Беларусь будзе прадаваць спецтэхніку ў Нікарагуа, але выручку атрымае не адразу. Савет Міністраў зацвердзіў дадатковае пагадненне аб наданні Нікарагуа экспартных крэдытаў на куплю беларускай тэхнікі. На першы погляд, гэта прынамсі не горш, чым каб нерэалізаваная прадукцыя папросту ржавела ды гніла на складах на тле падзення экспарту на асноўны рынак Беларусі – расейскі. Але наколькі гэткія ўгоды насамрэч выгадныя для нашае краіны?
МАЗ-5551 і МАЗ-6501 – самазвалы, прызначаныя для транспартавання сыпкіх грузаў, шырока выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве. На пачатку года Беларусь даставіла ў Нікарагуа 15 такіх машынаў. Агулам у кантракце Менскага аўтамабільнага заводу дастава ў Нікарагуа 370 адзінак тэхнікі. Прэс-служба ўраду назвала суму ўгоды – 38 млн долараў. Але ёсць нюанс.
,,«Дадатковае пагадненне вызначае асаблівасці даставы прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў у Рэспубліку Нікарагуа на ўмовах экспартнага крэдытавання ў рамках Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2006 г. № 534 "Аб спрыянні развіццю экспарту тавараў, работаў і паслуг"», – піша прэсавая служба ўраду.
Умоваў крэдыту не агучылі. Але, згодна з сусветнай практыкай, Нікарагуа як краіна з нізкім даходам можа прэтэндаваць на льготныя крэдыты пад 1–3 % гадавых з тэрмінам пагашэння 10–15 гадоў. Урад плануе зарабіць на адсотках, падтрымаць экспарт і разгрузіць склады...
«Дзесяць-пятнаццаць гадоў таму тая ж Расея, якая крэдытавала Нікарагуа па розных схемах, – яна вымушаная была папросту спісаць каля трох з паловаю мільярдаў долараў. Ці можа Беларусь спісваць такія грошы, ці нават меншыя, як тыя трыццаць восем мільёнаў долараў – вялікае пытанне», – кажа фінансіст і эканаміст Віталь Алейнік.
Агульная сума кантрактаў з Нікарагуа складае $ 85 млн і прадугледжвае даставу больш як 700 грузавікоў і трактароў.
«МАЗ выпускае трынаццаць тысяч адзінак тэхнікі на год, а Галоўчанка [прэм'ер-міністр Беларусі. – Заўв. рэд.] называе прарывам продаж трохсот сямідзесяці адзінак, што не складаюць і трох адсоткаў гадавой вытворчасці. Дамову падпісалі летась: тагачасны кіраўнік ураду ездзіў у тур Нікарагуа – Венесуэла – Куба. З дзвюма апошнімі Беларусь таксама мела крэдытныя кантракты. [...] Хутчэй тут палітычны складнік будзе на першым месцы. Гэта дэманструе, што рэжым працуе, што ён мае пэўныя поспехі на міжнароднай арэне. І ў першую чаргу прыемна электарату будзе пачуць, што дамаўляюцца пра эканамічныя нейкія стасункі», – лічыць кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.
Беларускія вытворцы скарачаюць экспарт у Расею. У мінулым годзе продажы туды тэхнікі МАЗ знізіліся да 89 % аб'ёму 2023 года.
Чыноўнікі прадбачаць, што ў першым квартале сёлета продажы Міністэрства прамысловасці ў Расею знізяцца на 17,5 %. МТЗ і «Белкамунмаш» прададуць 86 % ад абʼёму 2024 года. Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ) экспартуе 85 %, «Амкадор» – 80 %, а «Гомсельмаш» адно 27 % ад леташняга аб'ёму экспарту – гэта на 3/4 менш!
Гэта лічбы з атрыманага «BELPOL» і апублікаванага «Позіркам» пратаколу лютаўскай нарады амбасадара Беларусі ў Расеі Аляксандра Рагожніка. Змяншаюцца экспартныя амбіцыі – але растуць складскія запасы.
«Перакрочылі лінію складскіх запасаў у прамысловасці ў дзесяць мільярдаў рублёў. Гэта шмат – семдзесят пяць адсоткаў ад сярэднемесячнай вытворчасці. У тую ж Расею амаль увесь буйны прамысловы экспарт пастаўляецца за кошт вельмі буйнога субсідавання. Даюцца крэдыты расейскім кампаніям на пастаўкі, субсідуюцца на траціну расейскай стаўкі рэфінансавання», – канстатаваў Віталь Алейнік.
Атрымліваецца, чыстага экспарту, на ўзор гандлю з Еўразвязам, фактычна няма.
Паводле апублікаванага сёння прагнозу Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, на фоне запаволення расейскай эканомікі і правядзення ўнутры Беларусі кансерватыўнай макраэканамічнай палітыкі тэмпы росту валавога ўнутранага прадукту могуць запаволіцца да 1,6 % па выніках года – утрая менш, чым запланаваў урад (4,1 %).
Юлія Цяльпук belsat.eu