Нягледзячы на розніцу ў палітычных поглядах і працяглыя рэпрэсіі, у беларусаў дагэтуль застаецца шмат таго, што іх яднае паміж сабою. Пра гэта 19 лютага падчас онлайн-прэзентацыі даследавання «Беларуская ідэнтычнасць у 2024 годзе» расказалі незалежныя сацыёлагі Філіп Біканаў і Канстанцін Несцяровіч.
Даследаванне заснаванне на апытанні 800 чалавек, якое прайшло онлайн на пачатку снежня 2024 года. Яно закранула асобаў у веку 18-64 гадоў, якія цяпер пражываюць у гарадах у Беларусі.
Погляды больш сталых асобаў і вяскоўцаў у апытанні не прадстаўленыя. Апроч таго, фактар страху з прычыны няспынных рэпрэсіяў у Беларусі можа скажаць вынікі на 9-10 % у найбольш чуллівых пытаннях.
,,«Гэта шмат. Але гэта вынікі з ног на галаву не пераварочвае», – заявіў Філіп Біканаў, дадаўшы, што ў менш чуллівых пытаннях скажэнні з прычыны страху меншыя. Паводле яго, найбольш скажае адказы тое, што ў апытаннях удзельнічаюць перадусім людзі, якія ўмеюць карыстацца інтэрнетам.
На каго можна падзяліць беларусаў
Беларуская ідэнтычнасць у даследаванні ацэньваецца праз прызму чатырох асноўных кампанентаў: расейска-савецкай, беларускай, нацыянальна-індыферэнтнай і касмапалітычнай. Расейска-савецкая кампанента адлюстроўвае арыентацыю на савецкае мінулае і ўяўленне пра тое, што ў беларусаў павінны быць цесныя сувязі з Расеяй. Беларуская ахоплівае ўяўленні пра важнасць беларускай мовы, культуры, дасавецкай гісторыі мінулае. Нацыянальна-індыферэнтная кампанента ўласцівая для людзей, якія лічаць, што ў сучасным свеце нацыянальныя адрозненні няважныя або нават з'яўляюцца лішнім барʼерам паміж людзьмі. Касмапалітычная ж адлюстроўвае цікавасць да глабальнай ідэнтычнасці. Яна часта характэрная для тых, хто цікавіцца падзеямі ў свеце, хоча мець шмат знаёмых і чэрпаць веды з розных культур.

На падставе гэтага сярод беларусаў вылучаюцца пяць сегментаў: свядомыя (11 %), абыякавыя (34 %), савецкія (24 %), русіфікаваныя (7 %), тыя, хто фармуецца (25%). Пры гэтым, адзначыў Канстанцін Несцяровіч, памеры гэтых сегментаў даволі ўмоўныя і пры найменшых зрухах могуць змяняцца.
,,«Іх варта разумець хутчэй як профілі, якія шырока распаўсюджаныя ў беларускім грамадстве, як ідэальныя тыпы. Але мы не ведаем дакладных памераў гэтых сегментаў. Мы мяркуем пра гэтыя памеры хутчэй адносна адзін аднаго», – сказаў ён.
Для свядомых найбольш уласцівыя беларуская і касмапалітычная кампаненты, яны актыўна цікавяцца беларускай нацыянальнай і іншымі культурамі. Пры гэтым у іх найменш выражаныя савецкая і нацыянальна-індыферэнтная кампаненты. Для сегменту савецкіх больш за ўсіх якраз характэрная савецкая кампанента, а астатнія выяўленыя на сярэднім узроўні. Паміж гэтымі групамі знаходзіцца сегмент тых, хто фармуецца, у іх усе кампаненты выяўленыя на сярэднім узроўні. У абыякавых найбольш выяўляецца нацыянальная індыферэнтнасць, але савецкая кампанента для іх бліжэйшая за беларускую і за касмапалітызм. Асобна ад астатніх сегментаў знаходзяцца русіфікаваныя, якія не лічаць сябе беларусамі. Ім бліжэйшая савецкая нацыянальная ідэнтычнасць, а ў цэлым яны больш падобныя да абыякавых.
Беларускі сегмент з’яўляецца найбольш адукаваным. Ён, як і сегмент тых, хто фармуецца, уласцівы перадусім для менчукоў. Апошні таксама з’яўляецца найбольш маладым сегментам, а савецкі – найбольш старым. Сярод абыякавых пераважаюць людзі з сярэдняй адукацыяй.
У пытанні пабудовы нацыі свядомыя найбольш аддаюць перавагу нацыянальнай культуры (Пагоня, бел-чырвона-белы сцяг, Дзень Волі, Дзяды) і дасавецкай гісторыі (Кастусь Каліноўскі, Грунвальдская бітва). Між тым савецкія глядзяць на Беларусь як на пераемніцу савецкага перыяду. Для іх важныя перадусім афіцыйныя сімвалы – чырвона-зялёны сцяг, Белавежская пушча, брэнды дзяржаўных прадпрыемстваў, Славянскі базар, святы 9 траўня і 3 ліпеня.
,,«Для іх хутчэй дзяржава ёсць такім элементам, што абʼядноўвае нацыянальную супольнасць, але ў той жа час для іх важней, чым для іншых, эмацыйная прыхільнасць да гэтай супольнасці», – расказаў Несцяровіч.
Паводле яго, паміж гэтымі сегментамі-канкурэнтамі знаходзіцца сегмент тых, хто фармуецца. Яны імкнуцца і адкрытыя адначасова да двух нацыянальных праектаў. Абыякавым жа беларускія нацыянальныя праекты – як савецкі, гэтак і нацыянальны – нецікавыя. Яны бачаць беларускую нацыю як супольнасць, абʼяднаную вакол максімальна палітычна і культурна ненагружаных рэчаў, такіх як грамадзянства, тэрыторыя, самаідэнтыфікацыя, сказаў сацыёлаг. Русіфікаваным жа беларускія нацыянальныя праекты нецікавыя зусім, бо яны не ўсведамляюць сябе беларусамі.
«Гэтыя адрозненні даволі ўстойлівыя, яны ўжо паўтараюцца ад даследавання да даследавання на працягу пяці гадоў. Аднак, нягледзячы на гэта, нягледзячы на канкурэнцыю гэтых нацыянальных праектаў, беларусы працягваюць існаваць як цэласная нацыя», – заявіў Несцяровіч.

Што агульнага паміж беларусамі
Сацыёлаг адзначыў, што розныя падыходы да нацыянальнага будаўніцтва не азначаюць варожасці іх прадстаўнікоў адзін да аднаго. Гэтак, для трох сегментаў (свядомыя, савецкія і тыя, хто фармуецца) уласцівае добрае стаўленне да тых, хто развівае і пашырае беларускую культуру і мову, размаўляе па-беларуску. І нават русіфікаваныя і абыякавыя не ставяцца да гэтага негатыўна, больш нейтральна. Такое стаўленне ўласцівае і да касмапалітычнай кампаненты. Разам з тым сярод свядомых выяўляецца моцнае негатыўнае стаўленне да савецкай кампаненты. Несцяровіч патлумачыў гэта тым, што прадстаўнікі гэтага сегменту знаходзяцца пад ціскам рэпрэсіяў і такім сваім стаўленнем выражаюць нязгоду з тым, што адбываецца. Таксама свядомыя негатыўна ставяць да індыферэнтнай кампаненты, бо для іх важныя культура, мова і іншыя асаблівасці нацыянальна-рамантычнага праекту. Рэшта сегментаў да гэтай кампаненты ставяцца нейтральна.
,,«Такім чынам, праявы савецкай і індыферэнтнай кампанентаў хутчэй спрыяюць сацыяльнай напружанасці. Ёсць палярнае меркаванне з нагоды гэтага. Тады як праявы беларускасці і касмапалітызму гатовыя прымаць большасць розных сегментаў», – сказаў Несцяровіч.
Таму, заявіў ён, тым, хто хоча аб’яднаць беларусаў, пераадолець падзелы, варта выкарыстоўваць элементы, уласцівыя для беларускасці і касмапалітызму. Аднак сацыёлаг падкрэсліў, што ў апытанні адносна беларускай кампаненты не былі закранутыя такія «трыгерныя» тэмы, як нацыянальныя бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, бо яны б маглі выклікаць большае непрыняцце сярод сегменту савецкіх.
«Мы бачым, што ў савецкіх аднолькавы ўзровень прыняцця трох асноўных кампанентаў: беларускай, касмапалітычнай і савецкай. І гэта яшчэ раз пацвярджае нашу выснову з папярэдніх даследаванняў, што савецкія гэта зусім не нейкі антыбеларускі сегмент. Яны не хочуць выключаць праявы беларускасці, проста яны бачаць іх у рамках іншай традыцыі», – адзначыў Несцяровіч.
Даследаванне таксама паказала, як розныя погляды праяўляюцца ў культуры. Гэтак, у адкрытым пытанні пра найбольш супольных музыкаў для ўсіх беларусаў усе сегменты назвалі гурт «Песняры». У літаратуры такімі фігурамі сталіся Янка Купала і Якуб Колас, а ў нацыянальнай кухні беларусаў аб’ядноўваюць дранікі. Важнай часткай нацыянальнай ідэнтычнасці ёсць і брэнды прадпрыемстваў, якія працуюць у Беларусі.
,,«Такімі брэндамі, праз якія беларусы могуць растлумачыць, хто такія беларусы, будуць «Камунарка» і БелАЗ», – сказаў Несцяровіч.
Як на беларусаў уплывае Расея
Сацыёлагі таксама прааналізавалі расейскі культурны ўплыў на беларусаў. Ён паказаў, што беларусы аддаюць перавагу расейскім комікам і блогерам, але ў іншых сферах такога пераважнага ўплыву няма. Гэтак, у кіно дамінуюць заходнія і савецкія фільмы, у музыцы – беларускія і заходнія выканаўцы. Нават сегмент савецкіх найчасцей глядзіць заходняе кіно.
«Таму выснова тут такая, што расейскі ўплыў ёсць, ён вельмі значны, асабліва ў катэгорыях комікаў і блогераў, аднак ён не абсалютна дамінуе. Вельмі моцна таксама заходняя і, адпаведна, беларуская культура прадстаўленыя актыўна ў спажыванні», – сказаў Несцяровіч.

,,«Таму адсюль выснова, што калі ёсць нейкая сітуацыя, што трэба нешта супрацьпаставіць, неяк змагацца з расейскай прапагандай праз расейскую культуру, то тут хутчэй будзе працаваць аргумент не пра тое, што гэта прапаганда і што гэта дрэнна, а пра тое, што гэта проста няякасна. Гэты кантэнт проста нецікавы», – заявіў сацыёлаг.
Што датычыць мовы, то нягледзячы на тое, што сёння на пастаяннай аснове толькі невялікая доля беларусаў выкарыстоўвае беларускую мову (11 % супраць 88 % у расейскай), вельмі малы працэнт хоча далейшую русіфікацыю. Хоць прыкладна палову апытаных і задавальняе сённяшняе становішча. Папулярызаваць жа беларускую мову сацыёлагі на падставе даследавання раяць, акцэнтуючы ўвагу на тым, што гэта мова моладзі і інтэлігенцыі.
За мяжой жа доля тых беларусаў, для каго важная беларуская кампанента, мае быць іншай. З прычыны вымушанай эміграцыі доля сегментаў свядомых і тых, хто фармуецца, там мусіць быць істотна большай. Але, падкрэсліў Біканаў, канкрэтнае размеркаванне гэтых прапорцыяў сярод эмігрантаў пакуль даць немагчыма.
Макар Мыш belsat.eu