Прэзідэнцкія «выбары», што прайшлі ў Беларусі, не дадаюць Аляксандру Лукашэнку легітымнасці, а ў Святланы Ціханоўскай не забіраюць ейнага статусу. Аднак могуць узнікнуць зрухі ў дачыненнях паміж менскім рэжымам і Захадам. Асабліва калі Лукашэнка выявіцца карысным. Адлігі пры гэтым у краіне не будзе. Такое меркаванне выказаў палітычны аналітык Арцём Шрайбман на сустрэчы, дзе абмяркоўваліся вынікі «выбараў» у Беларусі, у «Reforum Space Warsaw» 29 студзеня.
Арцём Шрайбман адзначае, што для Беларусі мінулыя «выбары» не змяняюць ніякіх уводных. Напрыклад, становішча Лукашэнкі не змянілася, вайна ва Украіне не стала бліжэйшаю да завяршэння.
Адзінае, на што ёсць надзея, у тым ліку ў суразмоўцы, што пасля выбараў улада хоць крыху аслабіць рэпрэсіі:
«За апошнія паўтара года праваабаронцы зафіксавалі колькасны ўсплёск рэпрэсіяў. Я звязваю гэта з дзвюма электаральнымі кампаніямі – 2024-га і 2025 гадоў. Улады ўсё ж, паводле інерцыі, мабілізуюць сілавы апарат да «выбараў». Шмат у каго ёсць надзея, што пасля выбараў гэты мабілізаваны стан сілавога апарату знікне. Мы пакуль на ўзроўні надзеі, але статыстыка асцярожна намякае, што ўсплёск быў звязаны з электаральнымі кампаніямі».
З Лукашэнкам бы памірыліся, але яму няма чаго прапанаваць

З гледзішча фармальнага прызнання Лукашэнкі ў свеце таксама мала што мяняецца. Краіны, якія яго не прызнаюць, заявілі, што і не будуць прызнаваць.
«Што цікава, не зрабіла ніякіх заяваў адміністрацыя Трампа. Дапусцім, ім не да таго – свая інаўгурацыя. Вядома, нічога не казалі краіны накшталт Вугоршчыны і Славаччыны. І нічога не казалі некаторыя іншыя дэмакратычныя краіны. Напрыклад, Ізраіль і Японія. Абедзве маюць паслоў у Менску. З гэтага пункту гледжання таксама мала што змянілася. Але адвалілася Арменія, якая яго прызнавала. І наўрад ці вернецца.
,,Далей могуць быць намеры ў бок прызнання. Гэтае пытанне дэбатуецца ў Лондане, дзе ўсур'ёз кажуць пра вяртанне амбасадара. Я кажу пра гэтыя намеры, бо так ці інакш памяць 2020 года астывае ў заходніх кабінетах. Туды прыходзяць новыя дыпламаты», – кажа Шрайбман.
Новыя людзі, па-першае, не бачылі на свае вочы падзеяў 2020 года ў Менску, а па-другое, на новым кірунку дыпламаты часта спадзяюцца, што яны дамогуцца большых поспехаў, чымся калегі, і пачынаюць дзеяць па-іншаму, адзначае эксперт.
,,Змена пакаленняў у еўрапейскіх калідорах ужо адбылася. Думаю, цяпер яна адбываецца ў ЗША. І тут узнікае самае галоўнае пытанне: ці здолее Лукашэнка за найбліжэйшыя гады знайсці нейкую нішу, у якой праявіць сябе як карысны актар? Пакуль самая галоўная праблема Лукашэнкі не ў нелегітымнасці, а ў тым, што ён не можа нічога Захаду прапанаваць, каб той прыкрыў вочы на грашкі 2020 года», – адзначае Шрайбман.
Калі б Лукашэнку ўдалося паўтарыць поспех 2015 года і ўпісацца ў перамовы пра мір ва Украіне, дык гэта паскорыла б шлях да ягонай легітымізацыі, мяркуе эксперт.
«Магу ўявіць сабе сустрэчу Руб’ёў з Ціханоўскаю»
Што датычыць Ціханоўскай, ейнага становішча выбары таксама не мяняюць, бо яна не лічылася прэзідэнткай, толькі лідаркаю дэмакратычных сілаў.
«Яна найбольш эфектыўна выконвае функцыю рэпрэзентацыі альтэрнатыўнай Беларусі. І гэта застаецца. Таму нават Павел Латушка, чалавек з найбольшымі амбіцыямі ў асяроддзі Ціханоўскай, не кажа пра тое, што яе трэба адсоўваць цяпер. Ён разумее, што гэта будзе страта, у тым ліку і для яго, бо ў яе ёсць магчымасці дамагацца такога ўзроўню кантактаў, якога ў рэшты апазіцыі без яе б не выйшла.
Паколькі ейная легітымнасць функцыянальная, мяркую, яна захаваецца столькі, колькі сама Ціханоўская будзе гэтага хацець. Альбо адбудуцца нейкія глабальныя змены. Трэці шлях, якім Лукашэнка можа змяніць ейны статус, – гэта выпусціць лідараў, якія сядзяць», – кажа Шрайбман.
Патэнцыйнаю складанасцю для дэмакратычных сілаў ёсць новы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп і ягоная адміністрацыя. Пакуль кантакты вельмі абмежаваныя. На думку Шрайбмана, рэч не ў недапрацоўванні дэмсілаў, а ў тым, што новая адміністрацыя агулам далёкая ад падтрымання прадэмакратычных рухаў у свеце і схільная дамаўляцца з дыктатарамі.
«На што можна разлічваць у гэтым плане? На дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіа. Ён быў класічным неакансерватыўным сенатарам. Ён дысануе з іншымі ў адміністрацыі Трампа менавіта таму, што быў на самым першым краі барацьбы з такімі рэжымамі, як Куба, Кітай, Іран. І ён якраз падтрымліваў дысідэнтаў. Таму я магу спакойна ўявіць сабе сустрэчу Руб’ёў з Ціханоўскаю, гэта было б у стылі гэтага палітыка. Паколькі дачыненні з дэмсіламі ў асноўным курыруюцца на ўзроўні Дзяржаўнага дэпартаменту і ніжэй, а не на ўзроўні адміністрацыі прэзідэнта, я нават не ўпэўнены, што ўзровень іх кантактаў павінен спусціцца ніжэй», – сказаў Шрайбман.
Ці будзе адліга?

У Беларусі пры Лукашэнку не будзе маштабнай адлігі, як было ў СССР, калі Хрушчоў змяніў Сталіна, упэўнены Арцём Шрайбман.
«Нават прагматычна Лукашэнка не здолее капіталізаваць адлігі. Захад не ўзнагародзіць яго чымсьці канкрэтна за адлігу. Маюць значэнне палітвязні, вайна, іншыя фактары.
,,І з іншых пунктаў гледжання ён разумее, да чаго адліга прыводзіць. 2020 год гэта добра паказаў. Перад транзітам, калі б ён ні быў, Лукашэнку трэба мець цалкам вычышчаную краіну, а не краіну, у якой, як грыбы, з'яўляюцца нейкія ініцыятывы, палітычныя сілы, партыі і гэтак далей. Таму ў паўнавартасную адлігу я не веру», – кажа ён.
Пры гэтым эксперт дапускае, што рэпрэсіўнасць рэжыму будзе зніжацца. Такое магчыма, калі рэпрэсіі будуць перашкаджаць сістэме працаваць.
«Гэтак, у СССР скончыўся вялікі тэрор, калі партыйная наменклатура ўзняла пытанне, што НКВД усіх ужо дастаў, страшна жыць. Другі сцэнар: Лукашэнка вырашае, што мы дасягнулі «рэпрэсіўнага дзэну», у якім паслухмянасць грамадства дастаткова забяспечваецца дзяжурным узроўнем рэпрэсіяў без таго, каб ладзіць зачысткі. Напрыклад, гэта сітуацыя Узбекістану. Там не трэба ладзіць штодзённыя рэйды ГУБАЗіКу па дамах, бо грамадства ўжо ведае правілы гульні. Адпаведна, штодзённая рэпрэсіўнасць узбекскага рэжыму меншая, чымся беларускага. Таму ёсць і такі сцэнар, што будзе ў колькасным сэнсе адліга – менш пасадак, палітвязняў. Але гэта не азначае больш прасторы для палітычнага дзеяння. Вось у такі сцэнар я веру», – кажа Шрайбман.
Хто будзе пераемнікам?
Лукашэнка вазіў сына Мікалая па «Марафоне адзінства», малодшы сын быў заўважаны і на фінальным канцэрце побач з бацькам і маці Ірынай Абельскай. Некаторыя ўбачылі ў гэтым прыкметы таго, што Мікалая рыхтуюць у пераемнікі.
«Шмат гадоў гаварылі пра ягонага сына Віктара, які быў яго [Аляксандра Лукашэнкі] памочнікам у справах нацыянальнай бяспекі. У 2021 годзе яго перавялі на пасаду кіраўніка Алімпійскага камітэту, што не выключае яго канчаткова з кастынгу, але ў тэорыі ў яго менш вагі, чымся ў кіраўніка адміністрацыі.
Коля ўсё ж такі яшчэ вельмі малады для гэтай ролі. Каб перадаць яму ўладу, Лукашэнку трэба пасядзець там яшчэ 10 гадоў. Што будзе ў яго ў галаве праз 10 гадоў, я не ўяўляю. Адпаведна, рабіць такія прагнозы вельмі складана», – кажа Шрайбман.
Аналітык раней меркаваў, што дынастычная пераемнасць у Беларусі малаімаверная, бо гэта вельмі чужое для Беларусі. Аднак з часам пазіцыя змянілася.
«На мае адчуванні, Лукашэнка ўступіў у працяглую фазу пракрастынацыі ў гэтым пытанні. І ён будзе гэта адкладаць, магчыма, да канца, і памрэ на пасадзе. Але, калі здароўе яму будзе дазваляць, дык, улічваючы досвед Казахстану і адсутнасць гарантыяў, якія табе можа даць пераемнік, больш надзейна ўладу пакідаць усё ж такі ў сям'і. Гэта, магчыма, вяртанне Віктара, Коля, некаторыя кажуць пра маму Колі як рэгента, які падаглядае справы, пакуль Коля падрасце», – кажа Арцём Шрайбман.
Арсен Рудэнка / ЮК belsat.eu