навіны

У Шклоўскай калоніі з’явіліся кавамашына і магчымасць плаціць за паслугі карткаю

Папраўчая калонія № 17 у Шклове
Папраўчая калонія № 17 у Шклове. Фота: Google Maps
podpis źródła zdjęcia

Шклоўская калонія № 17 – адзіная ў Беларусі, дзе з’явіўся банкаўскі тэрмінал для аплаты паслугаў карткамі. Калі эксперымент будзе паспяховым, такую магчымасць забяспечаць і ў іншых папраўчых установах нашай краіны, паведамляе тэлеграм-канал «MAYDAY.TEAM».

Таксама ў шклоўскай калоніі паставілі кавамашыну для наведнікаў.


Адначасова ў пенітэнцыярнай установе працягваюцца паборы, паведамляюць праваабаронцы. Некаторым асуджаным адміністрацыя замовіла набыццё «ў дар установе» партатыўных святлодыёдных пражэктараў на акумулятарах коштам 10 долараў за штуку.


Летась праваабаронцы «Вясны» паведамлялі, што сваякоў вязняў калоніі № 17 прасілі «добраахвотна» спансаваць рамонт установы. Ім прапаноўвалі сустрэцца з юрыстам калоніі «для перадачы ў дар» будаўнічых матэрыялаў ды інструментаў. У некаторых атрадах збіралі грошы на новыя матрацы. Паведамлялася, што «шчодрасць падарункаў» будзе мець значэнне пры разглядзе справаў аб умоўна-датэрміновым вызваленні.


Папраўчая калонія № 17 – перадавая з гледзішча паказнога камфорту, зазначае «MAYDAY.TEAM». Аднак менавіта тут 21 траўня 2021 года загінуў палітвязень Вітольд Ашурак, а на пачатку 2025-га памёр палітзняволены Валянцін Штэрмер.


Шклоўская калонія была пабудаваная ў 1980 годзе. Першы палітвязень з’явіўся тут яшчэ ў 2006 годзе – гэта быў актывіст Мікалай Астрэйка, асуджаны за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.


Станам на 10 чэрвеня 2025 года ў калоніі № 17 утрымліваюцца 76 палітвязняў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10