Дзяржаўны сакратар ЗША заявіў, што закрывае цэнтр барацьбы з дэзынфармацыяй, каб абараніць тых, каго пераследуюць за выказванне меркавання. Прэзідэнт ЗША тым часам атакуе свабоду слова.

Келаг і Руб’ёў заклікаюць Трампа быць больш жорсткім да Пуціна. Але ён слухае не іх
Дзяржаўны сакратар (міністр замежных справаў) Злучаных Штатаў Маркаў Руб’ёў абвясціў 16 красавіка пра закрыццё Цэнтру барацьбы з замежным маніпуляваннем інфармацыяй і ўмяшаннем пры Дзяржаўным дэпартаменце (R/FIMI), былы Цэнтр глабальнага ўзаемадзеяння (GEC). Гэты цэнтр займаўся барацьбой з замежнай дэзынфармацыяй.
Паводле Руб’ёў, за мінулай адміністрацыяй праца гэтага цэнтру каштавала 50 млн долараў на год. Бюджэт цэнтру не публікавалі ў адкрытых крыніцах, але за дзень да публікацыі пастановы Руб’ёў сталася вядома, што ён скасаваў гранты, звязаныя з дэзынфармацыяй, на суму звыш 20 млн долараў, у тым ліку грант «Адказ на дэзынфармацыю праз крэатыўны кантэнт у Беларусі» на 2,4 млн долараў, падобныя гранты для Балгарыі, Малдовы, Узбекістану і іншых краінаў. На што менавіта мелі пайсці гэтыя гранты, невядома: дэталі пра іх не публікаваліся, а апытаныя «Белсатам» беларускія эксперты сказалі, што не чулі пра такі грант для Беларусі.
Паводле заявы Руб’ёў, ЗША «выдаткоўвалі мільёны долараў на тое, каб актыўна замоўчваць і цэнзураваць галасы амерыканцаў, якім яны павінны былі служыць», амерыканцаў «звальнялі з працы, абвінавачвалі і нават саджалі ў турму проста за тое, што яны выказвалі свае думкі». Мільярдэр Ілан Маск, які цяпер фактычна ўзначальвае Дэпартамент эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання (DOGE), у 2023 годзе называў гэты цэнтр «найгоршым у дзяржаўнай цэнзуры ЗША».
Тым часам прэзідэнт ЗША Доналд Трамп даручае пачынаць расследаванні супраць сваіх крытыкаў, пагражае незалежным медыям і спыняе фінансаванне грамадскіх медыяў, замарожвае фінансаванне Гарвардскага ўніверсітэту за ідэалагічную нязгоду, дапускае арышты пратэстоўцаў і не выключае дэпартацыі грамадзянаў ЗША ў турмы ў Эль-Сальвадоры.
Месяц таму Агенцтва ЗША ў справе глабальных медыяў (USAGM) заявіла пра спыненне гранту для радыё «Свабодная Еўропа» / радыё «Свабода» (RFE/RL). Беларуская служба радыё «Свабода» была вымушаная адправіць частку рэдакцыі ў адпачынак у выніку праблемаў з фінансаваннем, а праект «Настоящее Время. Беларусь» прыпыніў трансляцыю. Украінская служба радыё «Свабода» скараціла вяшчанне. Расейская служба радыё «Свабода» спыніла радыётрансляцыю на сярэдніх хвалях і засталася без спадарожнікавай трансляцыі. Праект «Голас Амерыкі» збіраліся закрыць, але ліквідацыю медыя спыніў суд.
Алесь Наваборскі belsat.eu