Кіраваць Нацбанкам будзе экс-прэм’ер, які не мае досведу ў банкаўскай сферы. Ці стане горш, чым было за прафесійным банкірам? Спыталі эканаміста Льва Львоўскага, чаго дасягнуў Калавур і чаго чакаць ад Галоўчанкі.
Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка зрабіў кадравыя перастаноўкі: прызначыў прэм’ер-міністрам Аляксандра Турчына, а экс-прэм’ера Рамана Галоўчанку паставіў кіраваць Нацыянальным банкам замест Паўла Калавура. Апошні кіраваў Нацбанкам дзесяць гадоў – і гэтыя гады былі, як для Беларусі, адносна стабільныя ў паказніках, за якія адказны Нацбанк.
Якія былі дасягненні Калавура, наколькі ён быў самастойны і чаго чакаць ад Нацбанку за Галоўчанкам, «Белсату» расказаў акадэмічны дырэктар «BEROC» Леў Львоўскі.
Што будзе зараз?
Лукашэнка казаў пра прызначэнне Галоўчанкі: «Гэтае прызначэнне звязанае з тым, што Раман Аляксандравіч заўсёды хацеў большай уцягнутасці банку і банкаўскай сістэмы ў эканоміку». Даручыў Турчыну і Галоўчанку паставіць эканоміку «з ног на галаву». Чаго чакаць ад гэтай уцягнутасці?
Кар’ера Галоўчанкі найбольш падобная да кар’еры Пятра Пракаповіча, адзначае Львоўскі. Пракаповіч – таксама «палітычны цяжкавагавік», які займаў высокія пасады без якога-кольвек досведу ў банкаўскай справе і манетарнай палітыкі, амаль без профільнай адукацыі, калі не лічыць пары курсаў у Акадэміі кіравання.
Галоўчанка быў галоўным спецыялістам Дзяржаўнага сакратарыяту Савету бяспекі, намеснікам начальніка Генеральнай пракуратуры, галоўным дарадцам у Дэпартаменце вонкавай палітыкі Адміністрацыі Лукашэнкі і Дэпартаменце міжнароднай супрацы Савету бяспекі, дарадцам-пасланнікам пасольства Беларусі ў Польшчы, паслом у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, першым намеснікам старшыні і пазней старшынём Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту.

У Пракаповіча ў працоўнай кніжцы да Нацбанку былі пасады будаўніка, прараба, галоўнага інжынера і начальніка ўпраўлення «Цэлінаградпрамбуду» ў Казахстане, пасады намесніка старшыні і старшыні Кобрынскай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі, галоўнага інжынера і генеральнага дырэктара «Берасцеаблсельбуду», намесніка кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі і віцэ-прэм’ера. Нацбанк ён узначальваў з вясны 1998 года да лета 2011-га.
Львоўскі бачыць аптымістычны і песімістычны сцэнары.
Аптымістычны ў тым, што «часы іншыя», а Галоўчанка не будзе кіраваць так жа, як Пракаповіч:
,,«Спадзяюся, што Раман Галоўчанка змог вывучыць нейкія ўрокі з вынікаў кіравання Пракаповіча. У такім выпадку ён, напэўна, паспрабуе не руліць сам, а прыслухвацца да меркавання і парадаў, можа быць, часткі каманды, якая застанецца пасля адыходу Калавура».
Калі ж гісторыя нічому не навучыла Галоўчанку, то Львоўскі засцерагае: Беларусь могуць чакаць «даволі вясёлыя часы». З інтэрв’ю Галоўчанкі на тэмы вакол манетарнай палітыкі і працы Нацбанку Львоўскі бачыць «утылітарную, індустрыяльную, прота-савецкую карціну». У гэтай карціне Галоўчанка спачувае прамысловасці: лічыць, што цэнтральны банк не павінен надаваць так шмат увагі інфляцыі і макраэканамічнай стабільнасці, а мусіць найперш забяспечваць сродкамі і ліквіднасцю прамысловыя прадпрыемствы.
Калі Галоўчанка пачне сапраўды ажыццяўляць такую палітыку, асабліва ва ўмовах цяперашняга перагрэву эканомікі, могуць быць «даволі рэзкія рухі» ў курсе валюты і інфляцыі, рэзюмуе Львоўскі. Ды суразмоўца называе сябе гістарычным аптымістам і спадзяецца, што «ёсць не толькі найгоршы сцэнар развіцця», а гісторыя нечаму навучыла Галоўчанку. Хаця б таму, каб Галоўчанка суадносіў свае навыкі і кампетэнцыі з тымі, што меў Пракаповіч, – і будзе дзейнічаць больш акуратна.
Што зрабіў Калавур?
Калавур займаў пасаду старшыні праўлення Нацбанку ў 2014–2025 гадах, а намеснікам старшыні быў аж з 1993-га. У Нацбанк ён прыйшоў пасля 8 гадоў працы ў банкаўскай сферы, у якую трапіў па атрыманні профільнай адукацыі.
,,«Павел Калавур напраўду становіць асобны феномен у сучаснай гісторыі Беларусі: у XXI стагоддзі гэта першы прафесійны старшыня Нацбанку», – адказвае Львоўскі.
Да яго кіравалі Нацбанкам Пётр Пракаповіч (1998–2011) і Надзея Ермакова (2011–2014). Яны былі, зазначае Львоўскі, «мякка кажучы, не вельмі кваліфікаваныя», не вельмі разбіраліся ў манетарнай палітыцы. І мелі адпаведныя вынікі: за Ермаковай ды Пракаповічам манетарная палітыка была нестабільная, інфляцыя высокая і часам дасягала шалёных значэнняў.

Прыход Калавура і ягонай каманды ў Нацбанк, як кажа Львоўскі, знаменаваў змену палітыкі дзяржавы ў эканоміцы. Але быў і асабісты ўнёсак Калавура. Нацыянальнаму банку далі больш незалежнасці, інстытуцыя стала больш прафесійная, стала змяняць свой інструментарый у бок сучаснейшых інструментаў і публікаваць больш звестак. Нацбанк стаў заваёўваць больш даверу ў народу і эканамічных агентаў – для Беларусі такая сітуацыя была новаю.
Да 2020 года Нацбанк шмат дасягнуў, згадвае Львоўскі. Інфляцыя знізілася да «даволі прыстойных» для Беларусі ўзроўняў. 5, 6, 7 % – для Беларусі гэта нармальны ўзровень інфляцыі. Давер насельніцтва – а менавіта разрыў між інфляцыйнымі чаканнямі і афіцыйнымі лічбамі інфляцыі – пачаў зніжацца. Інфляцыйныя чаканні былі заўсёды вышэйшыя, але суадносіны стабілізаваліся.
Банкаўскае рэгуляванне выйшла на «адносна сучасны» ўзровень, ішлі размовы пра пераход да таргетавання інфляцыі – гэта калі цэнтральны банк кантралюе рост цэнаў праз адсоткавыя стаўкі і іншыя фінансавыя інструменты. Банк развіваў свой людскі капітал, вёў даследаванні, меў кантакты з замежнымі навукоўцамі. Нацбанк Беларусі стаў выконваць ролю даследчага інстытуту – такую ролю часта маюць цэнтральныя банкі ў іншых краінах.
,,«Пачатак канца перыяду гэтай беларускай адлігі і дасягненняў Паўла Калавура на пасадзе старшыні Нацбанку быў тады ж, калі і ўсё ў цяперашняй сітуацыі ў Беларусі, у 2020 годзе, – кажа Львоўскі. – Цяпер мы хутчэй бачым ужо такое de jure пацверджанне канца гэтага перыяду».
Пасля 2020 года ўсе гэтыя дасягненні сталі сыходзіць на нішто. Нацбанк стаў губляць сваю незалежнасць фармальна і нефармальна, сілавікоў паставілі наглядаць за яго дзейнасцю. Банк стаў хаваць частку звестак, «падтакваць ураду ў пазітыўным шапказакідальніцтве». Інфляцыя стала расці, сучасныя інструменты манетарнай палітыкі былі замененыя адміністрацыйнаю сістэмаю кантролю цэнаў, якой займаўся нават не Нацбанк, а іншае міністэрства. Давер да Нацбанку стаў зніжацца. Людскі капітал не пагублялі цалкам, але Нацбанк не абмінулі палітычныя звальненні, частка назапашанага патэнцыялу была страчаная.
Нацбанк адказвае агулам за стабільнасць макраэканамічнага асяроддзя і ў прыватнасці за грашова-крэдытную палітыку, расказвае Львоўскі. Размежаваць дасягненні асабіста Калавура ад дасягненняў рэжыму Лукашэнкі даволі цяжка – трэба аддаць належнае і тым, і тым.
,,«Павел Калавур напраўду намагаўся ў меру сваіх сілаў праводзіць рацыянальную, навукова абгрунтаваную палітыку цэнтральнага банку, – лічыць Львоўскі. – У перыяд да 2020 года ўрад яму ў гэтым не перашкаджаў».
Львоўскі сумняецца, што пасля 2020 года сам Калавур змяніўся як чалавек: хутчэй, урад пачаў дзейнічаць у абыход ягоных прынцыпаў, а Калавур проста пагадзіўся з пажаданнямі Лукашэнкі.
Алесь Наваборскі belsat.eu