Міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў накіраваўся з візітам у Эфіопію. МЗС паведамляе, што Рыжанкоў працаваў над дарожнаю мапаю супрацы, якую, як мяркуецца, падпішуць Лукашэнка ды кіраўнік Эфіопіі.
Разам з Рыжанковым у Адыс-Абэбу выправіліся прадстаўнікі Мінсельгасхарчу і Мінпраму. Паводле беларускага МЗС, у праграме візіту – сустрэчы з кіраўніком замежнапалітычнага ведамства афрыканскай краіны Гедыёнам Тымафэўасам Гэсэбанам.
«З аднаго боку – гэта аўтарытарны рэжым, для якога і расейскія, і беларускія ўлады выглядаюць сваімі, а з другога – развіваць вельмі моцна сувязі і з Пуціным, і з Лукашэнкам рызыкоўна, бо можна трапіць пад санкцыі», – кажа «Белсату» палітолаг і кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.
Эфіопія – краіна на ўсходзе Афрыкі, другая паводле велічыні на кантыненце. Тэмпы росту эканомікі – адныя з самых высокіх у Афрыцы. Зрэшты, яе жыхары жывуць зусім небагата. ВУП на асобу складае 1272 долары ЗША. Для параўнання, у Беларусі гэты паказнік большы ў шэсць разоў – $ 7829.
Асноўныя крыніцы экспарту – прадукты сельскай гаспадаркі ды золата. Імпартуе Эфіопія ў асноўным машынабудаўнічую прадукцыю, паліва, угнаенні.
Палітолаг-афрыканіст Андрэй Рудык кажа «Белсату»: «Эфіопія спрабуе пракарміць сваё насельніцтва. Ворныя землі там ёсць, але неабходна інтэнсіфікаваць працэс вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Таму Эфіопія ў вялікіх колькасцях імпартуе ўгнаенні».
Лукашэнка апошнім часам актыўна шукае кантактаў з Эфіопіяй. Гэтак, летась на саміце BRICS адбылася ягоная сустрэча з прэм'ер-міністрам і фактычна першаю асобаю гэтай краіны Абійі Агамадам Алі. Але пакуль Беларусь нават не мае асобнага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Эфіопіі. Яго зачынілі ў 2018 годзе. Апошнія звесткі пра таваразварот паміж краінамі датуюцца 2021 годам. Тады Беларусь экспартавала ў афрыканскую краіну тавараў на 700 тысяч долараў.
Ян Федаровіч belsat.eu