Аляксандр Лукашэнка канчаткова сфармаваў урад, перасадзіўшы Рамана Галоўчанку з пасады прэм'ер-міністра ў крэсла старшыні Нацбанку. Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у каментары «Белсату» адзначыў, што рэгулятарам цяпер будзе кіраваць не банкір, а дыпламат, і ўзнікае пагроза самастойнасці гэтай установы.
Аляксандр Лукашэнка прызначыў старшыню Менскага аблвыканкаму Аляксандра Турчына прэм'ер-міністрам, а Рамана Галоўчанку, які ўзначальваў Савет Міністраў, – кіраўніком Нацбанку. Такім чынам, серыял з абнаўленнем ураду, што расцягнуўся на тры эпізоды, можна лічыць завершаным.
Палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў звярнуў увагу, у якой паслядоўнасці прызначаўся ўрад і прэм'ер: дом будаваўся з даху.
,,«У нармальных краінах з падзелам улады прызначаецца прэм'ер-міністр – і потым ён выносіць прапановы парламенту пра персанальны склад ураду. А ў Беларусі спачатку прызначылі ўсіх міністраў, а прэм'ер дэманстратыўна прызначаецца апошнім. Гэта, мяркую, Лукашэнка зрабіў адмыслова, каб паказаць прэм'еру (у дадзеным выпадку – новаму прэм'еру Турчыну) на ягонае месца, ягоную ролю, каб ён занадта не задаваўся».
Турчына на пасадзе кіраўніка ўраду суразмоўца «Белсату» назваў «не самым горшым варыянтам»:
«Адносна малады, з ранейшай ягонай дзейнасці адмыслоўцы называлі яго такім, возьмем у двукоссі, ліберальным эканамістам, ён выступаў за прадпрымальніцтва, за эканамічна свабодныя рэчы, ва ўсякім разе, было так. Ці застанецца ён такім на пасадзе прэм'ера, пабачым. Паказальна, што прэм'ерам не паставілі нейкага заўзятага антырыначніка, хаця ва ўрадзе такіх, здаецца, і няма цяпер».
Што датычыць Галоўчанкі на чале Нацыянальнага банку, то цяпер узнікае пагроза, што рэгулятар страціць рэшту самастойнасці, якая была з ранейшым старшынём Паўлам Калавурам:
,,«Калавур, на думку ўсіх, быў самым паспяховым кіраўніком Нацбанку, самым самастойным, у яго былі і сутыкненні з адміністрацыяй Лукашэнкі, наколькі мы ведаем. Мне здаецца, што Галоўчанка з улікам таго, што ён не адмысловец у банкаўскай справе, мае адукацыю дыпламата, будзе больш выконваць тое, што скажа Лукашэнка. Ва ўмовах, калі ў Нацбанк паставілі не адмыслоўцу, людзі могуць ставіць пад сумнеў, ці захаваецца незалежнасць Нацбанку. Гэта, падобна, галоўная праблема цяпер».
З 2014 года Нацыянальным банкам Беларусі кіраваў Павел Калавур. На гэтай пасадзе ён змяніў Надзею Ермакову, якая ўзначальвала ведамства тры гады. Рамана Галоўчанку прызначылі кіраваць урадам перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года. Да таго ён з 2018 года ўзначальваў Вайскова-прамысловы камітэт. З эканомікай Галоўчанку звязвае заканчэнне ў 2003 годзе Акадэміі кіравання пры прэзідэнту Рэспублікі Беларусь са спецыяльнасцю «эканоміка і кіраванне вонкаваэканамічнай дзейнасцю».
Аляксандр Турчын кіраваў Менскаю вобласцю з 2019 года. Туды яго прызначылі з пасады віцэ-прэм’ера.
Сцяпан Кубік belsat.eu