месца нараджэння, дзяржава, тэрыторыя, нават культура. У краінах жа, дзе нацыянальная мова ёсць галоўным сродкам камунікацыі, яе ў якасці важнага маркеру нацыянальнай ідэнтыфікацыі называюць да 90 % апытаных.
Пры гэтым апытаныя збольшага не хочуць, каб русіфікацыя ў Беларусі ўзмацнялася, хоць часта і задаволеныя бягучаю сітуацыяй. Ад 20 да 33 % жыхароў краіны хацелі б пашырэння ўжывання беларускай мовы ў розных сферах, пашырэння расейскай – хочуць ад 9 да 19 %. 31 % апытаных гараджанаў чакаюць, што папулярнасць беларускай мовы за найбліжэйшыя 15–20 гадоў будзе павялічвацца, а толькі 18 % – памяншацца. Гэтыя чаканні, паводле Несцяровіча, хутчэй, адлюстроўваюць жаданні.
,,«Напэўна, сітуацыя з роляю беларускай мовы ў ідэнтычнасці можа мяняцца, калі будзе рабіцца больш носьбітаў. Але на прасоўванне, каб больш носьбітаў станавілася, можна ўплываць ужо цяпер, напрыклад, з дапамогаю выбудоўвання яе іміджу», – заявіў Несцяровіч.
Ён адзначыў, што імідж вясковай мовы тармазіць прасоўванне беларускай мовы. Але ўжо цяпер для 53–54 % апытаных яе ўнікальнасць, роднасць і прыгажосць ёсць асноўнымі драйверамі папулярызацыі. Таксама станоўча на яе імідж уплываюць такія характарыстыкі, як мова моладзі і інтэлігенцыі.
«Адпаведна, калі ёсць задача неяк прасоўваць беларускую мову, то трэба ўзмацняць яе асацыяцыю, прасоўваць імідж таго, што гэта мова моладзі, мова інтэлігенцыі», – адзначае сацыёлаг.
Мова – наш шчыт, але і мы мусім дбаць пра яе

Вядоўца праграмы «Мова нанова» на «Белсаце» Віктар Шукеловіч упэўнены, што беларуская мова мусіць быць мовай, якая дамінуе ў краіне. Найперш гэта звязана з бяспекаю беларусаў:
«У сітуацыі, калі мы маем агрэсіўнага і непрадказальнага суседа, нашая мова – гэта гарант нацыянальнай бяспекі. Нашая мова – гэта знак нашай унікальнасці ў сям'і народаў, адрознасці ад іншых і лучнасці ў пабудове незалежнай нацыянальнай дзяржавы. Калі б мова была няважная, імперыі не шырылі б свае мовы гвалтам і прымусам. Тады б расейскія войскі не змянялі ўкраінскіх шыльдаў на расейскія на акупаваных украінскіх землях. Беларуская мова – гэта наш шчыт».
Віктар дадае, што беларуская мова – гэта яшчэ і вялікая прыемнасць.
,,«Не ведаю нічога мілейшага за жарты ды сардэчныя размовы з сябрамі і роднымі па-беларуску», – дзеліцца вядоўца «Мовы нанова».
Да таго ж родная мова паглыбляе пачуццё блізкасці і даверу, мяркуе суразмоўца:
«Беларуская мова – гэта прыгажосць, бо поўнагалоссе і ўнікальныя спалучэнні гукаў робяць нашую мову надзвычай мілагучнай і прыемнай для вуха. Беларуская мова – гэта нашая гістарычная повязь з Еўропаю, бо яна была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім. Але беларуская мова – гэта таксама нашая адказнасць. Пра польскую мову дбае Польшча, пра літоўскую – Літва... У нашай мовы няма пакуль дзяржавы, якая б дбала пра яе. У беларускай мовы ёсць толькі мы, і мы мусім быць свядомыя гэтага і згуртавацца дзеля яе абароны».
Умовы для пашырэння беларускай мовы

Каб беларуская мова пашыралася, перадусім трэба, каб спыніліся рэпрэсіі ў дачыненні беларускамоўных, мяркуе Шукеловіч.
«Каб з беларушчыны ўрэшце знялі латку "экстрэмізму". Улады Беларусі ўспрымаюць беларускую мову як мову пратэсту і супраціву, а носьбітаў беларускай мовы бачаць як тых, хто не хоча гуляць паводле накінутых зверху правілаў. Як апавяла нядаўна былая завуч з Ляхавічаў Таццяна Крапіневіч, яна ведае настаўніка гісторыі, якога губазікаўцы апускалі галавою ва ўнітаз за беларускую мову. Беларускамоўных палітвязняў вылучаюць з шэрагу і ўсяляк спрабуюць зламаць у месцах зняволення.
Здараліся выпадкі, калі на людзей даносілі за беларускую мову і нават затрымлівалі. Беларусы не згубілі сваёй мовы, бо "так склалася гістарычна". Цягам доўгага часу беларусаў свядома і мэтанакіравана пазбаўлялі нацыянальнай ідэнтычнасці і самасвядомасці. Апошнія гады гэтыя працэсы толькі ўзмацніліся, а такія людзі, як Вольга Бондарава, пачуваюцца панамі жыцця і з усім імпэтам ды раз'ятранасцю знішчаюць нават сімвалічную прысутнасць беларускай мовы ў публічнай прасторы. Супрацьдзеянне ці супрацьвага такім ініцыятывам нават не мае шанцаў з'явіцца ў сучаснай Беларусі», – кажа Віктар Шукеловіч.
Па-другое, трэба, каб у Беларусь маглі вярнуцца актыўныя і творчыя беларускамоўныя людзі.
«Трэба прызнаць, што найлепшае месца для беларушчыны – гэта сама Беларусь. Усе нашыя дзеянні і высілкі дзеля папулярызацыі беларускай мовы маюць большае значэнне і большую моц, калі яны адбываюцца ў Беларусі.
Па-трэцяе, беларуская мова мусіць сапраўды стацца дзяржаўнай, а не лічыцца такою на паперы. Лічыцца, чыя ўлада – таго і мова. Дзеля захавання беларускай мовы проста неабходна, каб беларусы ўрэшце сталі гаспадарамі ў сваёй краіне», – працягвае суразмоўца.
Народы ўжо ратавалі свае мовы

Віктар Шукеловіч нагадвае, што беларусы не адзіныя сутыкнуліся з праблемаю, калі іхная мова апынулася ва ўразлівым стане.
«Мы можам натхняцца прыкладамі габрэяў і чэхаў, якія адрадзілі свае мовы з забыцця. Адраджальнік іўрыту Эліэзэр Бэн-Егуда ўвогуле паходзіў з поўначы Беларусі, з мястэчка Лужкі, якое цяпер у Віцебскай вобласці. Ягоны сын Бэн-Цыён Бэн-Егуда быў першым ізраільцянінам, для каго іўрыт зрабіўся роднаю моваю. Валійцы ў Вялікай Брытаніі дзякуючы сістэматычнай працы і прынцыповасці дамагліся таго, што іхная мова больш не лічыцца "ў стане пагрозы знікнення", а атрымала больш уцешны статус "уразлівай мовы".
Заўсёды большыя веды ды адукацыя спрыяюць разуменню іншых і сябе самога. Таму чым больш мы будзем цікавіцца светам, вывучаць яго і самаадукоўвацца, тым больш будзем усведамляць значэнне і важнасць роднай мовы для нас. Самае галоўнае – гэта не апускаць рук і не паддавацца роспачы, а падтрымліваць адно аднаго, заахвочваць і натхняць у імкненні да ведаў і вывучэння роднай мовы», – падводзіць рысу Віктар Шукеловіч.
Арсен Рудэнка, Макар Мыш belsat.eu