Прэзідэнт ЗША абклаў мытам тавары з Канады, Кітаю і Мексікі ды анансаваў такія ж захады супраць ЕЗ. У гандлёвую вайну будуць уцягнутыя найбуйнейшыя эканомікі свету. Як праз гэта пацярпіць Беларусь?
Другі тэрмін Доналда Трампа на пасадзе прэзідэнта ЗША доўжыцца менш за два тыдні, а ён ужо паспеў пачаць гандлёвую вайну з Канадай, Мексікай і Кітаем. Падобна, палітык уцягне ў бойку таксама Еўразвяз, і супрацьстаянне закране найбуйнейшыя эканомікі свету.
Канада атрымала ад Трампа мыта ў 25 % на тавары і 10 % – на энерганосьбіты. Таксама 25-адсоткавым тарыфам абкладзены амерыканскі імпарт з Мексікі. Кітаю «пашчасціла»: мыта – 10 %.
«Прэзідэнт Доналд Трамп прымае рашучыя захады, каб абараніць амерыканцаў ад фентанілавага крызісу. Фентаніл – галоўная прычына смерці амерыканцаў 18 – 45 гадоў. Тарыфы неабходныя дзеля таго, каб прымусіць Кітай, Мексіку і Канаду адказаць за свае абяцанні спыніць плынь ядавітых наркотыкаў у Злучаныя Штаты», – так гандлёвую вайну растлумачыў Белы дом.
Канадзе і Мексіцы дадаткова дасталася ад ЗША за мігрантаў.
Мексіка і Кітай пакуль толькі паабяцалі адказаць Вашынгтону, а Канада ўжо абвесціла пра мыта ў 25 % на амерыканскія тавары на $ 155 млрд. Прэм'ер-міністр Жустэн Трудо таксама прапанаваў канадцам купляць канадскія тавары замест амерыканскіх і не адпачываць у ЗША. Яшчэ ён папярэдзіў грамадзянаў Злучаных Штатаў, што тыя адчуюць на сабе наступствы гандлёвага супрацьстаяння, якое ініцыяваў Трамп.
Зрэшты, сам прэзідэнт ЗША прызнаў, што амерыканцы могуць адчуць «пэўны боль» праз эканамічную вайну, аднак даў зразумець: за цаной не пастаіць.
«Мы зноў зробім Амерыку вялікай, і гэта будзе каштаваць столькі, колькі давядзецца заплаціць», – напісаў Трамп капслокам у сваёй сацсетцы «Truth Social».
Летась доля Канады, Кітаю і Мексікі ва ўсім імпарце ЗША перавысіла 40 %, а, напрыклад, 75 % усяго экспарту Канады ідзе ў Штаты. Адпаведна, цяперашняя спрэчка абавязкова паўплывае на эканомікі гэтых краінаў. У якой ступені, пакуль цяжка ацэньваць, бо фактычна ўсё толькі пачалося, таму што раней Трамп пагражаў павысіць мыта яшчэ больш, калі краіны адкажуць на першае павышэнне.

Наўпрост гандлёвая вайна паміж сусветнымі гігантамі наўрад ці зачэпіць Беларусь, а вось ускосна – абавязкова. Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» не выключыла такое наступства, як ваганні курсаў валютаў:
«Беларускі валютны рынак будзе рэагаваць на рост або зніжэнне долара да іншых валютаў. Тут могуць быць ваганні як у бок зніжэння, гэтак і ўмацавання – у залежнасці ад таго, як амерыканская эканоміка зрэагуе на пратэкцыйныя захады».
Акрамя таго, у Беларусі можа паболець кітайскіх тавараў, бо Кітай, імаверна, будзе шукаць іншыя рынкі замест амерыканскага. Адпаведна, і на расейскім рынку варта чакаць кітайскай экспансіі, а гэта можа ўдарыць па беларускім экспарце, які і без таго ў крызісе:
,,«У пэўнай ступені гэтыя абмежаванні могуць палепшыць умовы імпарту з Кітаю ў Беларусь, бо Кітай праз больш высокае мыта ЗША будзе намагацца павялічваць гандаль з іншымі краінамі. Аднак гэта можа пагоршыць умовы беларускага экспарту ў Расею, паколькі яшчэ больш узмацніцца канкурэнцыя з кітайскімі пастаўнікамі на расейскім рынку».
Кітайскі чыннік, праз які ад сусветнай гандлёвай вайны можа пацярпець Беларусь, загадаў і амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнай супрацы Антон Пянькоўскі. У размове з «Белсатам» ён адзначыў залежнасць Менску ад Пекіну «шмат у чым»:
«Калі пачнецца больш значная бойка, а не 10 % тарыфу на кітайскія тавары, гэта адаб'ецца на Кітаі і можа ўскосна адбіцца на Беларусі. Калі будуць тарыфы супраць Еўразвязу, у еўрапейскіх бюджэтах паменее грошай. Тут мы можам прадказаць пэўныя наступствы для беларускіх дэмакратычных сілаў у выгнанні: будзе менш грошай на падтрыманне».
Ва ўмовах, калі Трамп прыпыніў амерыканскія вонкавыя праграмы дапамогі, праз што шмат якія праекты, у тым ліку беларускія, зазналі праблемы, толькі не ставала эканамічных узрушэнняў яшчэ і ў Еўразвязе.
«Еўрапейскія падаткаплатнікі маюць больш значна падтрымоўваць беларусаў у выгнанні праз скарачэнне амерыканскай дапамогі. Гандлёвая вайна можа ўсё істотна ўскладніць», – разважае Пянькоўскі.
Ён, зрэшты, дапускае, што цяперашнія тарыфныя «падарункі» Трампа – запрашэнне да перамоваў, і да катастрофы ў сусветнай эканоміцы не дойдзе:
«Гэта можа быць такі папераджальны стрэл, каб прымусіць усіх рабіць тое, што ён хоча. Каманда Трампа ўпэўненая, што жорсткі ціск праз гэтыя тарыфы і мыты прымусіць Мексіку, Кітай, Канаду і, імаверна, краіны ЕЗ ісці на саступкі, што можа прынесці выгаду ЗША ў доўгатэрміновай перспектыве».

Тым часам у Еўракамісіі паабяцалі «жорсткую рэакцыю», калі Трамп усё ж абкладзе мытам тавары з ЕЗ.
«ЕЗ будзе жорстка рэагаваць на захады любога гандлёвага партнёра, які несправядліва або адвольна ўводзіць тарыфы», – цытуе выданне «Politico» неназванага брусельскага чыноўніка.
Ён таксама канстатаваў, што гандлёвыя і інвестыцыйныя стасункі ЕЗ і ЗША – найбуйнейшыя ў свеце.
«Тарыфы ствараюць непатрэбныя эканамічныя праблемы і правакуюць інфляцыю. Яны шкодзяць усім бакам», – падсумаваў суразмоўца выдання.
Сцяпан Кубік belsat.eu