Арменія не мае намеру вяртаць у Беларусь свайго амбасадара Разміка Хумар'яна, які быў адкліканы для кансультацыяў у чэрвені 2024 года. Пра гэта паведамляе «Sputnik Арменія» са спасылкаю на свае крыніцы.
Амбасадар не вернецца ў Менск на фоне напружаных адносінаў паміж Беларуссю і Арменіяй. Раней прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што не паедзе ў Беларусь, пакуль там ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка. Пашыньян выказваў Беларусі і Расеі прэтэнзіі ў сувязі з тым, што ўсе яны чальцы АДКБ, аднак беларускія і расейскія ўлады аказвалі Азербайджану вайсковае падтрыманне ў той час, калі абвастрыўся канфлікт Арменіі і Азербайджану ў Нагорным Карабаху.
25 снежня 2024 года Нікол Пашыньян не прыехаў на нефармальны саміт СНД у Расею, аднак падключыўся праз відэасувязь да паседжання Найвышэйшага еўразійскага эканамічнага савету 26 снежня.
Там Лукашэнка і Пашыньян пасварыліся. Лукашэнка прапанаваў правесці паседжанне Найвышэйшага еўразійскага эканамічнага савету і Еўразійскі эканамічны форум у канцы траўня ў Менску.
Пашыньян адказаў, што армянская дэлегацыя зноў падключыцца праз відэасувязь.
На гэта Лукашэнка спытаў, няўжо няма каму падвезці Пашыньяна, і прапанаваў арганізаваць дастаўку.
Пашыньян нагадаў, што ўжо казаў пра паездкі ў Беларусь, маючы на ўвазе, што не прыедзе пры Лукашэнку. Той адказаў, што ў Менску можа не аказацца тэлевізара, каб арганізаваць падключэнне.
«Я разумею, што, можа, у вас з'явіліся і праблемы з тэлевізарамі. Я з разуменнем да гэтага стаўлюся», – адказаў Пашыньян.
Арсен Рудэнка belsat.eu