Шуфлядка

Жахлівыя гісторыі: беларусы апавядаюць пра загадкавую хваробу – каўтун

Каўтун
Каўтун. Скрыншот з відэа: Neuste.news
podpis źródła zdjęcia

Адна з найбольш распаўсюджаных хваробаў беларусаў яшчэ ў недалёкай даўніне – каўтун. Яму было прысвечанае апошняе выданне «Вусоў Скарыны», і гэтая тэма выклікала вялікую цікавасць гледачоў, якія пакінулі мноства гісторыяў у каментарах. Дзелімся імі з вамі.

«Каўтун у валасах», дзякуючы расейскаму паэту Мікалаю Някрасаву (1821–1877), быў адною з характэрных рысаў вобраза беларуса, які ўрэшце пры канцы ХІХ стагоддзя саступіў месца зусім іншаму, больш пазітыўнаму, які стварыў мастак Ілля Рэпін (1844–1930). Гэтых двух расейскіх творцаў і згадвалі ў каментарах гледачы – пры гэтым шэраг асобаў адмаўляў існаванне такой з’явы, як каўтун. І нават прызнаваўся, што адна думка пра каўтун у іх выклікае агіду, у той час як іншыя пісалі, як гэтае слова ўжываецца ў розных мясцовасцях: напрыклад, каўтуном называюць жлукту.

Скрыншот з каналу «Белсат History»
Скрыншот з каналу «Белсат History»

Аднак каўтун не проста існаваў, а быў шырока распаўсюджаны ў Беларусі, пра што згадала адна з глядачак «Вусоў Скарыны»: «Я яшчэ памятаю, як жанчыны з каўтунамі хадзілі. Неўралагічныя праблемы з імі былі звязаныя, а ніяк не брудлівасць. Непадалёк ад нас цёк ручай з крыніцы, дык абрэзаны каўтун у яго пускалі. Хвароба каб з вадой адышла.

Я была маленькая. Валасы тоненькія і вельмі цяжка пасля мыцця расчэсваліся. Таксама ў каўтун збіваліся. Таму мяне стрыглі. Калі ўжо пайшла ў школу, дык кожны дзень сярод ночы мыла галаву, каб ахайнай выглядаць у школе: валасы вельмі хутка станавіліся тлустымі, непрыгожымі».


Этнограф Павел Шпілеўскі (1823–1861) так апісваў гэтую хваробу: «Каўтун – хранічная хвароба, якая выражаецца ў тым, што валасы на галаве звіваюцца, потым застаюцца разам, склейваюцца ў адну масу ў выглядзе лямцавай шапкі. Хвароба гэтая асабліва паражае жанчын, суправаджаецца самымі нясцерпнымі пакутамі пры любой перамене надвор’я і выяўляецца ў самых пачварных нарастах і ранах на целе. Прычыну хваробы тлумачаць шкоднымі ўласцівасцямі багністай глебы і азёрнымі выпарэннямі. Лекары рашуча прадстаўляюць лёсу гэтую мясцовую эпідэмію».

Скрыншот з праграмы «Вусы Скарыны». Крыніца: Белсат History
Скрыншот з праграмы «Вусы Скарыны». Крыніца: Белсат History

Выпадкі з'яўлення каўтуна сустракаюцца да сёння, пра што распавяла іншая глядачка: 

,,

«У маёй мамы тры гады таму ўтварыўся вялікі каўтун на галаве, праз два месяцы пасля перанесенага ковіду. Утварыўся за адну ноч, ды такое спляценне, як валёнак. Мы былі ў шоку. З гігіенай усё было ў парадку, матулю мылі кожны тыдзень, а то і часцей. Матуля даволі актыўная, сама расчэсвала. Выклікалі лекара, дык ён толькі рукамі развёў, нічога не параіў. Аддзяліць ад скуры галавы было немагчыма, ён як прылеплены быў да галавы, а ззаду яшчэ тоненькая касічка прылепленая. У літаратуры ўсё перакапалі, але нічога вытлумачальнага не знайшлі. Змаглі зрэзаць толькі праз месяц, калі ў аснове валасы ледзь-ледзь адраслі».


Аднак сярод беларусаў існавала павер'е пра шкоднасць зразання каўтуна, што магло прывесці як да цяжкой хваробы, так і да смерці чалавека: «Мне пра прабабулю распавядалі, што ў яе каўтун быў. Ёй каўтун мясцовы знахар зрэзаў і казаў, што ў бані парыцца нельга нейкі час. Яна не вытрымала, схадзіла ў баню і праз нейкі час памерла, хаця яна яшчэ нестарая была».

Як жа ў такім разе змагацца з каўтуном? Гэтаму прысвечаны не адзін навуковы трактат, адзін з найбольш папулярных – «Аб каўтуне» – належыць Кандрату Грум-Гржымайлу і пабачыў свет яшчэ ў 1828 годзе.

Аднак прычына ўзнікнення гэтай хваробы доўгі час заставалася загадкай, і сваё тлумачэнне даў адзін з нашых гледачоў: «У каўтун не збіраюцца простыя валасы. І не ў кожнага можа быць каўтун. Невядома, з якой нагоды частка валасоў пачынае круціцца і заблытвацца ад самага кораня. Іх немагчыма расчасаць. І такая заблытаная пасма так і расце, колькі ты яе ні мый і ні чашы. Старыя людзі казалі, што каўтун бывае "ад нерваў"».

Скрыншот з каналу «Белсат History»
Скрыншот з каналу «Белсат History»

Як лячыць тое, чаго не разумееш? Акурат у гэтым палягала галоўная праблема каўтуна, які звязвалі са звышнатуральнымі сіламі і бачылі спосабы яго лячэння ў адпаведных абрадах, напрыклад, з удзелам варажбітак: «Мая мама жыла ў вёсцы, у дзяцінстве ў яе быў каўтун. Яна вельмі пакутавала. Існавала павер'е, што нельга абрэзаць каўтун. Але цярпець ужо было немагчыма. Знахарка прачытала малітву, абрэзала каўтун, галаву змазвалі каровіным маслам. Мама паправілася. Цяпер ёй 62 гады».

Каўтун доўгі час лічыўся невылечнай хваробай. Аднак паступова этнографы ў ХІХ стагоддзі высветлілі, што каўтун – гэта ніякая не хвароба, а своеасаблівы абярэг супраць іншых захворванняў, пра што і распавядае Цімох Акудовіч у праграме «Вусы Скарыны». Дзякуючы выданню частка гледачоў узгадала, як упершыню сутыкнулася са словам «каўтун» у вершы Мікалая Някрасава:

«Вучыла ў дзяцінстве гэты верш Някрасава. Спынілася на незразумелым мне слове«колтун». Спытала бабулю, што гэта такое. Яна распавяла, што ў старыя часы такое бывала з людзьмі, якія жылі ў цяжкіх умовах, з людзьмі, змучанымі непасільнай працай, дрэнным харчаваннем і маральнымі прыніжэннямі, або з хворымі, за якімі не было добрага дагляду. Што скура пад каўтуном часта хварэла, была запаленай, і ад гэтага зразаць каўтун было балюча. І што такая з'ява сустракалася не ў адной нейкай мясцовасці, гэта магло быць дзе заўгодна, але асабліва калі ў чалавека былі тонкія светлыя валасы. У дадзеным вершы Някрасаў якраз апісваў цяжкія ўмовы і бесчалавечнае стаўленне да рабочых на будаўніцтве чыгункі і таму падкрэсліў дэталі, якія сведчаць аб знясіленні арганізму рабочых»
.

Скрыншот з праграмы «Вусы Скарыны». Крыніца: Белсат History
Скрыншот з праграмы «Вусы Скарыны». Крыніца: Белсат History

Частка гледачоў паставілася да апісаных у праграме і каментарах сімптомаў з недаверам, а нехта і ўвогуле ўспрыняў гэта як жарт, аднак іх пачалі пераконваць, што смяяцца тут няма з чаго: «Мне 78 гадоў, бачыла за сваё жыццё тры разы жанчын з каўтуном, адна з іх ляжала са мной у адной палаце, урач-тэрапеўт называў гэтае захворванне – трыхома! Жанчына скардзілася на болі ў страўніку, спіне, нагах і выглядала вельмі змучанай – таму Вашыя хі-хі, ха-ха выглядаюць проста агідна! Магчыма, гэта захворванне на нервовай глебе, але ніяк не ад бруду, а з хваробы рабіць клаўнаду могуць толькі людзі не ад вялікага розуму! Брыдка і па-дурному!»

Шмат для каго з гледачоў каўтун стаўся сапраўдным адкрыццём:

«Увек бы не падумала, але гіпотэза пра адрошчванне спадабалася. Самыя сабе абярэг стваралі. Ды а калі людзі рэлігійныя, нават фанатыкі – тады гэта зразумела».

«Я пра каўтуны даведалася з кнігі "Шэпт" Сяргея Лескеця. Пачала шукаць, але ў асноўным дадзеныя тычыліся Польшчы. Дзякуй, што сабралі столькі цікавостак».

А цікавых фактаў у «Вусах Скарыны» сапраўды багата, нездарма тэма пра каўтун выклікала столькі каментароў. Сярод іх мы вылучылі найцікавейшыя – у тым ліку пра тое, як людзі сутыкаліся з каўтуном ва ўласным жыцці.

«Мама памерла ў 25 гадоў, мне было чатыры, а брату – два гады, быў каўтун, валасы цёмныя, кучаравыя. Памятаю яе косы. Яна была настаўніца, добра апраналася, балела галава, аслепла, доўга каўтун не чапалі, бабак не прызнавала, забралі ў больніцу, зрэзалі валасы, і неўзабаве яна памерла. Яшчэ ў гэты ж час хварэла іншая жанчына ў вёсцы, ужо ляжачую муж адвёз да бабкі і яе вылечылі, але ўсё жыццё яна мыла галаву толькі ў пэўныя дні, дажыла да глыбокай старасці».
«Мая бабуля была шляхецкага роду. У яе быў каўтун. Не дачакалася, пакуль адпадзе, зрэзала. Паралізавала. Пражыла яшчэ 28 гадоў. Дочкі даглядалі. Бабулю крыху памятаю. Мне каля 70»
.

«У мяне аж галава засвярбела. Я цырульнік і толькі аднойчы за сваю працу бачыла каўтун у дзяўчыны. Яго вельмі складана разблытаць. Гадзіны дзве давялося расчэсваць ды разблытваць. Пры тым, што ў яе быў невялікі».

Скрыншот з каналу «Белсат History»
Скрыншот з каналу «Белсат History»

Як выглядае з каментароў, каўтун сапраўды захоўваецца ў народнай памяці, а часам сустракаецца і цяпер, а з’яву гэтую беларусы працягваюць тлумачыць звышнатуральным паходжаннем. Аднак, як сведчыць праграма «Вусы Скарыны», усяму можна знайсці рацыянальнае тлумачэнне. І гэта не застаецца незаўважным.

А больш падрабязна пра каўтун вы можаце паглядзець у праграме «Вусы Скарыны», і магчыма, у вас таксама знойдзецца цікавая гісторыя.

ББ belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10