навіны

Палярнае ззянне зноў бачылі ў Еўропе і Беларусі. Фота

Палярнае ззянне каля Ўайтбруку, Ўэльс
Палярнае ззянне каля Ўайтбруку, Ўэльс, Злучанае Каралеўства. 16 красавіка 2025 года. Фота: Keith Moseley / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0
podpis źródła zdjęcia

На Зямлі назіралі чарговую сонечную буру. Ужо не «сонечную буру стагоддзя», як летась, але пабачыць прыгожае неба зноў можна было нават у Беларусі.

У ноч на 17 красавіка над Еўропай можна было назіраць палярнае ззянне – пачалася вельмі моцная магнітная бура ўзроўню G4. Палярнае ззянне назіралі не толькі на самай поўначы, але і ў Англіі, Шатландыі, Польшчы, Літве, Эстоніі, Расеі, а таксама на поўдні Аўстраліі і на Тасманіі.


Палярнае ззянне над Польшчаю:

Таксама палярнае ззянне бачылі над Беларуссю. Вось як выглядала неба над Горадняю:

Цяперашняе палярнае ззянне было выкліканае падвойным выкідам плазмы з Сонца. Гэты выкід адбыўся 12–13 красавіка, дайшоў да Зямлі 16-га. Магнітная бура выйшла моцнай, але не надзвычай моцнай, як год таму, калі Сонца было на піку актыўнасці ў 11-гадовым цыкле, а палярнае ззянне бачылі нават за моцным светлавым забруджаннем буйных гарадоў.


Сонечная актыўнасць цяпер спадае – найбліжэйшымі днямі ў Беларусі наўрад ці можна будзе пабачыць палярнае ззянне. Але, згодна з доўгатэрміновым прагнозам, шанцы пабачыць палярнае ззянне яшчэ будуць 2 траўня.


Выбліскі на Сонцы і геамагнітныя буры на Зямлі адбываюцца рэгулярна. Яны адносна бяспечныя для людзей на Зямлі (калі не лічыць астранаўтаў па-за атмасферай), але могуць збіваць працу спадарожнікаў і энергасетак, перашкаджаць працы электронікі ў самалётах і пагражаюць пасажырам самалётаў падвышанай (хоць і не смяротнай) дозай радыяцыі. У некаторых людзей з хранічнымі хваробамі ад іх могуць пачацца праблемы са здароўем.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10