Расейскі маркетплэйс «Wildberries» плануе запусціць у Беларусі ўласны сэрвіс таксі. Пра гэта «Office Life» паведамілі крыніцы на рынку перавозаў. Сэрвіс можа пачаць працаваць найбліжэйшымі месяцамі.
Займацца таксі будзе кампанія «Аператар ВБ Таксі», што 16 траўня была ўнесеная ў рэестр перавознікаў пасажыраў як дыспетчар. Кампанію зарэгістравалі ў Менску ў сакавіку, кантрольны пакет у ёй належыць расейскай кампаніі «Wildberries».
Упершыню пра магчымыя планы запусціць пілотны праект «Wildberries» у сферы таксі стала вядома ў лютым. Кампанія развівае свой аўтапарк, а таксама супрацоўнічае з партнёрамі і прыцягвае прыватных перавознікаў.
У траўні ў Беларусі стартаваў сэрвіс таксі ад мабільнага аператара «А1». Для гэтага была набытая кампанія «Баварыя», што надавала паслугі прэміум-класу.
Між тым у сакавіку з рэестру аўтамабільных перавозаў пасажыраў было выключанае таксі «Maxim». Гэта першы выпадак выключэння з рэестру, створанага ў Беларусі 1 лістапада 2024 года.
Якуб Хруст belsat.eu