Амаль 90 % месцаў у беларускіх санаторыях на гэтае лета ўжо зарэзерваваныя. Паводле Рэспубліканскага цэнтру аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння, летам у беларускіх санаторыях і лагерах адпачнуць каля 600 тысяч чалавек, з якіх 400 тысячаў – гэта дзеці. Што менавіта прапаноўвае дзяржава для дзяцей ды якія варыянты ёсць для іх за межамі Беларусі?
Адправіць дзіцё ў дзяржаўны летнік усё яшчэ дасяжна для большасці беларусаў. Змена ў кругладзённым лагеры сёлета каштуе каля 675 рублёў, у дзённым лагеры – 144 рублі.
Генадзь Балбатоўскі, дырэктар Рэспубліканскага цэнтру аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння, кажа: «Традыцыйна падтрымка дзяржаўная будзе аказаная, бацькі будуць кампенсаваць невялікі адсотак ад кошту пуцёўкі».
Калі ўлічыць яшчэ дапамогу прафсаюзу і наймальнікаў, то бацькам застанецца заплаціць толькі 10 % ад кошту пуцёўкі. У выпадку кругладзённага лагеру гэта каля 70 рублёў, а ў выпадку дзённага – каля 14 рублёў.
«Калі гэта вялікая дзяржаўная арганізацыя накшталт універсітэту, заводу, яны выдзяляюць сваім працаўнікам паводле прафсаюзнай схемы або паводле калектыўнай дамовы, калі гэта дзяржаўная арганізацыя, накшталт РАНА, то яны выдзяляюць незабяспечаным сем'ям, сіротам або шматдзетным, звычайна так», – кажа Аксана Акуневіч з беларускага цэнтру ў Батумі «Аксяродак».
Астатнія ахвочыя ідуць пры наяўнасці месцаў і за поўны кошт. Сёлета дзяржава арганізавала трохі больш за 400 тысячаў месяцаў у дзіцячых летніках, летась іх было 399 тысячаў. Дзеля дзіцячага адпачынку будуць працаваць 1500 лагераў з кругладзённым і 4500 з дзённым перабываннем.
,,«На правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі Рэспубліканскаму цэнтру вылучана больш за семдзесят тры мільёны рублёў, таму ўсе дзеці, якія маюць патрэбу, пройдуць аздараўленне і лячэнне ў перыяд летніх канікулаў», – распавядае Генадзь Балбатоўскі, дырэктар Рэспубліканскага цэнтру аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння.
Пасля ўвядзення абавязковай сертыфікацыі ў лютым колькасць камерцыйных дзіцячых летнікаў скарацілася, зазначае Аксана Акуневіч. Шмат хто з іх пераехаў у Расею і краіны Еўразвязу. Сама Аксана ладзіць летнік для дзяцей у Грузіі. «З аднаго боку, гэта адпачынак, з іншага боку, гэта магчымасць нейкая адукацыйная і магчымасць сацыялізацыі, даведацца пра іншыя краіны. Дзяржаўныя летнікі гэтага не забяспечваюць», – кажа яна.
Камерцыйныя замежныя летнікі адназначна перавышаюць дзяржаўныя ў кошце. У выпадку Грузіі за ўвесь летнік разам з дарогай з Беларусі і назад прыйдзецца аддаць 2300 рублёў.
Аліна Скрабунова belsat.eu