Аналітыка

«Пасада прэм'ер-міністра – расстрэльная». На Турчына могуць «павесіць» памылкі папярэдніка

img
Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. Крыніца: dzr.by
podpis źródła zdjęcia

Рыначнік Аляксандр Турчын можа трапіць «пад раздачу» за наступствы памылак, зробленых папярэднім прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, сказаў «Белсату» галоўны рэдактар выдання «Reform.news» Фёдар Паўлючэнка. Ён пры гэтым схільны разглядаць новага кіраўніка ўраду ў якасці пераемніка Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка прызначыў старшыню Менскага аблвыканкаму Аляксандра Турчына прэм'ер-міністрам замест Рамана Галоўчанкі. Галоўны рэдактар выдання «Reform.news» Фёдар Паўлючэнка ў каментары «Белсату» назваў гэтую кадравую пастанову цікаваю:

Колішні прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Менск, Беларусь. 6 снежня 2024 года. Фота Contributor/Getty Images

«Галоўная праблема – незалежнасць Нацбанку». Чаго чакаць ад Галоўчанкі на новай пасадзе?

Аналітыка

«Можна разглядаць гэтае прызначэнне як спробу запусціць адзін з сцэнароў пераемнікаў, калі могуць скласціся такія абставіны, калі той жа Турчын будзе займаць пасаду прэзідэнта Беларусі. Я не выключаю такой магчымасці, мяркую, што гэта так званы альтэрнатыўны сцэнар, хаця Лукашэнка, безумоўна, разлічвае, што ён пойдзе далей і пасля 2030 года, і будзе, як кажуць, „да Колі“». Але калі нешта здарыцца, напрыклад, са здароўем ці ён не будзе здольны з іншых прычынаў узначальваць краіну, то можна разглядаць прызначэнне Турчына як спробу запусціць так званы альтэрнатыўны сцэнар пераемніка».


Паводле Паўлючэнкі, новы кіраўнік ураду адрозніваецца ад усіх папярэдніх прэм'ераў Беларусі:


«Толькі, магчыма, Турчын у шэрагу людзей, якія займалі пасаду прэм'ер-міністра, можа разглядацца як перспектыўны палітык, палітык-рэфарматар, ён працаваў яшчэ ва ўрадзе Сяргея Румаса, разглядаўся як чалавек прарынкавы, як даволі сучасны чалавек, і тое, што ён займае такую высокую пасаду цяпер, можна разглядаць як запуск альтэрнатыўнага сцэнару з пераемнікам».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by

Лукашэнка даручыў Турчыну і Галоўчанку паставіць эканоміку «з ног на галаву»

навіны

Суразмоўца «Белсату» пры гэтым прызнае, што новы прэм'ер заняў пасаду ў момант, калі перад эканомікаю замаячылі новыя выклікі: галоўны рынак збыту беларускіх тавараў – расейскі – пачаў сціскацца з увагі на змаганне тамтэйшага Цэнтрабанку з інфляцыяй. Аднак Паўлючэнка настойвае, што Турчына ўсё адно варта лічыць імаверным пераемнікам, не зважаючы на пагрозу эканамічных правалаў:


«Безумоўна, цяпер пасада прэм'ер-міністра – расстрэльная. Чалавек, прызначаны на гэтую пасаду, будзе адказваць за ўсе памылкі, зробленыя да яго, і за тыя, што ён сам зробіць. Але калі разглядаць магчымасць таго, што Лукашэнка спрабуе запусціць нейкія сцэнары пераемніка, то пачынаць варта ўжо цяпер. Часу не хопіць раскруціць асобу за некалькі месяцаў да магчымай змены канцэпцыі. Чалавек, які займае пасаду прэм'ер-міністра, адначасова і самазабойца, і можа разглядацца як чалавек, якога скарыстаюць для альтэрнатыўнага сцэнару пераемніка».


Прызначэнне ж Галоўчанкі ў Нацбанк журналіст назваў пенсіяй:

,,

«Галоўчанка – адыграная карта. Мяркую, што больш гэтая асоба ўплывовых пасадаў займаць не будзе, хаця пасада кіраўніка Нацбанку – досыць уплывовая ў гэтай сістэме, пакуль што досыць незалежная пасада. Гэта пенсія для чалавека, які шмат зрабіў персанальна для Лукашэнкі».


Ранейшага старшыню Нацыянальнага банку Паўла Калавура Паўлючэнка пахваліў за стабільны рубель:


«Пра Калавура кепскага не магу сказаць анічога, даволі добры кіраўнік Нацбанку, усе яго ведаюць як асобу, якая захоўвала стабільнасць рубля. Адчуванне, што ён чалавек з іншага пакалення, бо пасля 2020 года сышлі людзі, якія былі ў атачэнні Лукашэнкі, і захаваў пасаду толькі ён. Было дзіўна назіраць, як ён спрабуе выкарыстоўваць рынкавую логіку ў той сістэме, што працавала ўжо на вайсковы лад. І тое, што ён столькі гадоў прапрацаваў у гэтай сістэме, – дзіўна».

Старшыня Нацбанку Беларусі Раман Галоўчанка. Фота: БелТА / minsknews.by
Старшыня Нацбанку Беларусі Раман Галоўчанка. Фота: БелТА / minsknews.by

Прадпрымальнік, вядоўца праграмы «Атмасфера» на Youtube-канале «Белсат News» Аляксандр Кныровіч чакае ад Турчына таго ж, што рабіў Галоўчанка, а той на пасадзе прэм'ера «намагаўся толькі выконваць загады»:


«Ён намагаўся не супярэчыць, не ўступаць у дыскусіі, а выконваць, як вайсковы служака. Ці ўдалося? Не, не ўдалося. Калі мы паглядзім на дасягненні з гледзішча плану сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021–2025 гады, што зацвярджаў сам Галоўчанка, было выканана не больш за 30 % паказнікаў. Аднак гэта не замінае ягонаму прызначэнню на вельмі адказную пасаду кіраўніка Нацбанку. Гэта азначае, што як служака, як асоба, якая выконвае ўсе загады, ён пасуе Лукашэнку».


Галоўчанка ў якасці галоўнага банкіра дзяржавы непакоіць суразмоўцу «Белсату»:

,,

«Адбудзецца адно з двух: ці Галоўчанка рэзка зменіць бачанне манетарнай палітыкі, ці Нацбанк пойдзе ў разнос, пачне выдаваць, пра што марыў Галоўчанка, грошы прадпрыемствам направа і налева, змяншаць крэдытныя стаўкі, і гэта адмоўна адаб'ецца на эканоміцы. Мы ведаем ягоныя якасці, і для вялікіх хваляванняў у нас багата нагодаў».


Колішняму старшыні Нацбанку Кныровіч падзякаваў за адказную 10-гадовую працу:


«Вельмі прафесійны, вельмі дасведчаны чалавек, менавіта таму Лукашэнка яго і не чапаў. Сённяшняя манетарная і валютная больш-менш стабільнасць – ягонае асабістае дасягненне. Тое, што сёння Беларусь не падобная з гледзішча эканомікі, напрыклад, да Венесуэлы, – у тым ліку дасягненне не прамысловага блоку, а эканамічна-фінансавай часткі ўраду».

Колішні старшыня Нацбанку Беларусі Павел Калавур. Фота: БелТА
Колішні старшыня Нацбанку Беларусі Павел Калавур. Фота: БелТА

Бізнесовец нагадаў, як некалі Калавур адкрыта заявіў пра немагчымасць працягваць крэдытаванне прадпрыемстваў, што не адпавядаюць пэўным патрабаванням.


«Чалавек, які дазваляе сабе казаць такія рэчы ў беларускай сістэме, значна большы прафесіянал, чым адданы Лукашэнку чалавек», – падсумаваў Кныровіч.


Да сённяшняга прызначэння Турчын 6 гадоў узначальваў Менскі абласны выканкам, а да гэтага быў віцэ-прэм'ерам. Галоўчанка кіраваў урадам амаль 5 гадоў, змяніўшы на пасадзе Сяргея Румаса, а перад гэтым узначальваў Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт.


Павел Калавур прыйшоў у Нацбанк у 2014 годзе пасля Надзеі Ермаковай. Яго не згадвалі на сённяшняй нарадзе ў Лукашэнкі, і пра тое, дзе эканаміст працягне працу, пакуль не вядома.


Ян Федаровіч, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10