Шуфлядка

Беларусы «захапілі» Threads і расказваюць пра ўсеагульную млявасць і абяцанкі-цацанкі. Што адбываецца?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лагатып Threads на экране мабільнага тэлефона
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лагатып Threads на экране мабільнага тэлефона. Фота: Osmancan Gurdogan / Anadolu Press / Abaca Press / East News
podpis źródła zdjęcia

У Threads з’явіўся флэшмоб «беларусыговорят», дзе беларусы дзеляцца каларытнымі выразамі роднай мовы са светам. Атрымліваецца міла і часам вельмі смешна. Сабралі самае цікавае з таго, што пішуць людзі.

Допісаў вельмі шмат, але, калі вы жылі ў Беларусі, то хутчэй за ўсё чулі багата з таго, што пішуць:

«Беларусы не кажуць: замерз як сабака. Беларусы кажуць: "змёрз як цуцык"».

«Беларусы не просяць: “Скажы шчыра”. Беларусы адразу рубяць: “Ты мне тут казкі не расказвай!”».

,,

«Беларусы ніколі не назавуць чалавека нязграбным, а скажуць "нягеглы нейкі"».


«Беларусы не кажуць: "дзе ж яны абодва зніклі?". Беларусы кажуць: "Пашлі дурнога, а за ім другога"».

«Беларусы не кажуць "хутка бяжыць", беларусы кажуць "ляцiць галаву задраўшы"».

,,

«Беларусы не кажуць “нейкая бязглуздзіца”, беларусы кажуць “некае абы што”».


«Беларусы не кажуць: “будзь ты пракляты”. Беларусы кажуць: «ДА КАБ ТЫ ЎСРАЎСЯ!»

«Беларусы не кажуць "свядомае спажыванне", беларусы кажуць "яно табе трэба?"».

«Беларусы не кажуць “ты рэдка прыязджаеш”. Яны кажуць “трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем”».

«Беларусы не кажуць "пайду пакармлю свіней". Беларусы кажуць "пайду свіням дам"».

«Беларусы не тлумачаць, чаму не будуць нешта рабіць. Беларусы кажуць “няма дурных”».

«Беларусы не кажуць "нейкая далёкая сваячка", яны кажуць “Толікава брата жонка”».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марш беларусаў супраць бязвыбараў у Варшавае Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марш беларусаў супраць бязвыбараў у Варшавае Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

«Беларусы не кажуць "не ўводзь мяне ў зман". Беларусы кажуць "не збівай мяне з панталыку».

«Беларусы не кажуць: "дурань". Беларусы кажуць: "дурны як сабака да году"».

«Беларусы не кажуць «ага, зараз». Беларусы кажуць “бягу, валасы назад”».

«Беларусы не кажуць "пустыя абяцанні". Беларусы кажуць: “абяцанкi-цацанкi”».

,,

«Беларусы не кажуць: "нешта я адразу не здагадаўся". Беларусы кажуць: “добрая мысля прыходзіць пасля"».


«Беларусы не кажуць, ён/яна стаў такім праз час. Беларусы кажуць: “Вочы бачылі, што бралі».

«Беларусы не кажуць: "дэпрэсія". Яны кажуць: "усеагульная млявасць і абыякавасць да жыцця"».

Некаторыя ў Threads ужо пытаюць, ці можна зрабіць, каб кожны допіс не пачынаўся з беларусаў. Іншыя адзначаюць, што флэшмоб вельмі мілы і яны радыя далучыцца.

З’явіліся і больш сур’ёзныя дыскусіі. Адна з карыстальніц піша, што ў сваёй «спрадвечна беларускай» сям’і беларускай мовы не чула, як і ў горадзе, і нават не «гэкае». Таму да флэшмобу яна ставіцца скептычна.

Іншая карыстальніца ёй адказвае, што ўсё залежыць ад сацыяльнай бурбалкі. Для яе наадварот беларуская мова родная і чула яна яе заўсёды.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10