У Варшаве прайшло першае паседжанне працоўнай групы ў справе супрацы з НДА пры Камісіі міграцыі ў Варшаве. Група, у якую ўваходзяць больш за 20 прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў і дзяржаўных структураў, абмяркоўвала план ажыццяўлення міграцыйнай стратэгіі Польшчы на 2025–2030 гады ў заканадаўстве і практыцы дзяржаўных органаў. У дыскусіі ўзяў удзел намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Паўла Латушкі Арцём Праскаловіч.
На паседжанні былі разгледжаныя 26 пунктаў плану ажыццяўлення польскай міграцыйнай стратэгіі. Для беларусаў ключавымі былі:
- распрацоўванне сістэмы збору і аналізу міграцыйных звестак (польскія органы прызнаюць адсутнасць цэнтралізаванай і якаснай сістэмы);
- стварэнне новага падыходу да селектыўнай візавай палітыкі да 2027 года, каб знайсці баланс паміж адкрытасцю і перадухіленнем злоўжыванняў.
Была закранутая тэма гуманітарных візаў – намесніца міністра замежных справаў Польшчы Гэнрыка Масьціцка-Дэндыс заявіла, што праблемы з іх выдачай будуць развязаныя да першага кварталу 2026 года. Плануецца спрасціць працэдуру атрымання візаў і адначасова перадухіліць іх выкарыстанне не паводле прызначэння.
Акрамя таго, удзельнікі паседжання абмяркоўвалі:
- распрацоўванне рэкамендацыяў для забеспячэння доступу іншаземцаў да сістэмы аховы здароўя – з планаваным завяршэннем да канца 2025 года;
- завяршэнне дыгіталізацыі працэсаў разгляду заяваў на легалізацыю – таксама да канца 2025 года;
- стварэнне новых мадэляў набору замежнікаў для навучання і даследаванняў у Польшчы дзеля захавання якасці адукацыі і ўнутранай бяспекі.
Намеснік міністра навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Анджэй Шэптыцкі адзначыў, што Польшча зацікаўленая ў прытоку перспектыўных студэнтаў і выбітных навукоўцаў, але працяглае чаканне візаў стварае сур’ёзныя перашкоды для рэалізацыі гэтага падыходу: сітуацыя павінна палепшыцца, у тым ліку для студэнтаў з Беларусі.
Працоўная група працягне працу на сталай аснове для абароны інтарэсаў беларусаў пры рэалізацыі міграцыйнай стратэгіі Польшчы, зазначае прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінету.
Цягам апошніх двух гадоў польскае Міністэрства замежных справаў абмежавала выдачу гуманітарных візаў беларусам: цяпер іх могуць атрымаць толькі тыя, каму рэальна пагражае страта здароўя ці жыцця ці палітычна матываваная крымінальная адказнасць.
Гуманітарныя візы былі ўведзеныя ў адказ на рэпрэсіі, якія разгарнуліся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Са жніўня 2020 года Польшча выдала грамадзянам Беларусі больш за 53,5 тысячы гуманітарных візаў. Пры гэтым у 2024 годзе былі выдадзеныя толькі 518 візаў.
Акрамя таго, гуманітарную візу цяпер выдаюць толькі адзін раз з мэтай гарантаваць магчымасць бяспечна пакінуць краіну паходжання. Каб прэтэндаваць на візу, трэба даказаць наяўнасць рэальных пагрозаў для жыцця і здароўя заяўніка ці ягоных сваякоў, ці пагрозаў крымінальнага пераследу ў Беларусі за ўдзел у пратэстах і апазіцыйную дзейнасць.
Змяненне правілаў выдачы гуманітарных візаў выкліканае «занадта свабодным падыходам да іх атрымання з боку грамадзянаў Беларусі», тлумачыла раней польскае МЗС. Паводле міністэрства, беларусы часта выкарыстоўвалі гуманітарныя візы з іншай мэтай: для вандровак па краінах Шэнгенскай зоны і для перамяшчэння паміж Беларуссю і Польшчай.
Акрамя таго, польскія спецслужбы непакояцца, што механізм гуманітарных візаў можа быць выкарыстаны беларускімі спецслужбамі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu