Беларусы – аптымісты, яны ацэньваюць сітуацыю ў эканоміцы лепш, чым яна ёсць насамрэч. Пра гэта на брыфінгу распавялі эксперты даследчага цэнтру BEROC, паказаўшы на праблемы, якія давядзецца развязваць цяперашнім уладам.
Першай на брыфінгу цэнтру BEROC выступіла экспертка Віялета Панасевіч, якая прэзентавала вынікі апытання беларусаў, праведзенага сёлета ў лютым.
25 % рэспандэнтаў заявілі пра падзенне сваіх даходаў і часцей за ўсё тлумачылі гэта ростам коштаў. Сярод іншых прычынаў – змяншэнне колькасці заказаў або кліентаў, змяненне курсу рубля і скарачэнне заробку.
Панасевіч адзначыла, што доля беларусаў, якія скардзяцца на змяншэнне даходаў, амаль не змяняецца ўжо некалькі кварталаў запар: «Можна сказаць, што мы выйшлі на плато».

Тыя, у каго паменшала грошай, часцей за ўсё эканомяць на выдатках, звязаных з вольным часам, у 33 % выпадкаў – на ежы.
Большасць тых, хто заявіў пра падзенне даходаў, – гэта жыхары Віцебскай вобласці, і так небагатага рэгіёну, канстатавала экспертка.
Што тычыцца рынку працы, то колькасць людзей, якія падчас апытання паведамілі пра страту працы, застаецца мінімальнай за доўгі час:
«У першым квартале сёлета доля тых, хто страціў працу, склала 3 %, і доля тых, у каго хтосьці са знаёмых страціў працу, склала 12 %, што крыху нам намякае на сітуацыю з дэфіцытам на рынку працы».
56 % рэспандэнтаў заявілі на недахоп работнікаў у той сферы, дзе яны працуюць. Гэта прыкладна столькі ж, колькі і ў мінулым квартале:
«Сярод іх, што больш цікава, зноў людзі з Віцебскай і Менскай вобласцяў, таксама гэта гараджане з невялікіх гарадоў, там, дзе насельніцтва меншае за 100 тысяч чалавек. Таксама пра недахоп кадраў паведамляюць людзі з прыбыткам 1200–1600 рублёў і людзі, якія працуюць з фізічнымі інструментамі, матэрыяламі, механізмамі. А таксама часцей за ўсё гэта работнікі на дзяржаўных прадпрыемствах, ну і, відавочна, пра недахоп кадраў паведамляюць кіраўнікі арганізацый».
26 % удзельнікаў апытання BEROC мяркуюць, што сітуацыя ў эканоміцы за год палепшылася, а 30 % чакаюць, што праз год будзе яшчэ лепей. «Тут мы бачым суцэльны пазітыў і аптымізм», – падсумавала Панасевіч.

У параўнанні з папярэднім кварталам больш беларусаў чакае паляпшэння матэрыяльнага стану сваёй сям'і:
«Большасць рэспандэнтаў паведамляе, што іх матэрыяльнае становішча не змянілася. 23 % кажуць, што стала крыху лепш. Доля людзей, якія кажуць, што іх матэрыяльнае становішча пагоршылася, трохі вышэйшая і склала 29 %. Што тычыцца погляду ў будучыню, то тут таксама беларускія рэспандэнты чакаюць, што іх матэрыяльнае становішча будзе паляпшацца».

У выдатках і зберажэннях значных зменаў няма: 50 % удзельнікаў апытання кажуць, што за апошнія паўгода пачалі выдаткоўваць больш (у папярэднім квартале – 44 %), 31 % рэспандэнтаў менш ашчаджае (было 30 %), а 36 % удзельнікаў наогул не адкладаюць на чорны дзень (столькі ж, колькі і ў папярэднім квартале).
«Ашчадныя паводзіны ў цэлым не змяніліся. На цяперашні момант зберагаюць у беларускай валюце пад падушкай і ў банкаўскіх дэпазітах. У якасці пераважных валютаў, як звычайна, долар і крыху еўра. Што тычыцца жаданых зберажэнняў, то ўсе хочуць нерухомасць у Беларусі, але рэалізацыя нізкая. А што тычыцца валюты, то хочуць зберагаць больш у еўрах і ў доларах. Іншыя валюты асабліва не фігуруюць, напрыклад, юань наогул не карыстаецца попытам. Расейскі рубель – крышку», – распавяла Віялета Панасевіч.
Акрамя традыцыйных пытанняў, аналітыкі BEROC час ад часу прапаноўваюць рэспандэнтам іншыя тэмы. Гэтым разам у беларусаў спыталі пра эканамічных партнёраў нашай краіны. 85 % назвалі галоўным цяперашнім партнёрам Расею, 65 % – Кітай. Пры гэтым не так шмат апытаных лічаць гэтыя дзяржавы найлепшымі для супрацы. Расею палічылі перспектыўным напрамкам 52 % рэспандэнтаў, Кітай – 54 %, а краіны Еўразвязу – 27 %.

Яшчэ адно нетрадыцыйнае для такіх даследаванняў пытанне, якое задалі рэспандэнтам, тычылася кітайскіх аўтамабіляў. 32 % апытаных мяркуюць, што аўты з КНР беларусы купляюць праз нізкі кошт, бедны асартымент на рынку, добрыя суадносіны кошту і якасці, а таксама дзякуючы больш выгадным умовам крэдытавання ў параўнанні з вытворцамі з іншых краінаў.
Эканаміст Дзмітрый Крук, які працягнуў брыфінг цэнтру BEROC, адзначыў, што ў чацвёртым квартале мінулага года ў параўнанні з папярэднім кварталам ВУП практычна не вырас, калі ўлічваць сезоннасць.
Пры гэтым эканомікі не выцягнуў і ўнутраны попыт, які працягнуў хутка павялічвацца:
«Тут традыцыйны складнік – разгон заробнай платы, які ў сваю чаргу разганяе спажыванне хатніх гаспадарак. Вось гэты фактар захаваўся, але нейкія невялікія сігналы запаволення росту заробкаў выявіліся, але тэмпы росту заробкаў усё роўна пакуль вельмі-вельмі высокія».
Адным з самых галоўных выклікаў аналітык лічыць замежны гандаль, які або прыносіць валюту, або, наадварот, вымывае яе з краіны. У нашым выпадку пачалося праяданне валюты:
,,«Экспарт значна прасеў, а імпарт таксама прасеў, але ў меншай ступені. Трэнды ў вонкавым гандлі ў другім паўгоддзі былі істотна горшыя, чым у першым паўгоддзі. Адбылося якаснае пагаршэнне».
Праблема для нашай краіны ў тым, што вельмі мала крыніцаў, з якіх можна кампенсаваць адмоўнае сальда вонкавага гандлю. Калісьці Беларусь брала крэдыты на Захадзе (і пад добры адсотак), а цяпер давядзецца ісці з працягнутай рукой або ў Расею, або ў Кітай.
Кажучы пра заробкі ў Беларусі, Крук адзначыў, што яны па-ранейшаму растуць хутка, хоць у чацвёртым квартале тэмпы злёгку замарудзіліся. Эканаміст назваў цяперашні рост даходаў неабгрунтаваным, бо яны не павялічваюцца разам з прадукцыйнасцю працы:
«Натуральна, для кожнага, калі расце заробак – гэта добра, і эканамісты не ворагі, якія хочуць забраць ва ўсіх заробкі, а эканамісты б'юць трывогу, калі заробная плата адрываецца ад сваіх фундаментальных параметраў».
Такі заробны банкет аплачваюць кампаніі, вымушаныя раздаваць грошы ва ўмовах недахопу работнікаў:
«Бурны рост заробкаў ідзе на шкоду фінансавай логіцы, гэта значыць прадпрыемствы, аплачваючы такія працоўныя выдаткі, бяруць на сябе дадатковы цяжар, гэта не спалучаецца з той дынамікай выручкі, якую яны атрымліваюць».
Пры гэтым, нягледзячы на імклівы рост даходаў, беларусы ўсё яшчэ не багатыя ў параўнанні з краінамі Цэнтральнай Еўропы і Балтыі, падлічыў Крук. Гаворка ідзе пра рэальны дабрабыт: паказнік грунтуецца на ВУП на душу насельніцтва згодна з парытэтам пакупніцкай здольнасці:
,,«Графік дэманструе, колькі ў адсотках дабрабыт сярэдняга беларуса складае ў той ці іншы год ад дабрабыту сярэдняга ўсходняга еўрапейца, гэта значыць грамадзяніна Польшчы, Літвы, Латвіі, Славакіі. Рост у 2024 годзе дазволіў крышку адбіць вельмі відавочныя страты з 2020 да 2022 года, але гэта па-ранейшаму гібенне на вельмі нізкім узроўні, і Беларусь застаецца адсталай краінай».

Аналітык падсумаваў, што нявылечаныя болькі беларускай эканомікі перавандравалі ў новы год, і да гэтага могуць дадацца новыя праблемы. Напрыклад, астуджэнне эканомікі ў Расеі, што пагражае спадам попыту на беларускія тавары; больш высокая інфляцыя ва ўсходніх суседзяў, якая будзе падганяць рост коштаў у нас.

Эксперт Анатоль Харытончык, які завяршаў брыфінг, канстатаваў, што беларуская эканоміка ў канцы мінулага – пачатку гэтага года была ў «разбалансаваным, перагрэтым стане»:
«Праявай гэтага стала прыкметнае пагаршэнне вонкавай гандлёвай пазіцыі краіны, паглыбленне праблемы дэфіцыту работнікаў, а таксама падвышаная інфляцыя там, куды шчупальцы цэнавага кантролю не дацягваюцца прынамсі напрасткі. Пры гэтым эканамічная палітыка не дэманстравала відавочнай нацэленасці на барацьбу з назапашанымі макраэканамічнымі дысбалансамі».
Паводле ацэнкі эканаміста, рост ВУП на 2,4 % перавышае збалансаваны ўзровень, а рост заробкаў – нават на 9,9 %.
Ён прагназуе, што праз недахоп вытворчых магутнасцяў і работнікаў эканоміка сёлета вырасце на 1,5–2 % замест запланаваных уладамі 4,1 %. Ды і заробкі будуць павялічвацца не так хутка. Калі летась рэальная заробная плата (паказнік улічвае інфляцыю) вырасла на 13 %, то сёлета чакаецца не больш за 7 %:
,,«Пры аслабленні дынамікі экспарту і выпуску рост заробкаў таксама будзе запавольвацца. Падтрымліваць рост заробкаў працягне дэфіцыт работнікаў. Ліквідаваць гэтую праблему даволі складана пры існых дэмаграфічных тэндэнцыях».
Харытончык чарговы раз папярэдзіў пра інфляцыйны навес – ручное стварэнне ўладаў, якія штучна стрымліваюць цэны. Гаворка ідзе пра тое, наколькі вырастуць кошты, калі іх цяпер адпусціць. Аналітык ацэньвае гэты ўзровень у 10 %, хоць гадавая інфляцыя ў студзені склала 5,2 %:
«Калі тавары, асабліва нехарчовыя, даражэлі вельмі стрыманымі тэмпамі ў канцы мінулага года і ў студзені бягучага, то нерэгуляваныя паслугі даражэлі двухзначнымі тэмпамі ў апошнія месяцы. Падвышаная інфляцыя ў сегменце нерэгуляваных паслуг якраз ёсць праявай разбалансаванасці беларускай эканомікі. І ўзровень коштаў на нерэгуляваныя паслугі ў студзені ўжо больш чым на 8 % перавышаў узровень коштаў на нехарчовыя тавары, што падкрэслівае значныя перакосы ў цэнавай дынаміцы ў Беларусі і назапашванне інфляцыйнага навесу».
На гэты год улады прагназуюць рост коштаў не вышэйшы за 5 %, аднак гэтым планам можа перашкодзіць анансаванае змяненне сістэмы рэгулявання коштаў.
«Калі ўлады ўсё ж пойдуць на трансфармацыю сістэмы цэнавага кантролю ў бок яго аслаблення, то інфляцыя паскорыцца да 6–8 % у бягучым годзе», – мяркуе Харытончык.

Зрэшты, усе гэтыя прагнозы даволі крохкія ў тым сэнсе, што залежаць ад мноства непрадбачаных чыннікаў. Умяшацца могуць, напрыклад, новыя санкцыі ці аслабленне старых, яшчэ незразумела, як зменіцца рэгуляванне коштаў. Да таго ж праз гандлёвыя войны можа пачаць калаціць сусветную эканоміку. Пры гэтым урад Беларусі толькі падлівае алею ў гэты агонь нявызначанасці, бо спрабуе выканаць дзве несумяшчальныя задачы: і працягнуць разгон ВУП, і захаваць нізкую інфляцыю.
Сцяпан Кубік / АБ belsat.eu