Аналітыка

Чым запомніўся Калавур? Утаймаваная інфляцыя, паспяховая дэнамінацыя, канфлікт з Мацюшэўскім

Павел Калавур
Павел Калавур на прэс-канферэнцыі. 15 красавіка 2021 года. Менск, Беларусь. Фота: БелТА
podpis źródła zdjęcia

Шмат хто з беларусаў памятае «прыкмету», звязаную з колішнім старшынём праўлення Нацбанку Пятром Пракаповічам: калі той казаў, што «дэвальвацыі не будзе», трэба было бегчы ў абменнік купляць долары. Павел Калавур такім не запомніцца, і наўрад ці запомніцца звычайнаму беларусу хоць нечым. А для такой пасады гэта ўжо вялікае дасягненне: было адносна стабільна.

Колішні прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Менск, Беларусь. 6 снежня 2024 года. Фота Contributor/Getty Images

«Галоўная праблема – незалежнасць Нацбанку». Чаго чакаць ад Галоўчанкі на новай пасадзе?

Аналітыка

Павел Калавур нарадзіўся ў 1962 годзе ў вёсцы Белавуша пад Альшанамі ў Столінскім раёне. Адвучыўся ў Інстытуце народнай гаспадаркі (цяпер БДЭУ). Працаваў у банках у апошнія гады СССР і першыя гады незалежнасці Беларусі. З 1993 года быў намеснікам старшыні праўлення Нацыянальнага банку, а з 1999-га – першым намеснікам. То бок трапіў у Нацбанк яшчэ за Станіславам Багданкевічам. У 2010 годзе сышоў кіраваць Белзнешэканамбанкам (які за Калавурам пачаў звацца «БелВЭБ»). 27 снежня 2014 года быў прызначаны старшынём Нацбанку замест Надзеі Ермаковай, якая па звальненні ўзначаліла назіральную раду «БелВЭБ». Калавур кіраваў Нацбанкам больш за дзесяць гадоў, быў адпраўлены ў адстаўку 10 сакавіка 2025 года.


На месца Калавура быў прызначаны Раман Галоўчанка, які пайшоў на паніжэнне з пасады прэм’ер-міністра. Чаму быў зняты Калавур, не тлумачылі. Але пра Галоўчанку Аляксандр Лукашэнка казаў: «Гэтае прызначэнне звязанае з тым, што Раман Аляксандравіч заўсёды хацеў большай уцягнутасці банку і банкаўскай сістэмы ў эканоміку». Ён выказаў надзею на тое, што Галоўчанка і новы прэм’ер Аляксандр Турчын «знойдуць паразуменне і нарэшце паставяць з ног на галаву некаторыя пытанні нашай эканомікі, што датычацца яе фінансавання».


Са словаў Лукашэнкі можна зрабіць выснову, што Калавур не даваў «паставіць з ног на галаву» некаторыя пытанні ў эканоміцы. Якія менавіта, невядома. Але амаль год таму Лукашэнка намякаў Калавуру, што той занадта незалежны. Казаў: «Вы ж разумееце, Павел Уладзіміравіч, па-за кантролем Нацыянальны банк быць не можа». Адзначаў, што з прызначэннем намеснікам кіраўніка ягонай адміністрацыі Аляксандра Ягорава «нам будзе лягчэй размаўляць у Адміністрацыі з Нацыянальным банкам». Абяцаў далучыць да гэтых размоваў Камітэт дзяржаўнага кантролю, што ў Беларусі нярэдка выкарыстоўваюць як карны орган.


Калавур не даваў крэдытаваць стратныя прадпрыемствы?


У той размове з Калавурам Лукашэнка адзначаў, што «суб’ектам гаспадарання трэба дапамагаць» у правядзенні разлікаў, бо праз санкцыі «мы адчуваем ціск з боку амерыканцаў перадусім». ЗША, Еўразвяз і іншыя краіны сапраўды ўвялі мноства санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў і банкаў, але Нацбанк не трапіў пад санкцыі ЗША – толькі пад санкцыі Еўразвязу і Канады. Што з гэтым рабіць Нацбанку датычна суб’ектаў гаспадарання, Лукашэнка не казаў публічна. Але таксама ўсклаў на Нацбанк адказнасць за інфляцыю і кантроль цэнаў.


Магчыма, дапамагаць трэба было суб’ектам гаспадарання, якія маглі не вяртаць грошы. У жніўні 2022 года Калавур казаў: «Банкі ўжо, можна сказаць, вычарпалі ліміт прыняцця на сябе рызык па неплатаздольных прадпрыемствах. Таму тут застаюцца толькі дзве ўмовы: альбо гарантыі ўраду, альбо гарантыі аблвыканкаму». Гэтую цытату дзяржаўныя медыі спачатку апублікавалі, потым выдалілі. Тады ж Калавур казаў, што каля 30 % крэдытаў у Беларусі выдаюцца на льготнай аснове.


З другога боку, за Калавурам захоўваліся высокія тэмпы крэдытавання і небяспека перагрэву эканомікі, якую ён адмаўляў і пра якую папярэджваў ягоны ж першы намеснік.


За Калаўрам прайшла дэнамінацыя


Перад тым як ацэньваць лічбы беларускай эканомікі да Калавура і пасля, трэба ўлічваць дэнамінацыю: 1 ліпеня 2016 года старыя беларускія рублі замянілі на новыя ў суадносінах 10 000 : 1, «адкінулі чатыры нулі». 


Гэта быў загад не Калавура, а Лукашэнкі. Дый рэформу рыхтавалі яшчэ ў 2008 годзе – на банкнотах і манетах напісаны 2009 год, на банкнотах стаіць подпіс ужо пазамінулага на момант дэнамінацыі кіраўніка Нацбанку Пятра Пракаповіча


Аднак дэнамінацыя прайшла менавіта за Калавурам на пасадзе старшыні Нацбанку – і прайшла даволі спакойна, без рэзкіх шокаў і вялікіх збояў. Калавур сам адзначаў, што дэнамінацыю задумалі правесці пры высокай інфляцыі, хоць так не прынята рабіць. Ён хваліўся, што разам з урадам зрэалізаваў праграму макраэканамічнай стабілізацыі, якая дала знізіць інфляцыю і «адкінуць нулі» так, каб не давялося дамалёўваць новыя.


Захоўваў здаровы сэнс?


Пры разглядзе ўсіх паказнікаў працы Нацбанку трэба ўлічваць, што Нацбанк не кіруе эканомікаю Беларусі і не ўплывае на прычыны крызісаў, а толькі разбіраецца з наступствамі: кіруе манетарнай палітыкаю і спрабуе ўплываць на такія рэчы, як інфляцыя ці курс валюты, даступнымі яму сродкамі рэгулявання.


Бізнесовец і вядоўца перадачы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч называў Нацбанк за Калавурам «самым псіхічна здаровым месцам у кіраванні Беларуссю». А палітычны аглядальнік і вядоўца «Двубою» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў казаў, што Калавур, «на думку ўсіх», быў самым паспяховым кіраўніком Нацбанку – і самым самастойным. З заменаю яго на менш дасведчанага ў адпаведных сферах Галоўчанку «людзі могуць ставіць пад сумнеў, ці захаваецца незалежнасць Нацбанку».

,,

«Калавур у адстаўцы. Уключаць друкарскі станок?» – спытаў адзін бізнесовец на Facebook.


Што ў Калавура паводле лічбаў


Сапраўды, за Калавурам у Беларусі не друкавалі шмат «пустых грошай». Інфляцыя была даволі высокай па мерках развітых эканомік. У свеце лічыцца аптымальнаю інфляцыя на ўзроўні 2 %. У Беларусі ж яна склала 12 % у «дэбютным» для Калавура 2015-м, затым паступова спадала, дасягнула мінімальных 4,6 % у 2017-м, падскочыла да 7,4 % у «ковідны» 2020 год і да 12,8 % у 2022 год – год пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне і першых санкцыяў за саўдзел у агрэсіі. Па выніках 2024 года інфляцыя склала 5,2 %. То значыць, за Калавурам інфляцыя была далёка не аптымальнаю. Але гэта і не гіперінфляцыя, якая хоць раз здаралася за кожным з ягоных папярэднікаў: за Ермаковай у 2011-м было пад 109 %, за Пракаповічам у 1999-м было 251 %, а ў пачатку 1990-х, пасля распаду СССР і планавай эканомікі, інфляцыя перавальвала і за тысячу адсоткаў на год.


Адзін з любімых эканамічных паказнікаў беларусаў – курс долара. І якраз за стабілізацыю рубля «Наша Ніва» ў 2017 годзе назвала Калавура «Чалавекам года». У дзень ягонага прызначэння курс долара паводле Нацбанку складаў 10 850 рублёў (пасля дэнамінацыі гэта было б 1 рублём і 8 з паловаю капейкі), у дзень адстаўкі – 3,2125 рубля. То бок за ім беларускі рубель упаў да долара ў тры разы. Ды тое за 10 гадоў, а за тры з паловаю гады ягонай папярэдніцы Ермаковай курс рубля да долара ўпаў удвая – яна заступала на пасаду з доларам па 4945. А Пракаповіч заступаў на пасаду з доларам па 32 810 – з улікам дэнамінацыі «на тры нулі» ў 2000 годзе за 13 гадоў ягонага кіравання Нацбанкам беларускі рубель абясцэніўся да долара ў 150 разоў. 


Золатавалютныя рэзервы таксама трымаліся не найгоршым чынам: Калавур прыняў Нацбанк з 6,05 млрд долараў рэзерваў, здаў з 9,4 млрд. Цяпер рэзерваў, калі статыстыка не хлусіць, хопіць якраз на тры месяцы імпарту і нават больш як на чвэрць вонкавага дзяржаўнага доўгу.


Стаўка рэфінансавання цяпер складае 9,5 %, а калі Калавур заступаў на пасаду, была аж 20 %. Праўда, зніжацца яна пачала яшчэ раней – на піку крызісу 2011 года складала 45 %. Але дасягнула ў 2020-м 7,75 % – самага нізкага паказніку ў гісторыі незалежнай Беларусі.


Поўных звестак пра долю праблемных крэдытаў у статыстыцы Нацбанку адшукаць не ўдалося, але з даступных паказнікаў фінансавай устойлівасці з 2011 года вынікае, што за Калавурам доля неабслугоўвальных крэдытаў і пазыкаў як расла (да 14,3 % ад валавых крэдытаў у канцы 2016 года), так і спадала (найніжэйшы ўзровень – 3 % у канцы 2024-га).


Чым яшчэ запомніцца Калавур


Год таму на гэта пытанне адказвала выданне «UDF». За Калавурам Нацбанк разам з «Беларусбанкам» забралі пад сябе інкасатарскі бізнес; Калавур уводзіў часовую адміністрацыю ў «Белгазпрамбанк» у межах атакі ўладаў на экс-старшыню банку Віктара Бабарыку; ініцыяваў правяранне банку «БелВЭБ», па выніках якога старшыню праўлення Васіля Мацюшэўскага, падобна, затрымлівалі на кароткі час, але ўрэшце адпусцілі. Наконт апошняга хадзілі чуткі, што Калавур нібыта планаваў сысці бліжэй да пенсіі ў «БелВЭБ», таму і распачаў правяранне. Ды за Мацюшэўскага ў выніку заступіўся Лукашэнка, і той застаўся (прынамсі, на момант публікацыі) старшынём праўлення «БелВЭБ».


Надзвычай раскошным ладам жыцця Калавур не запомніўся, але і бедна не жыў: «BELPOL» знайшоў у яго катэдж у Драздах на 407 м²: 4-пакаёвую кватэру ў Менску і дом на 170 м² у Валожыне ў старэйшага сына, чатырохпакаёўку ў Менску і два ўчасткі ў Калодзішчах у малодшага сына. У 2021 годзе на ўжо былога кіраўніка Нацбанку была запісаная машына «Audi Q5» 2013 года выпуску – такую сёння можна купіць у сярэднім за 20 тысяч долараў. У сыноў машыны таксама не былі надта раскошнымі. Таксама на Паўла Калавура былі зарэгістраваныя чатыры паляўнічыя стрэльбы і газавы рэвальвер, дзве стрэльбы ў старэйшага сына і адна – у малодшага.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10