Супрацоўнікі МУС пачалі наведваць арэндныя кватэры: просяць паказаць дагавор арэнды і цікавяцца, «што вы будзеце рабіць 26 студзеня».
Апошнімі днямі супрацоўнікі актыўна наведваюць арэндныя кватэры ў розных гарадах краіны, паведамляе тэлеграм-канал «МотолькоПомоги». Гэтая практыка пачалася яшчэ ў снежні, а выпадкі фіксуюцца як мінімум у Менску, Магілёве, Мазыры і Бараўлянах.
Варта адзначыць, пішуць аўтары канала, што гаворка ідзе не пра звычайныя праверкі, якія праводзяць участковыя. Цяпер міліцыянты тэлефануюць у дамафоны, імкнуцца трапіць унутр і патрабуюць прад'явіць дагавор арэнды.
Паводле слоў грамадзян, праверкі арэндаваных кватэр праводзяцца мэтанакіравана напярэдадні так званых выбараў. Візіты адбываюцца не выпадкова, а па спісах, у якіх пазначаныя наймальнікі ці ўладальнікі жылля, што раней затрымліваліся або знаходзяцца «пад наглядам».
Акрамя таго, у некаторых выпадках у жыхароў пытаюцца, якія планы ў іх на 26 студзеня 2025 года.
Раман Шавель belsat.eu