Шуфлядка

Што рабіць, калі да вас прыйшлі сілавікі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Виртуальный Брест
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Виртуальный Брест
podpis źródła zdjęcia

Напярэдадні выбараў сілавікі прыходзяць у дамы да беларусаў – то з вобшукамі, то з прафілактычным і размовамі, раз за разам ахопліваючы ўсё новыя і новыя катэгорыі людзей. Як падрыхтавацца да іхнага прыходу, што варта рабіць, а чаго не – прыводзім парады праваабаронцаў.

Да каго ходзяць

Сапраўды, чым бліжэй да выбараў, тым больш паведамленняў прыходзіць пра людзей, да якіх наведваюцца сілавікі. Так, аб’ектам абходу прадстаўнікоў МУС сталі арэндныя кватэры, падчас гэтага ў людзей просяць дагавор арэнды, а таксама пытаюцца, што яны збіраюцца рабіць 26 студзеня – у дзень, калі ў краіне будуць праводзіць «выбары».

Таксама міліцыя наведваецца ў кватэры, у якіх жывуць украінскія грамадзяне, нават тыя, хто нарадзіўся ў Беларусі. Прыходзяць таксама да тых, хто ўжо адбываў пакаранні «за палітыку».

У той жа час вядомыя выпадкі, калі тых, хто раней праяўляў палітычную актыўнасць, прэвентыўна затрымліваюць – так, як гэта нядаўна адбылося з мазырскім праваабаронцам Уладзімірам Целепуном, якога затрымалі 15 студзеня і асудзілі за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі. Атрымліваецца, што мужчына ў дзень правядзення выбараў будзе знаходзіцца ў зняволенні.

Цалкам імаверна, што гэта робіцца для таго, каб ізаляваць актывістаў на час выбараў, але гэта залежыць ад таго, што знойдуць у чалавека падчас такога візіту. Таму тым, хто быў так ці іначай звязаны з пратэстамі, выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю, варта добра паклапаціцца пра сваю бяспеку.

Нагадваем асноўныя правілы, як можна падрыхтавацца да будучага візіту сілавікоў і не даць ім нагоды для затрымання. Або нават калі гэта адбудзецца (бо ў іх – план), зрабіць так, каб прэвентыўнае затрыманне не ператварылася для вас у гады калоніі – будзь то за распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі, данаты ці ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: БАЖ
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: БАЖ

Падрыхтуйцеся

Калі вы дапускаеце нават думку аб тым, што да вас могуць прыйсці сілавікі, то варта падрыхтавацца да гэтага загадзя. Ва ўсякім разе ў гэты турбулентны час да 26 студзеня.

Любая нацыянальная сімволіка, нават без бела-чырвона-белых колераў (магніты з арнаментам, каляндарыкі, плакаты) можа стаць трыгерам або як мінімум індыкатарам для сілавікоў, што вашу кватэру трэба агледзець больш пільна.

Кнігі, асабліва беларускамоўныя, сёння могуць стаць нагодай для зняволення: шматлікія выданні Уладзіміра Арлова, Альгерда Бахарэвіча ды нават кнігі класікаў – Вацлава Ластоўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і інш. на сённяшні дзень прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Перавязіце іх у бяспечнае месца і прыхавайце да лепшых часоў. Але, увага, не завозьце да сябе на лецішча ці сваякам – вобшук могуць правесці і там.

Агледзьце тэхніку: флэшкі, жорсткія дыскі, кампутары, тэлефоны (асабліва старыя), на іх могуць быць файлы, якія стануць калі не прычынай, то зачэпкай для таго, каб пачаць «раскручваць» вас на той ці іншы артыкул. Не пакідайце па-за ўвагай старыя CD-дыскі і касеты – бо калі сярод іх знойдуць, напрыклад, «Тры чарапахі» N.R.M., то сюрпрызаў не будзе: у вас могуць пачацца праблемы. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: SYMBAL.BY (@symbalby) / X
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: SYMBAL.BY (@symbalby) / X

Пра што яшчэ варта паклапаціцца загадзя

Заключыце дамову з адвакатам. На сённяшні дзень у Беларусі вельмі няшмат адвакатаў, гатовых займацца палітычнымі справамі, тым не менш варта загадзя прадугледзець гэта і заключыць з ім дамову – такая працэдура павінна быць бясплатнай.

Падрыхтуйце сваіх сваякоў і зрабіце ім падрабязную інструкцыю пра тое, як сябе паводзіць, калі вас затрымаюць. У першую чаргу – пакіньце нумар тэлефона вашага адваката, каб яны маглі звязацца з ім адразу пасля атрымання звестак пра вашае затрыманне.

Іншае пытанне – як паведаміць сваякам, што да вас прыйшлі. Бо часта на гэта зусім няма часу, асабліва ў сітуацыі стрэсу. Таму прыдумайце кодавае слова, якое будзе абазначаць, што за вамі прыйшлі, і падчас, калі сілавікі на парозе, набярыце нумар сваякоў ці знаёмых і скажыце яго. Або падрыхтуйце шаблон у СМС-паведамленнях з гэтым словам, каб імгненна яго адправіць. Яшэ лепей скарыстайцеся функцыяй SOS на мабільным тэлефоне (яна ўключаецца ў наладах тэлефона).

Таксама праваабаронцы рэкамендуюць даць вашай даверанай асобе паролі ад акаўнтаў і сацсетак: у выпадку затрымання яны змогуць змяніць паролі або выдаліць небяспечную для вас інфармацыю.

А каб гэтага не прыйшлося рабіць вашым знаёмым, то лепей паклапацеся аб гэтым самі: пачысціце ўжо зараз перапіскі ў месенджарах і сацыяльных сетках, воблачных сховішчах, выдаліце фотаздымкі, якія могуць выклікаць увагу сілавікоў. Праверце тэлефон і таксама пачысціце яго ўнутранае сховішча і галерэю ад кантэнту, які можа нанесці вам шкоду. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: abarona.org
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: abarona.org

Госці на парозе

Убачыўшы на парозе незнаёмцаў, пацікаўцеся, хто гэта. Часу шмат у вас не будзе, але гэтыя секунды можна выкарыстаць для таго, каб адправіць паведамленне сваякам аб затрыманні.

Калі ўсё ж вы разумееце, што гэта сапраўды сілавікі, то дзверы лепей адчыніць, не вельмі марудзячы, бо іначай іх выламаюць.

Галоўнае – не аказвайце супраціву супрацоўнікам міліцыі і не сварыцеся з імі. Гэта можа стаць падставай для завядзення крымінальнай справы.

Як адзначае BYSOL, вы маеце права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх і можаце скарыстацца правам на абарону адваката з самай першай секунды затрымання.

,,

«Сілавікі не абавязаныя надаваць вам абарону на час затрымання, але гэта могуць зрабіць вашыя сваякі або сябры», – адзначаюць супрацоўнікі фонда.


Таксама вам трэба памятаць, што вы маеце права патрабаваць ад сілавікоў апавяшчэння сваякоў пра вашае месцазнаходжанне – гэта гарантавана артыкулам 6 Закона пра міліцыю.

Больш за тое – права выклікаць адваката вы маеце нават у тым выпадку, калі ў вас з ім не заключаная дамова.

Пры затрыманні захоўвайце спакой, раіць BYSOL, пазбягайце агрэсіі і рэзкіх рухаў. Адказваць на пытанні можна адмовіцца, зрабіўшы гэта ветліва. Калі лічыце, што вашы правы парушаюцца, спакойна заяўляйце пра гэта і адзначайце ў пратаколе. Не давайце ілжывых паказанняў, а на складаныя пытанні лепш адмовіцца адказваць або адзначыць, што не памятаеце падзеі.

Так выглядаюць кватэры пасля правядзення вобшуку. Крыніца: Зеркало
Так выглядаюць кватэры пасля правядзення вобшуку. Крыніца: Зеркало

Ператрус

Падчас ператрусу вам павінны паведаміць, у межах якой справы ён праводзіцца, і які працэсуальны статус вам нададзены (сведка, падазраваны ці абвінавачаны).

Ператрус павінны праходзіць згодна з вызначанай працэдурай. Так, павінны быць складзены пратакол ператрусу: у ім указваюцца ўсе службовыя асобы, якія ўдзельнічаюць у працэдуры. Пасля завяршэння ператрусу пратакол даецца на азнаямленне і подпіс усім прысутным. Вы можаце пакінуць у пратаколе свае заўвагі і заверыць іх сваім подпісам.

Усе канфіскаваныя прадметы павінны быць пералічаныя ў пратаколе ператрусу або асобным дакуменце. Кожны прадмет павінны быць падрабязна апісаны. Дакумент з пералікам канфіскаваных рэчаў падпісваецца асобай, якая праводзіла ператрус, і панятымі, што дае магчымасць у будучыні патрабаваць вяртання канфіскаваных рэчаў.

Таксама важна, што ператрус праводзіцца ў прысутнасці як найменей двух панятых, прычым гэта не павінны быць зацікаўленыя асобы. Напрыклад, супрацоўнікі міліцыі не могуць выступаць у якасці панятых – у адваротным выпадку вы можаце заявіць адвод, зафіксаваўшы гэта ў пратаколе ператрусу і паставіўшы подпіс.

Галоўнае, каб усе дзеянні падчас ператрусу фіксаваліся дакументальна, бо іначай гэта будзе парушаць вашыя правы.

Падчас ператрусу вы не абавязаныя адказваць на пытанні следчага, а таксама даваць інфармацыю, якая можа нашкодзіць вам ці вашым блізкім, гэта не допыт.

Такім чынам, пасля правядзення ператрусу ў вас на руках мусіць застацца копія пратаколу і дакументу, у якім пералічаныя рэчы, якія ў вас былі канфіскаваныя. Абавязкова азнаёмцеся са зместам пратаколу і пазначце ўсе нюансы, з якімі вы нязгодныя, пацвердзіўшы гэта подпісам. 

Як адзначаюць праваабаронцы, да таго моманту, пакуль вам не абвясцілі аб вашым затрыманні, вы маеце права карыстацца тэлефонам, складваць рэчы. Пасля такога абвяшчэння на ўсё гэта патрабуецца дазвол следчага. З гэтай прычыны важна высветліць ваш статус яшчэ ў пачатку прыходу сілавікоў. З гэтай жа прычыны важна звязацца са сваякамі, каб у выпадку, калі вас усё ж забяруць у следчы ізалятар, яны ведалі, як сябе паводзіць і як вам дапамагчы. 

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10