Аналітыка

«Гэта не памылка, а амаль злачынства». Што нарабіў Галоўчанка на чале ўраду

img
Старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Раман Галоўчанка. Фота: БелТА
podpis źródła zdjęcia

Раман Галоўчанка кіраваў Саветам Міністраў амаль 5 гадоў і за гэты час паказаў сябе выдатным выканаўцам і давёў залежнасць Беларусі ад Расеі да катастрафічнага ўзроўню. «Гэта не тое што памылка, гэта блізка да злачынства», – сказаў «Белсату» эканаміст Дзмітрый Крук.

Раман Галоўчанка быў прызначаны кіраўніком ураду ў чэрвені 2020 года, замяніў на гэтай пасадзе Сяргея Румаса. 10 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага старшыню Савету Міністраў – Аляксандра Турчына. Ён стаў 11-м прэм'ер-міністрам у гісторыі суверэннай Беларусі.


«Галоўная рыса, з якой асацыюецца Галоўчанка, – функцыя выканальніка, гатовасць узяць пад казырок тое, што даведзена, падкрэсліванне кіроўнай ролі Лукашэнкі асабіста, „партыя – наш стырнавы“, вось такія прынцыпы», – кажа «Белсату» навуковы работнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук.


Ён называе ролю кіраўнікоў ураду ў Беларусі спецыфічнаю, бо ад іх у існай сістэме патрабуецца не ініцыятыва, а выкананне «генеральнай лініі», якую вызначае іншая асоба:

,,

«Амаль ніхто за ўсю гісторыю Беларусі на пасадзе прэм'ер-міністра не вызначаў зместу палітыкі. Я вось калісьці казаў, што гэта як кіроўца тралейбуса, які едзе закладзеным маршрутам. Так, ад яго, натуральна, нешта залежыць, бо нават на закладзеным маршруце можна ўехаць кудысьці ў прыпынак ці могуць зляцець з правадоў рогі тралейбуса. Але маршрут і тое, што рабіць, вызначае не ён».


Паводле эканаміста, прыкметы самастойнасці ўраду можна пабачыць за часоў Андрэя Кабякова, які быў прэм'ерам у 2014–2018 гадах, пасля Міхаіла Мясніковіча і перад Сяргеем Румасам.

Колішні прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Менск, Беларусь. 6 снежня 2024 года. Фота Contributor/Getty Images

«Галоўная праблема – незалежнасць Нацбанку». Чаго чакаць ад Галоўчанкі на новай пасадзе?

Аналітыка

«Калі мы параўноўваем усіх прэм'ераў, хто спрабаваў часткова неяк рэалізоўваць сваё бачанне таго, што трэба рабіць у эканоміцы, неяк задаваць сваю павестку, то ў гэтым плане, як бы гэта дзіўна ні гучала, кабякоўскі ўрад і сам Кабякоў. У параўнанні з іншымі гэты ўрад, на мой погляд, адрозніваўся», – заўважыў Крук.


Спасылаючыся на людзей, якія сутыкаліся з Галоўчанкам, суразмоўца «Белсату» раскрыў, што той вельмі цешыўся магчымасцю кіраваць эканомікаю ў ручным рэжыме, вызначаць, каму, што і ў якіх аб'ёмах вырабляць:


«Такі мікраменеджмент, паводле сучасных канонаў эканамістаў, выглядае даволі бязглузда, але яны гэтым вельмі ганарацца і заносяць гэта сабе ў актыў. Не мусіць прэм'ер-міністр і ўрад займацца мікраменеджментам, але ў такім арганізацыйна-адміністратыўным ракурсе можна сказаць, што Галоўчанка мае пэўныя скілы. Але ці патрэбныя наагул гэтыя скілы? На мой погляд, яны для ўсёй сістэмы – гэта тое, што не дае ёй нармальна працаваць».


Галоўным правалам Галоўчанкі на пасадзе прэм'ера Крук называе свядомае ўзмацненне залежнасці Беларусі ад Расеі, маўляў, гэта амаль злачынства:

,,

«Гэта нават не памылка, а горш за памылку. Гэта свядомае зацягванне Беларусі ў эканамічную залежнасць ад Расеі. Тое, што не дапусцілі істотнага пагаршэння ўзроўню жыцця, – так. Але якой цаной? Беларуская эканоміка заўжды была залежнай ад расейскай, але цяпер гэта прынцыпова іншы стан залежнасці».


Калі пачалася вайна, улады Беларусі ўзброіліся сваім улюбёным прынцыпам «дзень прастаяць, ноч пратрымацца», і, бадай, іншага выйсця, як кінуцца ва ўдушлівыя абдымкі Расеі, у той момант не было. Аднак з часам супраца з усходняю суседкаю сталася мэтанакіраванаю стратэгіяй:

,,

«На фоне вайны і таго, што ў Расеі расце попыт, яны пабачылі магчымасць паказаць добрыя справаздачы і паказаць, якія яны малайцы. Фактычна ахвяравалі доўгатэрміновым патэнцыялам развіцця беларускай эканомікі, каб адсправаздачыцца пра сённяшні дзень. Гэта не памылка, гэта блізка да злачынства. Гэта фактычна падкоп пад будучыню беларускай эканомікі. Яны ганарацца, што абмянялі будучыню на кароткатэрміновыя плюшкі».


Прызначэнне Галоўчанкі на пасаду старшыні Нацыянальнага банку сталася нечаканым для нашага суразмоўцы:


«Галоўчанка аніяк не асацыюецца з банкаўскім сектарам і з тымі якасцямі, з тымі кампетэнцыямі, якія патрэбныя Нацыянальнаму банку. Гэта сігнал, што пэўная аўтаномія Нацбанку ў асобных пытаннях будзе скарачацца, бо Галоўчанка больш асацыюецца з дзяржаўніцкім падыходам, што „ўсё дзеля выканання афіцыйна зацверджаных паказнікаў“, і адпаведна, Нацбанк мае быць адным з выканальнікаў тых паказнікаў».

Павел Калавур (злева), Раман Галоўчанка (справа) і Пётр Пракаповіч (на фоне). Калаж: БелТА / СБ. Беларусь сегодня / Белсат

Што будзе з Нацбанкам без Калавура? Ці навучыўся Галоўчанка на ўроках Пракаповіча? Разважае Львоўскі

навіны

У пэўным сэнсе Паўлу Калавуру, якога Лукашэнка адправіў у адстаўку, пашчасціла, бо не давядзецца развязваць дзве галоўныя праблемы, якія навісаюць над эканомікаю. Першая – інфляцыя. Памылкі рэгулятара могуць справакаваць імклівы рост цэнаў, папярэджвае прадстаўнік цэнтру BEROC:


«Да сёння рэшткі здаровага сэнсу выкарыстоўваліся, каб нават у цяперашняй абсалютна нездаровай сітуацыі спрабаваць у тым ліку інструментамі манетарнай палітыкі неяк залагодзіць інфляцыю. Далей, баюся, гэта можа прыняць больш архаічныя формы і, адпаведна, паспрыяць таму, што ў нейкі момант інфляцыя можа выбухнуць з большай сілай, чым гэта адбылося б у такім сцэнары статус-кво».


Другая праблема звязаная з фінансавым станам кампаніяў, якім дзяржава не дазваляе павышаць цэнаў, нягледзячы на рост выдаткаў. Гэта можа прывесці да таго, што прадпрыемствы не здолеюць вяртаць банкам пазыкі:


«На сярэднетэрміновым гарызонце можа ўзнікнуць праблема ўстойлівасці банкаў. Пакуль я не кажу пра нейкі супермаштабны стрэс, але не выключаю, што да яго можна дайсці».

Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. Фота: minsk-region.gov.by
Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. Фота: minsk-region.gov.by

Ад новага прэм'ер-міністра Крук пераменаў не чакае, кажа, што верыць словам Турчына, які запэўніў: «Аніякай істотнай карэкцыі эканамічнага курсу, вядома ж, не будзе».


«Думаю, ён тут цалкам шчыры. У маім уяўленні гэта чалавек, здольны найперш быць крутым выканальнікам для гэтай сістэмы. Ён вельмі добра разумее, як працуюць механізмы ў існай сістэме, ведае, за якія нітачкі трэба патузаць, каб штосьці атрымалася. Ён гэтым карыстаецца і ведае галоўны сакрэт сістэмы, што трэба рухацца магістральным кірункам, вызначаным найвышэйшым кіраўніцтвам», – разважае суразмоўца «Белсату».


Ён, зрэшты, пакідае імавернасць, што чыноўнік, так бы мовіць, выпрастае плечы і выскачыць з акрэсленай каляіны, але шанцаў небагата:

Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. Крыніца: dzr.by

«Пасада прэм'ер-міністра – расстрэльная». На Турчына могуць «павесіць» памылкі папярэдніка

Аналітыка

«Хто з ім плюс-мінус шчыльна стасаваўся, кажуць, што нібыта ў яго адносна сучасныя погляды, але бракуе фактаў і даных з ягонай дзейнасці, каб казаць, што ён гатовы неяк навязваць сваё бачанне і задаваць сваю павестку. Наадварот, уся ягоная кар'ера паказвае, што ён здольны вельмі хутка арыентавацца на галоўныя ўводныя, якія існуюць у гэты момант».


Пакуль жа галоўныя ўводныя – павялічыць ролю дзяржавы і дзяржаўнага кіравання ў эканоміцы, прывязаць да сябе прыватны сектар і надаць найбольшую ролю адміністрацыйным механізмам – нікуды не падзеліся, канстатуе Дзмітрый Крук. Плюс застаецца моцная прывязка да Расеі. Абодва чыннікі «кардынальна абмяжоўваюць поле для манеўру».


«Турчын, можа, больш такі тонкі ў разуменні ўсіх складанасцяў і рычагоў сучаснай сістэмы кіравання. Ён доўга займаў пасаду кіраўніка апарату Саўміну, гэта такі ценявы дырыжор, у адміністрацыйнай структуры гэта даволі істотна. Таму, калі галоўныя прынцыпы, галоўная логіка не будзе змененая зверху, не будзе абвешчаны курс у нейкім новым кірунку, я не бачу перадумоваў, каб Турчын нешта змяняў. І таму нейкіх істотных адрозненняў ад таго, што было пры Галоўчанку, я не чакаю», – падсумаваў эканаміст цэнтру BEROC.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10