навіны

Расследаванне: ганаровымі консуламі Беларусі зноў прызначаныя набліжаныя да Лукашэнкі

Адкрыццё ганаровага консульства Шры-Ланкі ў Мінску. Дзмітрый Рузанаў – ў цэнтры. Крыніца: srilankaembassy.ru
Адкрыццё ганаровага консульства Шры-Ланкі ў Мінску. Дзмітрый Рузанаў – у цэнтры. Крыніца: srilankaembassy.ru
podpis źródła zdjęcia

З пачатку 2023 года ў Беларусі з’явіліся ганаровыя консульствы пяці новых краінаў: СербііБосніі і ГерцагавіныАмануШры-Ланкі і Вануату. Ганаровыя консулы не займаюцца пытаннямі грамадзянства і візаў, а толькі развіццём гандлю. Таму нядзіўна, што пасады занялі набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі людзі. Хто яны?

Кіраўнікоў новых прадстаўніцтваў вывучыла «Бюро».

 

Сербія


Урад Сербіі ў сакавіку 2023 года абвясціў пра прызначэнне Жыварада Смількавіча ганаровым консулам у Беларусі.

 

Смількавіч – кіраўнік прадстаўніцтва славенскай кампаніі «Riko» ў Беларусі. Фірма больш за дваццаць гадоў займаецца ў нашай краіне пастаўкамі тэхналагічнага абсталявання, энергетыкаю, экалогіяй, лагістыкаю і будаўніцтвам.

Апошнімі гадамі кампанія бярэ актыўны ўдзел ў шматмільённых праектах рэканструкцыі і будаўніцтва электрападстанцыяў у Беларусі.

 

Сербскае выданне «Danas» цытуе дыпламата і былога пасла Сербіі ў Беларусі Срэчка Джукіча, які называе Смількавіча «здольным бізнесоўцам ва ўсіх гэтых немагчымых умовах у Беларусі, улічваючы ўсе гэтыя санкцыі». Джукіч мяркуе, што Смількавіч – гэта чалавек, які дакладна «ведае Беларусь уздоўж і ўпоперак», і што ён, безумоўна, таксама ведае сербскі істэблішмент, які цяпер пры ўладзе.

 

Але не толькі з сербскімі ўладамі звязаны Жыварад Смількавіч. «Бюро» выявіла, што ў ліпені 2017 года Смількавіч на бізнес-джэце вяртаўся разам з Дзмітрыем Лукашэнкам і ягонаю жонкаю ў Менск з італьянскага горада Калляры на Сардыніі, дзе Ганна Лукашэнка святкавала свой дзень народзінаў.

 

У 2019-м ён жа разам з сям’ёй сярэдняга сына Лукашэнкі на два тыдні паляцеў у швейцарскі Сьён. З гэтага гарналыжнага курорту яны вярнуліся ў Менск на дзяржаўным самалёце.

 

Адзін з саўладальнікаў кампаніі «Riko» Янэз Шкрабэц – былы ганаровы консул Славеніі ў Беларусі. Пасля падзеяў 2020 года быў адкліканы ўрадам сваёй краіны з гэтай пасады. Ён неаднаразова выступаў супраць санкцыяў ЕЗ у дачыненні Расіі і Беларусі.

  

Боснія і Герцагавіна


Беларускі палітык і бізнесовец Уладзімір Галабурда ўзначаліў ганаровае консульства Босніі і Герцагавіны. Калі менавіта гэтае консульства было адчыненае, у Беларусі не паведамлялася. Можна толькі з упэўненасцю сказаць, што сайт новага ганаровага консула з’явіўся ў ліпені 2024 года.

 

У мінулым Галабурда – дэпутат Менскага гарадскога савету дэпутатаў, прабыў там як мінімум тры тэрміны.

 

Аднак Галабурда не толькі палітык, але і вядомы бізнесовец. У канцы 90-х ён заснаваў клініку ў карэкцыі зроку «Оптымед». А таксама з 2007 да 2014 года быў намеснікам дырэктара кампаніі «Інгрыда Нафта». У розны час саўладальнікамі гэтай кампаніі былі «гаманец» Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў, а таксама бізнесоўцы з атачэння сям’і Лукашэнкі – Артур ЗубарыкЛюдміла Няронская і Святлана Гараева.

 

Цяпер Уладзімір Галабурда саўладальнік кампаніі «ІнаТэх Салюшнс». Кампанія займаецца распрацаваннем і ўкараненнем разнастайнага ПЗ у сферы бізнесу, эканомікі, абароны інфармацыі і прадукцыі спецыяльнага прызначэння. Апошнімі гадамі работнікі кампаніі публікавалі навуковыя працы ў асноўным пра энергетычны комплекс Беларусі, а таксама артыкулы «пра этычны ўзлом» і «Python вачыма хакера» ў часопісе «Хакер».

 

У 2022 годзе кампанія ўвайшла ў холдынг «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» з кіроўнай кампаніяй холдынгу «Агат – сістэмы кіравання». У красавіку 2024 года «ІнаТэх Салюшнс» падпала пад санкцыі ЗША, бо «Агат – сістэмы кіравання» пастаўляе сваю прадукцыю беларускаму войску.

 

Аман


Пасаду ганаровага консула Аману атрымаў Васіль Мацюшэўскі – былы першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі. З 1998 да 2010 года Мацюшэўскі працаваў у Нацбанку Беларусі, дзе яму даверылі курыраваць пытанні кіраўніцтва золатавалютнымі рэзервамі і прыцягнення замежных інвестыцыяў, ён таксама адказваў за міжнародную дзейнасць.

 

З 2014 да 2018 года займаў пасаду першага намесніка прэм’ер-міністра Беларусі, курыраваў эканамічны сектар.

У 2018 годзе Мацюшэўскі робіцца старшынём праўлення банка «БелВЭБ».

 

У сакавіку 2022 года выданне «Наша Ніва» са спасылкаю на свае крыніцы паведаміла, што ўсё кіраўніцтва банку было затрыманае сілавікамі, але неўзабаве адпушчанае пад заклад. 


Далей падзеі развіваліся імкліва: 26 красавіка «БелВЭБ» афіцыйна паведамляе, што Мацюшэўскі пакідае пасаду старшыні праўлення. У той жа дзень Мацюшэўскі апынаецца на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, старшынём КДК Васілём Герасімавым і першым намеснікам прэм’ер-міністра Мікалаем Снапковым. І ўжо 28 красавіка, праз два дні пасля нарады ў Лукашэнкі, Мацюшэўскі вяртаецца на пасаду старшыні праўлення.

 

Заслона таямніцы прызначэння такога дасведчанага кадра ганаровым консулам крыху прачынілася пасля візіту ў 2024 годзе прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі ў Аман:

«Калі для Аману адным з прыярытэтаў ёсць прамысловае развіццё, развіццё ўласнай апрацоўнай прамысловасці, вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, перапрацоўкі харчовых прадуктаў. Са свайго боку нам трэба тое, што цудоўна развітае ў Амане: лагістыка, рээкспарт тавараў, функцыянаванне свабодных эканамічных зонаў, развіццё нафтаперапрацоўкі і хімічнай прамысловасці. Таму поле для супольнай дзейнасці велізарнае».

  

Вануату


Тут ганаровым консулам не так даўно стаўся бізнесовец Аляксандр Калджыеў. Сайт ягонага консульства з’явіўся ў лістападзе 2023 года.

 

Рэспубліка Вануату размешчаная на 83 астравах у Ціхім акіяне і ў першую чаргу вядомая сваім даступным грамадзянствам і афшорнымі паслугамі.

 

Аляксандр супольна валодае беларускай кампаніяй «Міруар», якая будуе пяцізоркавы спа-гатэль на 8 тысяч «квадратаў» і некалькі дзясяткаў двухпавярховых катэджаў проста на беразе Менскага мора. Другі саўладальнік кампаніі – грамадзянін Турцыі Шэнэр Эгемэн Мустафа – імаверна, уладальнік «H Casino» ў «Double Tree by Hilton» у Менску.

 

У 2022 годзе Калджыеў атрымаў яшчэ і пасаду дарадцы ў кампаніі «Маркетліга» – сетцы крамаў бязмытнага гандлю, што належыць Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту і Прэзідэнцкаму спартоваму клубу.

 

Шры-Ланка


У студзені 2023 года пасол Шры-Ланкі Джаніта А. Ліянаге ўзяла ўдзел у адкрыцці офісу ганаровага консула гэтай краіны ў Беларусі. Узначаліў офіс беларускі лекар, дацэнт БДМУ Дзмітрый Рузанаў.


Раней ён працаваў у беларускіх прадстаўніцтвах мноства еўрапейскіх фармацэўтычных кампаніяў. У 2017 годзе значыўся ў «Трайплфарме» Юрыя Чыжа, якім цяпер валодаюць ягоныя сыны, дачка і былы партнёр у бізнесе Уладзімір Япрынцаў. У 2023 годзе Юрый Чыж праз суд спрабаваў вярнуць сабе правы на валоданне кампаніяй, але атрымаў адмову.


У 2021 годзе Рузанава прызначылі на пасаду дырэктара РНПЦ медычных тэхналогіяў. А ў 2023 годзе ён атрымаў пасаду ганаровага консула Шры-Ланкі. Імаверна, гэта звязана з зацікаўленасцю беларускіх медінстытутаў у замежных студэнтах.

 

Нашыя дапушчэнні пацвердзіліся. На нядаўняй сустрэчы міністра замежных справаў Беларусі Максіма Рыжанкова з першай намесніцаю кіраўніка МЗС Шры-Ланкі Аруні Ясодха Віджэвардане, што адбылася на саміце БРЫКС, закраналася гэтая тэма.

 

У прэс-рэлізе МЗС Беларусі сказана, што «ў кантэксце развіцця гуманітарнага ўзаемадзеяння падкрэсленая значнасць навучання ў Беларусі студэнтаў з Шры-Ланкі, перадусім у медычных ВНУ».


Раней сярод ганаровых консулаў у Беларусі былі неаднаразова заўважаныя «гаманцы» Лукашэнкі або бізнесоўцы з ягонага найбліжэйшага атачэння. Напрыклад, блізкі сябар Лукашэнкі Сяргей Цяцерын – ганаровы консул Грузіі ў Беларусі, а «гаманец» Аляксандр Зайцаў – ганаровы консул Замбіі, Павел Тапузідзіс – ганаровы консул Румыніі, а Аляксандр Машэнскі – Ісландыі.

Тэса Анэйда belsat.eu 


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10